Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі мультыплікатар правёў онлайн-канфэрэнцыю з Кіева


Паўло Зуб’юк, Кіеў Сёньня у Кіеве адбылася інтэрнэт-канфэрэнцыя зь беларускім мультыплікатарам Алегам Мінічам, які зараз вымушана знаходзіцца ва Ўкраіне. У Беларусі спадару Мінічу, паводле ягоных словаў, пагражае арышт за абразу Лукашэнкі.

Інтэрнэт-канфэрэнцыя адбылася на інфармацыйным сайце “Оглядач”. Пасьля яе спадар Мініч сутрэўся з прадстаўнікамі ўкраінскіх СМІ. Ён адказаў на пытаньні што да прычынаў ягонага вымушанага выезду за мяжу, сытуацыі ў інфармацыйнай прасторы Беларусі, мастацкім жыцьці, падзяліўся ўражаньнямі наконт сёньняшняй інтэрнэт-канфэрэнцыі.

(Мініч: ) “Мне яшчэ цяжка сказаць, якія будуць вынікі гэтае канфэрэнцыі, прынамсі ўкраінская грамадзкасьць крыху больш даведалася пра сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, ў тым ліку і мая сытуацыя. Шмат людзей мне падзякавалі за мультфільмы. Былі, канечне, нядобразычліўцы, якія ўсе пытаньні зводзяць да таго, што ў Беларусі добрыя эканамічныя паказчыкі, пэнсіі, “у вас ёсьць чарка-шкварка, што вы яшчэ хочаце, хопіць з вас і гэтага”. Хачу падзякаваць ўсім людзям, хто падтрымлівае мяне ў гэтую цяжкую хвіліну, хто дасылае лісты, хто прыйшоў на гэтую прэс-канфэрэнцыю. Мне зараз важна любое добрае слова ці парада”.

На канфэрэнцыі таксама прысутнічаў Ўладзімір Казанеўскі, прадстаўнік Украінскае дабрачыннае арганізацыі “Мытэць”, якая зьяўляецца філіялам Сусьветнае арганізацыі па абароне правоў карыкатурыстаў. Ён адзначыў, што ўкраінскія карыкатурысты, якія зараз працуюць без дзяржаўнага ціску, прыкладаюць усіх высілкаў для дапамогі беларускаму калегу.

(Казанеўскі: ) “Сёньня прэс-канфэрэнцыя Алега Мініча, нашага сябры таленавітага мастака зь Беларусі, якога перасьледуюць ў ягонай краіне. Ён малюе вельмі сьмелыя, таленавітыя мультфільмы, ў якіх галоўным героям быў прэзыдэнт Беларусі. Мы ўсхваляваныя гэтым сапраўдным перасьледам чалавека. Хачу адзначыць, што ў нас ва Ўкраіне такога няма. Карыкатурыстаў перасьледуюць у Турцыі, Іране і вось – у Беларусі”.

Напрыканцы Алег Мініч таксама адзначыў, што амаль палова наведвальнікаў ягонае інтэрнэт-канфэрэнцыі былі зь Беларусі. Шмат хто пытаў, калі зьявяцца новыя ягоныя мультфільмы. На гэта мультыплікатар адказваў, што як толькі ўсталюецца ягонае асабістае становішча – ён адразу пачне працу над новымі сэрыямі.
XS
SM
MD
LG