Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

М.Аўтуховічу прад’явілі абвінавачаньне


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня Мікалаю Аўтуховічу ў турме прад’явілі абвінавачаньне ў прысутнасьці адвакатаў, яно датычыць ухіленьня ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Сьледзтва наблізілася да заканчэньня. Паводле адваката Галіны Івановай, арыштаваны працягвае адмаўляцца ад ежы.

Мікалай Аўтуховіч заявіў, што з увагі на стан здароўя ня можа прачытаць абвінаваўчы акт і як сьлед ўнікнуць у яго сутнасьць. Тады сьледчы Мікалай Аліхвер сам зачытаў тэкст абвінавачаньня.

З пачатку абвяшчэньня Мікалаем Аўтуховічам галадоўкі мінулі 53 дні. Наколькі рэальна выжыць бязь ежы такі працяглы час? Адвакат Галіна Іванова зазначае, што яна ня мэдык і спасылаецца на самога Мікалая Аўтуховіча.

(Іванова: ) “Я магу толькі канстатаваць факт, што ён ужо 53 нават 54 дні не прымае ежу, апроч вады. Як 14 кастрычніка абвясьціў бестэрміновую галадоўку, вось дагэтуль ён у ёй і знаходзіцца”.

Галіна Іванова удакладняе:

(Іванова: ) “Справа ня ў чыста турэмнай ежы, што ён яе ня хоча есьці, а гэта ягоны пратэст супраць незаконнага арышту: ён пісаў, чаму абвясьціў галадоўку. А канкрэтна турэмная ежа ці дамашняя тут ні пры чым, ён на гэтым не акцэнтаваў і нідзе не ўспамінаў, што кепска кормяць, таму галадоўку абвяшчае”.

Што датычыць турэмнай адміністрацыі, дык яна успрымае дзеяньні Мікалая Аўтуховіча як галадоўку, але няпоўную. Напрыклад, намесьнік начальніка турмы Аляксандар Аліеў заявіў, што арыштаваны ужываў мёд і гарбату, а таксама вітаміны. Бацька Аўтуховіча пацьвердзіў, што сапраўды сыну за краты перадавалі мёд.

Былы выкладчык Гарадзенскага мэдунівэрсытэту Сяргей Мальчык сам галадаў за кратамі, куды трапляў за несанкцыянаваныя мерапрыемствы, ён займаўся праваабарончай дзейнасьцю і дасьведчаны ў пытаньні галадовак як акцый пратэсту. Паводле яго, чалавек у спрыяльных умовах можа нават вытрымаць 80-90 дзён бязь ежы, хаця потым ня выключаны лятальны канец.

Што датычыць вітамінаў, дык яны ня маюць пажыўных рэчываў і не зьяўляюцца ежай, зазначае ён, таму галадоўку Аўтуховіча можна лічыць няпоўнай, але гэта — галадоўка. Хаця спадар Мальчык зазначае, што немагчыма рабіць дакладныя высновы, ня бачыўшы галадоўніка, да якога маюць доступ толькі сьледчы ды адвакаты.

***

На волі Мікалай Аўтуховіч тройчы праводзіў галадоўкі пратэсту, самую працяглую — 31 дзень — паўгады таму. Крымінальная справа супраць прадпрымальніка датычыць другой часткі артыкула 243, якім прадугледжана пакараньне — ад трох да сямі гадоў зьняволеньня. Суд можа пры гэтым таксама канфіскаваць маёмасьць.
XS
SM
MD
LG