Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чаму Беларусь заяўляе пра намер інтэгравацца ў азіяцкія арганізацыі?


Валер Каліноўскі, Менск Падчас візыту ў Пэкін Аляксандар Лукашэнка заявіў, што кітайскае кіраўніцтва падтрымала ідэю сяброўства Беларусі ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Разам з гэтым беларускі кіраўнік нэгатыўна ацаніў пэрспэктывы нядаўна створанай у Кіеве Супольнасьці дэмакратычнага выбару.

Паводле Аляксандра Лукашэнкі, Кітай і іншыя краіны-сябры Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва падтрымліваюць сяброўства Беларусі ў гэтай міжнароднай структуры. А.Лукашэнка мяркуе, што Беларусі выгадна быць у гэтай арганізацыі у ролі назіральніка, паколькі тут фармуецца “магутны цэнтар сілы”, і ад супрацоўніцтва зь ім можна мець “салідныя палітычныя і эканамічныя дывідэнды”.

Беларусь афіцыйна падала сваю заяўку на сяброўства ў ШАС, і прадстаўнікі КНР і Расеі ўжо заявілі аб гатоўнасьці яе разгледзець.

Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва створаная 15 чэрвеня 2001 году, у яе склад уваходзяць Расея, КНР, Казахстан, Узбэкістан, Таджыкістан, Кіргізія. Назіральнікамі зьяўляюцца Індыя, Пакістан, Іран, Манголія. Ці ёсьць сэнс Беларусі далучацца да гэтай структуры? Меркаваньне менскага палітоляга Андрэя Фёдарава:

(Фёдараў: ) “Я, шчыра кажучы, ня бачу вялікага сэнсу, бо ўсё ж хоць гэта і паводле патэнцыялу, асабліва насельніцтва, даволі магутная арганізацыя, але ўсё ж рэгіянальная. І мы да яе маем вельмі ўскоснае геаграфічнае дачыненьне”.

Андрэй Фёдараў зазначае, што ШАС мае перш за ўсё палітычную і вайскова-палітычную скіраванасьць. Сапраўды, адна з асноўных мэтаў дзейнасьці арганізацыі — міжнародная бясьпека і барацьба з тэрарызмам, сэпаратызмам і экстрэмізмам. У Ташкенце заснаваная Рэгіянальная антытэрарыстычная структура ШАС.

(Фёдараў: ) “Яшчэ некалькі гадоў таму беларускае кіраўніцтва неаднаразова заяўляла аб стварэньні нейкага антызаходняга антынатаўскага блёку, вось Менск—Масква—Пэкін, туды ж і Дэлі далучалі, і арабскія краіны хацелі да гэтага прыцягнуць. І можна сказаць, што цяпер мара зьдзяйсьняецца пэўным чынам. Думаю, што гэта больш піяр-акцыя, чым на самай справе нешта выгаднае”.

Былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Саньнікаў зьвяртае ўвагу на тое, што ў ШАС уваходзяць выключна краіны, якія крытыкуюць на Захадзе за праблемы з правамі чалавека.

(Саньнікаў: ) “Я ня бачу вялікіх інтарэсаў Беларусі на тым кірунку. Нацыянальныя інтарэсы Беларусі знаходзяцца ў Эўропе, у супрацоўніцтве з эўрапейскімі дзяржавамі. Тое, што Беларусь адсутнічае там толькі з той прычыны, што ў нас такі рэжым, гэта не ідзе на карысьць ні дзяржаве нашай, ні народу”.

Беларусь павінна была б імкнуцца да сяброўства ў Радзе Эўропы, Эўразьвязе, мяркуе спадар Саньнікаў, а інтэгруючыся ў ШАС, яна яшчэ болей падпадае пад уплыў расейскай замежнай палітыкі.

Аляксандар Лукашэнка ў Пэкіне заявіў пра сваё нэгатыўнае ўспрыняцьце іншай рэгіянальнай структуры, якая знаходзіцца ва Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропе, — Супольнасьці дэмакратычнага выбару, што на мінулым тыдні была заснаваная ў Кіеве шэрагам дзяржаваў. У гэтай арганізацыі, на думку А.Лукашэнкі, няма будучыні. “З чым яны ідуць на Захад, што яны прынясуць? Злачыннасьць, разбой, бандытызм, пакажуць, як трэба захопліваць уладу неканстытуцыйным шляхам”, — заявіў А.Лукашэнка. Менскі палітоляг Андрэй Фёдараў перакананы, што гэтая крытыка таксама сьведчыць пра геапалітычны выбар афіцыйнага Менску на карысьць недэмакратычных азіяцкіх рэжымаў:

(Фёдараў: ) “Гэта ўсё цалкам зразумела. Гэта, магчыма, два бакі аднаго мэдаля. Усё гэта ў рэчышчы сёньняшняй беларускай замежнапалітычнай арыентацыі”.
XS
SM
MD
LG