Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці працягнуць чэкавую прыватызацыю жыльля?


Іна Студзінская, Менск У Беларусі ў натарыяльных канторах, у жыльлёвых аддзелах выканкамаў, у Менскім гарадзкім агенцтве па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры - ажыятаж, чэргі людзі займаюць з ночы. Прычына - да канца году павінна завершыцца чэкавая прыватызацыя жытла.

На думку першай намесьніцы дырэктара Менскага гарадзкога агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры Алы Бодзікавай, народу трэба памятаць, што ...

(Бодзікава: ) "Уладзе таксама цяжка спрагназаваць ягоныя паводзіны. Прыватызацыя жытла ідзе, дзякуй Богу, з 1 ліпеня 1992 года. І чалавек меў магчымасьць выкупіць кватэру за цюбік зубной пасты ці за бохан хлеба".

Цяпер жа прыватызацыя абыйдзецца значна даражэй. Да таго ж, з чэргамі, дадатковымі праблемамі. Тлумачыць Ала Бодзікава.

(Бодзікава: ) "З Новага году ў сувязі з Указам прэзыдэнта зьмяняецца прыватызацыя жыльля з выкарыстаньнем набытых чэкаў "Жыльлё". Гэта азначае, што індэксавацца будуць чэкі толькі атрыманыя ў спадчыну, уласныя, а таксама падараваныя сваякамі. Гэта падштурхнула грамадзянаў, якія яшчэ не прыватызавалі свае кватэры, у тэрміновым парадку заняцца гэтай праблемай”.

Эканаміст Міхал Залескі лічыць, што сама ідэя была неблагая. Але мэханізму абарачэньня прыватызацыйных чэкаў няма.

(Залескі: ) "Думка была такая: ёсьць нацыянальнае багацьце. Яно каштуе "N" мільярдаў даляраў. Створана яно сіламі ўсяго беларускага народа. Хай сабе кожны чалавек адпаведна свайму працоўнаму ўкладу, сямейнаму становішчу атрымае сваю долю багацьця, якой распарадзяцца ва ўмовах капіталізм як яму падкажа розум і кансультанты. Розуму ў людзей ніхто не адбіраў. Але спачатку адабралі кансультантаў, а потым адабралі права карыстацца гэтымі рэчамі так, як мае быць. Мэханізмаў абарачэньня прыватызацыйных чэкаў няма. Нагадаю, першы, хто сеў у турму з буйных бізнэсмэнаў, быў начальнік Першага рэспубліканскага інвэстыцыйнага фонду - “ПРІФ”.

А зараз дзяржаўныя чыноўнікі думаюць, як з гэтай няпростай сытуацыі выкруціцца. Эканаміст Міхал Залескі выказаў такі свой прагноз:

(Залескі: ) "Калі мы палічым, колькі маёмасьці ўжо атрымалі людзі за прыватызацыйныя чэкі і за чэкі "Жытло", то паводле заканадаўства, у якасьці грашовай кампэнсацыі трэба выплаціць ім такую суму, якую атрымала палова ў якасьці маёмасьці. А грошай няма на гэта! Гэта сумы ў дзесяткі, сотні мільярдаў. І таму прымаюцца такія меры - напалову, на трэць, каб залагодзіць гэту сытуацыю, каб не даць людзям узьняць голас пратэсту. Але сытуацыю зацягнулі.

(Карэспандэнтка: ) “Ваш прагноз: можа, улады працягнуць гэту прыватызацыю?”

(Залескі: ) “Яе будуць працягваць да выбараў, гарантавана. А пасьля выбараў да наступнага Новага году яе працягнуць, і ўсё".
XS
SM
MD
LG