Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэктар БДЭУ адмовіўся сустрэцца з эўрапейскімі амбасадарамі


Радыё Свабода Рэктар Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту Ўладзімер Шымаў адмовіўся сустрэцца з дэлегацыяй паслоў Эўрапейскага Зьвязу, якія мелі намер абмеркаваць з рэктарам сытуацыю, што склалася вакол адлічэньня з ўнівэрсытэту студэнткі Тацьцяны Хома.

Пра гэта паведамляе прэсавая служба пасольства Вялікай Брытаніі. Кіраўнікі дыпляматычных місіяў краінаў Эўразьвязу выказалі занепакоенасьць абмежаваньнем правоў і свабодаў беларускіх студэнтаў. Яны выказалі шкадаваньне з прычыны абмежаваньня свабоды руху, што “супярэчыць міжнародным абавязкам краіны, аб прыхільнасьці якім яна заяўляе”.

Амбасадары выказалі спадзяваньне, што Тацьцяна Хома зможа працягнуць навучаньне ў БДЭУ.

Нагадаем, што Тацяна Хома была адлічаная 24 лістапада з фармулёўкай “за грубае парушэньне ўнутранага распарадку”. Нагодай для адлічэньне стала не санкцыянаваная кіраўніцтвам ўнівэрсытэта трохдзённая паездка ў Францыю для ўдзелу ў зьезьдзе Саюзу нацыянальных студэнцкіх аб’яднаньняў Эўропы. На ім Тацьцяна Хома была абраная адной зь сямі сябраў выканаўчага камітэту арганізацыі на 2006 год.

Гл. таксама • “Мы спыняем сяброўства БДЭУ, пакуль унівэрсытэт ня зможа гарантаваць абароны студэнтаў”
XS
SM
MD
LG