Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Незалежны друк знаёміць чытачоў са зьместам аналітычнага агляду КГБ


Вячаслаў Кулік, Менск Агляд некаторых публікацыяў у сёньняшнім недзяржаўным друку.

“Народная воля” і “БДГ. Деловая газета” сёньня знаёмяць чытачоў са зьместам аналітычнай запіскі Камітэту дзяржбясьпекі “Каляровыя рэвалюцыі на постсавецкай прасторы. Магчымы сцэнар для Беларусі”. Гэтую брашуру атрымалі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Аўтары зь КГБ падрабязна расьпісалі “тэхналёгіі каляровых рэвалюцыяў” у былых савецкіх рэспубліках. Асобная глава прысьвечана сытуацыі вакол Беларусі. “Усюды ворагі!” – такі назоў артыкулу ў “Народнай волі”.

“Цягнікі “Менск – Масква і “Менск – Пецярбург» вывозяць зь Беларусі разумныя галовы”, піша “Народная воля”. Паводле дасьледаваньняў кансалтынгавай групы “Тут і цяпер”, сёньня шмат беларусаў, чые талент і кваліфікацыя незапатрабаваныя на радзіме, знаходзяць працу па-за межамі краіны. Часьцей за ўсё – у Расеі.

Загалоўкі іншых артыкулаў у сёньняшнім нумары газэты “Народная воля”: “Што дала нам ўлада Лукашэнкі?”; аўтар – жыхар гораду Рэчыца Леанід Невар; “Не – інфармацыйнай блякадзе”, калектыўны ліст падпісчыкаў з Брэста; “Хто зь беларусаў паедзе ў Турын на Алімпіяду –2006?”, спартовы камэнтар.

“БДГ. Деловая газета” абмяркоўвае пытаньне: ці патрапіць Беларусь ў сфэру ўплыву буйнейшай ў сьвеце кампаніі па распрацоўцы праграмнага забесьпячэньня Microsoft? “Нашая краіна засталася фактычна апошняй у сьвеце па-за ўвагай карпарацыі”, піша “БДГ. Деловая газета”.

“Камсамолка” сёньня друкуе графік сустрэчаў кіраўнікоў Міністэрства ўнутраных спраў зь насельніцтвам амаль 30 гарадоў Беларусі. Міліцэйскае апытаньне мае на мэце вывучыць грамадзкую думку адносна дзейнасьці сілавога ведамства. Паводле “Камсамолкі”, “міліцыя пайшла ў народ” з 5 па 23-га сьнежня.

Рэгіянальная газэта “Вольны горад” таксама зьвяртаецца да тэмы дачыненьняў народа і ўлады. Расказвае рэдактар Сяргей Няроўны.

(Няроўны: ) “Ёсьць вуснае распараджэньне Чэрыкаўскага райвыканкаму, якое тычыцца паштовай сувязі: усе лісты, што грамадзяне накіроўваюць у адміністрацыю прэзыдэнта і ў Савет міністраў, трэба вымаць і перадаваць у райвыканкам. Ёсьць такое падазрэньне (гэта аўтар Ганна Ўладава удакладняе), што пісьмо пасьля зьнікне. Скаргі ідуць велізарным патокам. І мясцовыя ўлады ведаюць, што можа быць наганяй, Камітэт народнага кантролю нацкуюць з праверкамі ці яшчэ што. Таму яны штосьці спрабуюць зрабіць, каб паменшыць гэты паток хаця б напалову”.

Паведаміў рэдактар газэты “Вольнаы горад” Сяргей Няроўны. Заўтра ў аглядзе Радыё Свабода – рэгіянальны друк Берасьцейшчыны.
XS
SM
MD
LG