Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Толькі дурань ляпае дзьвярыма


Леанід Дранько-Майсюк, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

Ляпнуць дзьвярыма – гэта значыць, зачыняючы іх, моцна стукнуць дзьверыной аб вушак; стукнуць так, што задрыжыць сьцяна. Калі ж на гэтай сьцяне вісіць самаробная паліца з посудам (а ў 60-я гады мінулага стагодзьдзя такія саматужныя паліцы віселі пры дзьвярах ці ня ў кожнай палескай хаце), то ўмомант утворыцца даволі непрыемны і доўгі мэталёва-шкляны звон. Людзі абураныя, нечым або некім не задаволеныя, пакідаючы сваё або чужое жытло, моцна грукалі дзьвярыма, каб гэтак выказаць сваю незадаволенасьць.

Зрэшты, такое здаралася гады ў рады, а наагул у палескім мястэчку дзьверы за сабой зачынялі ціха, бо так было прынята... У сёньняшнім горадзе, прынамсі ў Менску, мы літаральна штодня адчуваем на сабе дзьвярную кананаду; у сёньняшнім горадзе ні ў сям’і, ні ў школе дзяцей ня вучаць акуратна зачыняць за сабой дзьверы. Увогуле, гарадзкому жыхару (ці ў добрым настроі ён, ці ў нядобрым) няма часу прытрымаць дзьверы, таму скрозь, асабліва ў пад’ездах, грыміць дзьвярыны гром...

У дзяцінстве мяне палохалі вершыкам: Хто ляпае дзьвярыма, Ня будзе спаць начыма... Мне неаднойчы казалі: гэтак рабіць нядобра, некультурна, няможна, нельга! Асабліва ў чужой хаце! На маё наіўнае пытаньне, чаму нельга, павучальна адказвалі: “Толькі дурань ляпае дзьвярыма”.

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал) Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал) Магія мовы: архіў 2005 (3-і квартал)
XS
SM
MD
LG