Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Крыме ад птушынага грыпу загінула каля дзьвюх тысяч хатніх птушак


Іна Студзінская, Менск Міністар аграрнай палітыкі Ўкраіны Аляксандар Бараноўскі заявіў, што ўспышка птушынага грыпу на тэрыторыі трох раёнаў — Джанкойскага, Савецкага і Ніжагорскага — адбылася ад кантактаў хатняй птушкі зь дзікай пералётнай птушкай на возеры Сіваш. І хаця цяпер не курортны сэзон, у Крыме ў санаторыях адпачываюць многія беларусы. Ці адбілася на іхным адпачынку складаная эпідэміялягічная сытуацыя?

Місхорскі санаторый “Беларусь” на 280 месцаў, дзе адпачываюць і лечацца беларускія дзеткі разам з маці, цяпер цалкам запоўнены. Гэта побач зь Ялтай і даволі далёка ад агменю птушынага грыпу. Гаворыць загадчыца аддзелу “Цэнтракурорту” Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта Беларусі Людміла Палікарпава:

(Палікарпава: ) “Пакуль ніякіх пытаньняў не ўзьнікае. Санаторый працуе, як звычайна. Людзі, якім выдзяляюць пуцёўкі на больш позьні тэрмін, хвалююцца. Тэлефануюць, пытаюцца: ехаць — ня ехаць? Ну, як я магу адказаць на гэта пытаньне? А тыя, хто заехаў — што ж, яны ўжо там! Санаторый пакуль працуе ў звычайным рэжыме. Усё спакойна”.

Адміністратарка санаторыю “Беларусь” у Місхоры таксама суцешыла:

(Адміністратарка: ) “У нас усё спакойна. Ды нічога там страшнага няма! Што вы, ня ведаеце, што зноў разьдзьмуваюцца нейкія палітычныя жарсьці? У нас усё нармальна, кормім народ нармальна, усё добра”.

(Карэспандэнтка: ) “І панікі сярод тых, хто адпачываюць, няма?”

(Адміністратарка: ) “Няма ў нас ніякай панікі, і наагул, пра гэта ніхто нічога ня ведае!”

З 3 сьнежня на ўсіх рынках Крыму ўведзеная забарона на продаж хатняй птушкі і прадуктаў птушкагадоўлі. Але забарона пакуль ня тычыцца прадукцыі буйных прадпрыемстваў птушкагадоўлі. Крымскія вэтэрынары лічаць, што сытуацыя на птушкафабрыках спакойная, усё пад кантролем, выконваюцца ўсе захады бясьпекі.

Экс-дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі Ўладзімер Кудзінаў жыве цяпер у Крыме, займаецца бізнэсам, у яго дзьве даволі вялікія птушкафабрыкі.

(Кудзінаў: ) “Панікі няма. Усе птушкафабрыкі, якія знаходзяцца ў Крыме, ужо два месяцы працуюць у асобым рэжыме. Кожны тыдзень мы здаем кроў птушкі на аналізы. Спакойная абстаноўка, таму што закрыты рэжым фабрык. А ўся гатовая прадукцыя ідзе на гігіенічную праверку. Калі выконваць усе нормы, усё будзе ў парадку. Бо агмень заражэньня ідзе ад пералётнай птушкі. А птушка на фабрыках у поўнай ізаляцыі. У кожнае памяшканьне — асобны ўваход, кожная заля, дзе ўтрымліваецца птушка, таксама ізаляваная”.

Беларусь увяла забарону на ўвоз птушкі з Украіны. Украіна стала дваццатай у сьпісе краінаў, адкуль на тэрыторыю Беларусі забаронена ўвозіць прадукцыю птушкагадоўлі. Раней у гэты сьпіс былі ўключаныя Расея, ЗША, Кітай, Казахстан ды іншыя.

***

Парлямэнт Украіны зацьвердзіў указ прэзыдэнта аб увядзеньні надзвычайнага становішча ў Крыме ў зьвязку з успышкай птушынага грыпу. Надзвычайнае становішча было ўведзеная Віктарам Юшчанкам пасьля таго, як пацьвердзілася прычына гібелі болей як дзьвюх тысяч свойскай птушкі. Дасьледчыкі Вялікай Брытаніі і Італіі вызначаюць, ці птушкі ў Крыме мелі той самы вірус, ад якога цягам апошніх двух гадоў загінулі болей як 70 чалавек у Азіі. У Крыме працягваюць масавае зьнішчэньне свойскіх птушак. Ужо забітыя болей як 22 тысячы. Беларусь і Расея ўвялі забарону на ўвоз украінскай птушынай прадукцыі.
XS
SM
MD
LG