Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У рэгіёнах працягваюць скасоўваць падпіску на незалежныя выданьні


Міхал Стэльмак, Менск Беларускія ўлады працягваюць усяляк змагацца з незалежнай прэсай, прыдумляючы ў гэтай барацьбе ўсё новыя мэтады. У Вілейцы ў аўторак праходзіла паседжаньне адміністрацыйнай камісіі мясцовага райвыканкаму. Яна разглядала справу вілейскіх актывістаў дэмакратычнага руху Уладзіміра Малярчука і Мікалая Суслы, якіх у лістападзе міліцыя затрымала за распаўсюд інфармацыйных бюлетэняў пра акцыю салідарнасьці з ахвярамі палітычных рэпрэсіяў.

Гаворыць Уладзімір Малярчук:

(Малярчук: ) “Там запісана тое, чаго не было раней. То бок нам прад’яўлялі абвінавачаньне за распаўсюд газэт без выходных дадзеных. Але ж там выходныя дадзеныя ёсьць. У пратаколе яны дапісалі: нанясеньне ўрону дзяржаве і правам чалавека. Яны мне кажуць, што мы нібыта нанесьлі ўрон дзяржаве словамі, якія напісаныя ў гэтай газэце, што Лукашэнка зачыняе незалежныя газэты”.

Як паведаміў Уладзімір Малярчук, рашэньне па гэтай справе пакуль не прынятае. Разам з тым распаўсюднікаў незалежных інфармацыйных бюлетэняў вілейскія ўлады зьбіраюцца прыцягнуць да адказнасьці.

Працягваюць паступаць зьвесткі пра адмовы дзяржаўных структур распаўсюджваць недзяржаўныя выданьні ў 2006 годзе. Самы сьвежы прыклад зьвязаны з “Газэтай Слонімскай”. Вось што, у прыватнасьці, паведаміў пра гэта яе рэдактар Віктар Валадашчук:

(Валадашчук: ) “Акрамя тых папер, якія мы атрымалі з ваўкавыскага міжраённага аддзяленьня “Гроднааблсаюздрук” пра адмову ад рэалізацыі нашай газэты ў шапіках Ваўкавыску ў 2006 годзе, мы атрымалі таксама адмову і ад слонімскага аддзяленьня “Гроднааблсаюздруку”. Там паведамляецца, што на 2006 год дамова на рэалізацыю “Газэты Слонімскай” падоўжана не будзе. Падставай, як мне паведамілі вусна, хутчэй за ўсё, зьяўляецца скасаваньне дамовы на распаўсюд не толькі “Газэты Слонімскай”, а і іншых газэт, якія патрапілі ў пэўны сьпіс недзяржаўных газэт грамадзка-палітычнага накірунку. Пошта аддае людзям грошы. За гэтыя грошы ім прапануюць падпісацца на “Слонімскі весьнік”. Кажуць, вось вам замена замест “Газэты Слонімскай”. “Слонімскі весьнік” – гэта дзяржаўная газэта, наклад якой у два разы меншы, чым у нас”.

Зьвесткі пра падпісную кампанію на дзяржаўныя выданьні, за якія агітуюць розныя дзяржаўныя структуры, паступаюць з усіх куткоў Беларусі. У некаторых рэгіёнах гэтая кампанія мае рысы прымусовай. Напрыклад, Беларуская асацыяцыя журналістаў распаўсюдзіла ліст старшыні Дзяржынскага райвыканкаму Анатоля Кадзета, у якім той запатрабаваў ад кіраўнікоў усіх прадпрыемстваў раёна ўзяць тут пад кантроль стан падпіскі грамадзян на “Зьвязду”, “Рэспубліку”, “Мінскую праўду”, “Сьцяг Кастрычніка” і іншыя дзяржаўныя выданьні. Каб выканаць гэтае ўказаньне, дзяржынскія кіраўнікі пачалі ціск на падначаленых, каб тыя падпісваліся на дзяржаўныя газэты. Зразумела, што ў некаторых грамадзян такая падпісная кампанія выклікала пратэст. Кіраўнік ідэалягічнага аддзелу Дзяржынскага райвыканкаму Ніна Жэнзерава пракамэнтавала гэта наступным чынам:

(Жэнзерава: ) “У лісьце мы рэкамэндуем ажыцьцявіць ведамасную падпіску, удзяліць увагу, каб былі грамадзкія распаўсюджвальнікі, каб людзям было зручна падпісацца і не больш. Бываюць у гэтага працэса і адмоўныя рысы. Але сказаць, што тут масава некаму на глотку наступаюць, такога няма”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG