Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Севярынец заклікае сваіх паплечнікаў трымацца і гартаваць веру й волю


Вінцэсь Мудроў, в. Малое Сітна Полацкага раёну Амаль чатыры месяцы вядомы палітык Павал Севярынец працуе на “хіміі” ў адным з аддаленых куткоў Полацкага раёну. Нагадаем, што ён быў асуджаны на 2 гады абмежаваньня волі за арганізацыю вулічных пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў. Павал уважліва сочыць за палітычнымі падзеямі ў краіне і, у зьвязку з прыняцьцем паправак у Крымінальны кодэкс, заклікае сваіх паплечнікаў, якія яшчэ свабодзе, трымацца і гартаваць веру й волю.

Апошнім часам Павал моцна прастудзіўся, аднак па-ранейшаму ходзіць на працу, не прапусьціўшы з-за хваробы аніводнага працоўнага дня. Вольнага часу ў яго вобмаль, аднак і ў такіх умовах “палітхімік” піша новую кнігу і штодня адказвае на лісты, якія яму шлюць з усяе Беларусі. Апроч таго ён вядзе дзёньнік, у якім рупліва адзначае даты прыезду сваіх сяброў і знаёмцаў. Гаворыць Павал Севярынец:

(Севярынец: ) “Амаль чатыры месяцы я на “хіміі”. Жыцьцё працягваецца, працягваю працаваць. За гэты час мяне наведаў 91 чалавек, прыйшло 94 лісты: праява беларускай салідарнасьці відавочная. Яна відавочная і для тых, хто тут жыве і працуе. Таму хачу запэўніць усіх, хто цяпер рыхтуецца да кампаніі 2006 году: у любым выпадку, хто б не пацярпеў, беларуская салідарнасьць будзе з вамі, вас будуць падтрымліваць. Я цяпер ведаю гэта абсалютна пэўна”.

Трэба, аднак, заўважыць, што за апошнія тры тыдні да асуджанага палітыка ніхто ў адведкі не прыяжджаў.

Павал уважліва сочыць за падзеямі ў краіне, дзеля чаго выпісвае пяць газэт, якія дае чытаць тутэйшым жыхарам, і наракае на тое, што ня мае магчымасьці слухаць Беларускую Свабоду з прычыны адсутнасьці кароткахвалевага прыймача. Паводле Паўла, жыхары Малога Сітна, дзе ён жыве, актыўна абмяркоўваюць папраўкі ў Крымінальны кодэкс, чакаючы, што неўзабаве да іх прышлюць новую партыю “палітхімікаў”. Сам жа Павал, у зьвязку з прыняцьцем згаданых паправак, зьвярнуўся да сваіх сяброў і паплечнікаў з наступнымі словамі:

(Севярынец:) “Гэтыя папраўкі – ператварэньне аўтарытарнай дзяржавы ў таталітарную. Але я заклікаю ўсіх, хто на волі: трымайцеся! Таму што супрацьстаяць страху і дзяржаўнаму тэрору можа толькі вера і воля грамадзтва, якое змагаецца, вера і воля беларусаў, маральнасьць пазыцыі, негвалтоўнасьць нашай апазыцыі, адкрытасьць нашай апазыцыі. І з гэтым трэба ісьці да перамогі ў 2006-м”.
XS
SM
MD
LG