Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў Беларусі расьце алькагалізм?


Алег Грузьдзіловіч, Менск. Толькі кожны пяты грамадзянін Беларусі вядзе цалкам цьвярозы лад жыцьця, а колькасьць тых, хто знаходзіцца на ўліку як алькаголік штогод павялічваецца. Чаму ў Беларусі не спрацоўвае дзяржаўная праграма барацьбы з алькагалізмам?

Сёлетні рост алькагалізму на 4 адсоткі – не рэкорд. У 2003 годзе колькасьць алькаголікаў павялічылася ажно на 7 %, і ў ранейшыя гады таксама назіраўся рост. Між тым з 2000 году ў Беларусі дзейнічае дзяржаўная праграма прафіляктыкі і барацьбы з п’янствам і алькагалізмам, разьлічаная на 5 гадоў. Адмыслоўцы прызнаюць, што праграмы гэтай аказалася недастаткова, каб пераадолець нэгатыўную тэндэнцыю. Галоўны нарколяг Беларусі Уладзімір Максімчук прапануе прыняць новую, больш жорсткую праграму барацьбы з алькагалізмам яшчэ на 5 гадоў. Але ці спрацуюць захады, якія дагэтуль не прадэманстравалі вялікай эфэктыўнасьці?

Мой суразмоўца Аляксандр дзесяць гадоў таму кінуў піць, але дагэтуль наведвае заняткі ў групе ананімных алькаголікаў пры менскім наркадыспансэры. Ён кажа, што спакуса выпіць яго не пакідае, бо ў любой прадуктовай краме на яго прывабліва глядзяць бутэлькі са сьпіртным.

(Аляксандр: ) “ Трэба, каб алькаголь не так афішаваўся, не так кідаўся ў вочы. Я прыходжу у краму за каўбасамі, а бачу прыгожы вэрмут. Вы ж самі гэта бачыце – у любой краме стаіць сьпіртное на любы смак”.

На ўліку ў Беларусі ўжо 175 тысяч алькаголікаў, яшчэ амаль 60 тысяч патрапілі пад назіраньне нарколяга. Яны складаюць гэтак званую групу рызыкі ці рэзэрву. Адмыслоўцы прызнаюць, што большасьць алькаголікаў вылечыць ня ўдасца, можна толькі паправіць ім здароўе ды ізаляваць на пэўны час ад грамадзтва. Дарэчы, ў лячэбна-працоўных прафілякторыях Беларусі цяпер знаходзіцца амаль тры тысячы чалавек, накіроўваюць туды прымусова. А вось што да групы рызыкі, то на іх, паводле адмыслоўцаў, неабходна узьдзейнічаць больш разнастайнымі мэтадамі. У тым ліку праз пэўныя абмежаваньні ў продажы алькаголю ды актыўную тлумачальную працу.

Між тым абмежаваньні продажу сьпіртовых напояў ды іх асартымэнту ў Беларусі пакуль носяць лякальны характар. Прыкладам, ў Магілёве гарадзкія ўлады забаранілі продаж ў начныя часы танных пладова-ягадных напояў ды напояў, мацнейшых за 12 градусаў. Днямі менскія ўлады абвясьцілі пра намер забараніць продаж танных напояў у начных крамах горада. Гэты мараторый плянуецца ўвесьці да вясны. Але ці спрацуюць гэтыя захады? Шмат хто ставіць іх пад сумнеў. Паводле скептыкаў, побач з начной крамай, дзе забаранілі гандлявалі гарэлкай , абавязкова стануць на вахту дзялкі, якія з-пад крыса прададуць які заўгодна напой.

У 21 год менчук Аляксей Шэін заўважыў сваю залежнасьць ад сьпіртовых напояў і ужо ня верыў, што парве з ёй . Аляксею гэта ўдалося, калі стаў хадзіць ў адну з пратэстанцкіх цэркваў.

(Шэін: ) “Перакананы, што п’янства—гэта праблема ў першую чаргу духоўна-псіхалягічная і вырашыць яе магчыма толькі зьмяняючы самога чалавека знутры і сьвет вакол яго. Адпаведна самі людзі мусяць зьмяняць сьвет вакол сябе. Вырубаючы вінаграднікі альбо выпускаючы меней гарэлкі ці пладовага віна праблему не вырашыш. Вялікую ролю ў гэтым мусяць адыгрываць хрысьціянскія канфэсіі. Гэтак ёсьць ва ўсім сьвеце і дае плён”.

А што думаюць пра намаганьні па барацьбе з п’янствам людзі, якія трывала ужываюць алькаголь?

Павал спажывае сьпіртовыя напоі трыццаць гадоў. Кажа, што ніколі ня быў ў гэтай справе прафэсіяналам, але моцным аматарам – заўсёды. Свой намер працягваць хобі і надалей Павал тлумачыць гэтак.

(Павал: ) “Як кажуць нашы браты-украінцы, людына яка не п’е, альбо хворы, альбо падлюка. Гэтак жывуць яны, гэтак жывем мы, гэтак ўсе жывуць ва Усходняй Эўропе. Выпіць ў нас як паесьці, як паспаць, як заняцца каханьнем”.

Паводле міністэрства аховы здароўя Беларусі ў апошнія гады ўзровень ужываньня алькаголю на жыхара краіны стаў большы за 9 літраў, што нават перавысіла паказчык рэкорднага 1984 года. Між тым паводле Міжнароднай арганізацыі аховы здароўя небясьпечным для грамадзтва ёсьць ужо узровень ў 7 літраў.
XS
SM
MD
LG