Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можа ў Беларусі быць вернуты савецкі парадак выезду за мяжу?


Альгерд Невяроўскі, Менск Падчас існаваньня “жалезнай заслоны” выяжджаць за межы СССР магла толькі невялікая колькасьць савецкіх грамадзянаў, правераных на ляяльнасьць спэцслужбамі ды партыйнымі органамі. Ці магчымае вяртаньне савецкага парадку выезду за мяжу, калі большасьць людзей была пазбаўленая права на свабоду перамяшчэньня, у сучаснай Беларусі? Гэтае пытаньне людзям на менскіх вуліцах задаваў наш карэспандэнт.

(Карэспандэнт: ) “Ці не баіцеся вы, што ў Беларусі можа быць вернуты савецкі парадак выезду за мяжу, калі большасьць людзей была пазбаўленая права на свабоду перамяшчэньня?”

(Хлопец: ) “Не, у наш час гэта немагчыма. У нас свабодная дэмакратычная краіна”.

(Карэспандэнт: ) “А вы як лічыце?”

(Ягоны сябар: ) “Я згодны”.

(Юнак: ) “А я ня згодны. Лічу, што неўзабаве мы гэта будзем мець. У нас і так абмежаваны выезд у іншыя краіны”.

(Спадарыня: ) “Я ня думаю, што будзе забаронены гэты выезд. Калі я захачу паехаць да сваіх родных, то паеду, як і раней. Я магла паехаць да сваіх блізкіх і ў Польшчу, і ў Чэхію”.

(Студэнт: ) “Калі так будзе працягвацца і надалей, то я не выключаю такой верагоднасьці. Цяпер асноўная праблема выезду за мяжу студэнтаў. Нашыя ўлады ў асноўным баяцца так званай уцечкі мазгоў. І гэта перадусім зьвязана з тым, што ў Беларусі вельмі складана знайсьці добрую, годную, высокааплатную працу, нават добрым спэцыялістам. Таму яны зьяжджаюць на Захад і, як правіла, працуюць не па спэцыяльнасьці. Я сам студэнт і два разы спрабаваў выехаць за мяжу, летам на заробкі. Гэта вельмі складана. Трэба шмат розных даведак, а да ўсяго патрэбны дазвол на выезд твайго ўнівэрсытэцкага дэканату. І часьцей за ўсё яны дазволу не даюць”.

(Спадар: ) “Я думаю, што гэтага ня можа быць”.

(Дзяўчына: ) “Можа быць, усё рухаецца ў гэтым кірунку”.

(Спадар: ) “Пры рэжыме Лукашэнкі ўсё магчыма”.

(Дзяўчына: ) “Не, я не баюся, бо не зьбіраюся за мяжу, і для мяне гэта ня так важна”.

(Карэспандэнт: ) “Вы, можа, і не зьбіраецеся, але ці магчымае вяртаньне савецкага парадку выезду?”

(Дзяўчына: ) “Я думаю, гэтага ня будзе, ну бо навошта гэта патрэбна? Я думаю, што, можа, студэнтам абмяжуюць выезд, але астатнім не”.

(Спадарыня: ) “Шчыра кажучы, я вельмі баюся. Муж часта выяжджае за мяжу, і не хацелася б, каб паўтарыліся савецкія часы”.

(Спадарыня: ) “У прынцыпе, усё ідзе ў гэтым кірунку. Дзякуючы палітыцы нашага прэзыдэнта”.

(Дзяўчына: ) “Так, магчыма такое будзе, і гэта вельмі кепска”.
XS
SM
MD
LG