Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Стакгольме ўручылі прэмію “За правільнае выжываньне”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня ў Стакгольме ў часе цырымоніі ўручэньня прэстыжнай ўзнагароды “За правільнае выжываньне” (The Right Livelihood Award), больш вядомай як “Альтэрнатыўная нобэлеўская ўзнагарода”, у якой бралі ўдзел сотні вядомых грамадзкіх дзеячаў, палітыкаў з усяго сьвету, амаль паўгадзіны часу было прысьвечана Беларусі.

Альтэрнатыўную нобэлеўскую ўзнагароду даюць “За дзейнасьць на карысьць плянэты і чалавецтва”, тым, хто “карыстаецца прынцыпам, што кожны чалавек павінен рабіць сваю справу цалкам паважаючы іншых людзей і навакольнае асяродзьдзе”.

Сёлета прэмія – яе памер – 230 тысячаў амэрыканскіх даляраў – прысуджалася 25-ы раз, а яе ляўрэатамі сталі пяцёра праваабаронцаў і эколягаў з Канады, Мэксыкі, Малайзіі і Батсваны.

У часе ўрачыстай цырымоніі ў парлямэнце Швэцыі перад прысутнымі выступіла вядомая швэдзкая журналістка і фатограф Марыя Содэрбэрг, якая расказала прысутным пра гісторыю Беларусі, але таксама і пра цяперашнюю сытуацыю ў краіне, адначасова прэзэнтуючы дзесяткі фотаздымкаў зь Беларусі.

(Содэрбэрг: ) “Таксама як мы, скандынавы, беларусы любяць прыроду. Беларусь – гэта як скарбонка, якую Эўропа, сьвет, павінны адчыніць. На жаль, нягледзячы на тое, што гэтая краіна знаходзіцца ў цэнтры Эўропы, замежнікам ня так проста туды прыехаць. Скажу больш – цяпер мы рызыкуем ніколі не пабачыць гэтую краіну на ўласныя вочы. Беларусь хутка ідзе да таго, чым быў Савецкі Саюз у 1970-я гады”.

У часе прамовы, спадарыня Содэрбэрг закранула, сярод іншага, тэму Курапатаў, палітзьняволеных, зьніклых палітыкаў, перасьледу незалежных мэдыяў і апазыцыі, а таксама выключэньня студэнтаў з ВНУ за грамадзкую актыўнасьць.

(Содэрбэрг: ) “Каб выжыць, у Беларусі трэба вельмі ўважліва сачыць за тым, што робіш. Кожны дзень. Каб, прыкладам, крый божа, не пасварыцца з усемагутнай мясцовай адміністрацыяй, якая нават не выбіраецца народам, а прызначаецца зь Менску”. Марыя Содэрбэрг сказала беларускай “Свабодзе”, што рэакцыя на яе выступ была пазытыўнай – шмат хто з прысутных зьвяртаўся з дадатковымі пытаньнямі ў часе перапынкаў.

Чаму арганізатары вырашылі прысьвяціць столькі часу размове пра сытуацыю ў Беларусі – раней гэта ніколі не рабілася? Гаворыць адзін з арганізатараў цырымоніі, дэпутат швэдзкага парлямэнту Окі Пэтэрсан.

(Пэтэрсан: ) “Такія прамовы вельмі важныя, бо Беларусь дагэтуль застаецца чорнай плямай на мапе Эўропы, дзе парушаюцца асноўныя правы чалавека. Пра гэта трэба размаўляць, каб у сьвеце ведалі, што трэба дапамагаць беларускай грамадзянскай супольнасьці. Тым больш, што ў наступным годзе ў Беларусі адбудуцца прэзыдэнцкія выбары”.
XS
SM
MD
LG