Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Еднасьць Нямеччыны і ЗША ў беларускім пытаньні


Алена Струвэ, Менск У часе 50-хвіліннай сустрэчы паміж нямецкім канцлерам Ангелай Мэркель і Дзяржсакратаром ЗША Кандалізай Райс ў аўторак у Бэрліне быў закрануты цэлы спэктар тэмаў, у тым ліку і беларуская. Паводле нямецкіх экспэртаў у пытаньнях Беларусі, агульны інтарэс Бэрліну і Вашынгтону да гэтае краіны ёсьць “пачаткам зьменаў у практычнай палітыцы”. Як падаюць нямецкія мэдыі, “абодва бакі былі аднадушныя ў тым, што Нямеччына і ЗША ёсьць “цеснымі партнэрамі ў шырокім сэнсе слова – як у пытаньнях эканамічнай, так і палітычнай каапэрацыі”.

Большасьць выданьняў зьмясьцілі справаздачу пра прэсавую канфэрэнцыю Кандалізы Райс і Ангелы Мэркель, якая адбылася хутка пасьля 50-хвіліннай размовы. Як падае Berliner Zeitung, на прэс-канфэрэнцыі спадарыня Райс сама ўзгадала “апошняга дыктатара Эўропы”. Дзяржсакратар ЗША заявіла, што нягледзячы на дыктатуру ў гэтай краіне, Захад “спадзяецца на посьпех у Беларусі”. Падобныя спадзяваньні гучалі і непасрэдна ў часе сустрэчы Мэркель і Райс. Як вынікае з прэс-рэлізу нямецкага ўраду (www.bundesregierung.de) пытаньне дэмакратызацыі Беларусі разглядалася ў кантэксьце эўрапейскай палітыкі добрасуседзтва. Як заявіла журналістам Райс, у пытаньнях мірнага працэсу на Блізкім Усходзе, эўрапейскага суседзтва і дэмакратызацыі Беларусі адбыліся вельмі інтэнсіўныя дыскусіі.

Паводле інфармацыі Spiegel-online, “у цэлым склалася ўражаньне, што бакі задаволеныя сустрэчай, нягледзячы на дастаткова цяжкую для яе падставу” (пытаньне турмаў ЦРУ ў Эўропе). Аглядальнікі пішуць таксама пра адкрыты характар нямецка-амэрыканскага дыялёгу. Паводле Berliner Zeitung, “Ангела Мэркель агучыла тое, што ня надта хацела чуць Кандаліза Райс”. Размова ідзе пра канкрэтны скандальны выпадак, калі агенты ЦРУ замест тэрарыста “памылкова скралі” нямецкага грамадзяніна, ліванца паводле паходжаньня Халіда Аль Масры.

Як перадае Deutsche Wellе, гаворачы пра выкарыстаньне нямецкай паветранай прасторы і нямецкіх аэрапортаў дзеля тайных палётаў ЦРУ, канцлер Мэркель заявіла: у барацьбе з тэрарызмам ЗША мусяць прытрымлівацца прынцыпаў прававой дзяржавы. “Мы павінны знаходзіць балянс паміж рашучай барацьбой з тымі, хто пагражае каштоўнасьцям вольнага сьвету і выбарам сродкаў”, сказала ў часе прэсавай канфэрэнцыі кіраўніца Нямеччыны. Спадарыня Мэркель таксама падкрэсьліла, што спадзяецца на далейшае паглыбленьне нямецка-амэрыканскага дыялёгу ў часе сустрэчы з прэзыдэнтам ЗША Бушам у студзені у Вашынгтоне, піша Berliner Zeitung

Камэнтуючы Свабодзе ўчорашнюю сустрэчу ў Бэрліне, вядомы нямецкі дыплямат і колішні кіраўнік місіі АБСЭ ў Менску Ганс-Георг Вік сказаў, што падобнага аднадушша ў падыходах Бэрліна і Вашынгтона даўно не было. Спадар Вік выказаў спадзяваньне, што далейшае супрацоўніцтва паміж Нямеччынай і ЗША, ЭЗ і ЗША, у тым ліку і ў беларускім накірунку, будзе такім жа пасьпяховым як супрацоўніцтва паміж ЗША і АБСЭ ў часе ягонай працы ў Менску.
XS
SM
MD
LG