Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

З кім сустракаўся Аляксандар Мілінкевіч у Гомелі?


Казімер Яноўскі, Гомель У Гомелі кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі А.Мілінкевіч правёў з паўтара дзясятка сустрэчаў з прадпрымальнікамі, рабочымі, студэнтамі, настаўнікамі, прадстаўнікамі пратэстанцкіх грамадаў, беспрацоўнымі.

Асоба Аляксандра Мілінкевіча выклікае інтарэс у розных групаў гараджанаў. Прапаную фрагмэнт запісу сустрэчы кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі з прадпрымальнікамі Цэнтральнага рынку Гомелю, якія распавядалі пра свае праблемы:

(Прадпрымальнік: ) “Я ня ведаю, якім трэба быць чалавекам, каб нас душыць. Чаму за мяжою людзі два-тры гады працуюць без падаткаў, пакуль не зачэпяцца за бізнэс? У нас жа толькі — душыць, душыць, душыць”.

(Прадпрымальніца: ) “На рынку працуюць у асноўным жанчыны. Мы вымушаныя тут быць, каб неяк карміць свае сем’і. Просім, калі ласка, прыслухайцеся да нас. Мы жывём тут, у Беларусі, і хочам тут жыць. І хочам жыць годна”.

(Прадпрымальніца: ) “У яе вышэйшая адукацыя, у мяне вышэйшая. Мы працуем тут да зьнямогі. Месца маё каштуе 950 тысяч на месяц, гэта памер усіх плацяжоў. Хачу ад’ехаць на месяц у санаторый, але ж вымушана плаціць за месца з камэрай захоўваньня 200 тысяч рублёў. Чаму такая высокая плата? Рынак жа ставіць на гэтае месца іншага гандляра і таксама бярэ зь яго грошы. Сьвятла няма, пацукі бегаюць”.

(Мілінкевіч: ) “Я ніколі не пагаджуся з тым, каб чалавек плаціў за кавалак асфальту столькі, колькі плаціцца за камфартабэльны офіс. Гэта поўны абсурд”.

Пасьля гутаркі з прадпрымальнікамі Аляксандар Мілінкевіч сказаў нашаму радыё:

(Мілінкевіч: ) “Паўсюдна адны і тыя ж праблемы. Мы праехалі паўкраіны — і захад, і ўсход. Усюды адно і тое ж. Гэта гаворыць пра тое, што тут не мясцовая нейкая палітыка супраць прадпрымальніцтва, а дзяржаўная. Прадпрымальнікі без прыбытку працуюць. Кажуць, прыйдзе студзень, люты, будуць наагул здымацца. Дзяржава вядзе да зьнішчэньня малога і сярэдняга бізнэсу. Я думаю, што яна наагул хоча забраць увесь гандаль на сябе. Вядома ж, што цэны будуць вышэйшыя. Каму гэта на карысьць? Напэўна, ня простым людзям”.

За дзень Аляксандар Мілінкевіч сустрэўся ля прахадной з рабочымі заводу імя Кірава, з настаўнікамі, прадстаўнікамі пратэстанцкіх грамадаў, жыхарамі вуліцаў Высокая, Луначарскага, якія не задаволеныя пабудаванай ля іх дамоў аўтазапраўкай. Адзінаму кандыдату ад апазыцыі задавалі пытаньні студэнты транспартнага і політэхнічнага ўнівэрсытэтаў.

Адразу скажу, што ня кожная сустрэча Аляксандра Мілінкевіча была аднолькава выніковай. Калі адзіны кандытат пад’ехаў да бажніцы Архістратыга Міхаіла на Рэчыцкай шашы, там вісела аб’ява: царква зачынена, “вядзецца прамыўка столі і сьценаў”. Учора днём такой абвесткі не было.

Я пацікавіўся ў Аляксандра Мілінкевіча: як ставяцца ўлады, міліцыя да ягонага візыту? Ці ня чыняць перашкодаў?

(Мілінкевіч: ) “Мы вельмі ўдзячныя і міліцыі, і КДБ, якія ўвесь час з намі. І сюды, бачыце, прыехалі на мікрааўтобусе. Але не чапаюць, не хапаюць”, — сказаў кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч.

Гамельчукі падзяліліся ўражаньнямі пра Мілінкевіча:

(Малады спадар, вернік: ) “На тыя пытаньні, якія задаваў, я атрымаў адказы. Я бачу глыбокае разуменьне чалавекам сутнасьці справы. Асабіста мне імпануе яго бачаньне праблемаў”.

(Маладая спадарыня: ) “Я вельмі станоўча стаўлюся да такіх сустрэчаў. Яны даюць магчымасьць пазнаёміцца з будучым новым кандыдатам у прэзыдэнты. У краіне пра новых лідэраў няма ніякіх крыніцаў інфармацыі”.

(Спадар сярэдняга веку: ) “Магу сказаць літаральна тры словы: вельмі мужны чалавек, гэты Мілінкевіч. Усіх яму дабротаў. Толькі б ён стаў прэзыдэнтам!”

Увечары спадар Мілінкевіч наведае ў Лядовым палацы хакейны матч паміж клюбамі “Гомель” і “Керамін”. Заўтра ўранку адзіны кандыдат ад апазыцыі скіруецца ў Рэчыцу.

Зьнешнія спасылкі: • Афіцыйны сайт А.Мілінкевіча - milinkevich.org
XS
SM
MD
LG