Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня Мілінкевіч у Гомелі пойдзе на хакей і ў тэатар


Казімір Яноўскі, Гомель У панядзелак увечары кандыдат ад аб`яднанай апазыцыі Аляксандр Мілінкевіч прыехаў у Гомель і правёў сустрэчу з групай падтрымкі. А сёньня з раніцы спадар Мілінкевіч распачынае сэрыю сустрэчаў з гараджанамі

У рэгіянальным штабе адзінага кандыдата паведамілі, што ў ініцыятараў сустрэчы Аляксандра Мілінкевіча ў студэнцкім асяродку ўніверсітэту транспарту ўзьніклі праблемы. Студэнтаў проста папярэдзілі, што сустрэча з Мілінкевічам будзе апошнім днём навучаньня ва ўнівэрсытэце. Гэта, аднак, зусім не азначае, што ўнівэрсытэцкае начальства наглуха перакрыла шляхі кантактаў адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў Мілінкевіча з тымі, хто хацеў бы бліжэй пазнаёміцца зь ім, задаць пытаньні.

У абласным краязнаўчым музэі, дзе адзіны кандыдат мае намер агледзець экспазыцыю, навуковы супрацоўнік, дэпутат гарсавету Юрась Глушакоў падрыхтаваў невялікі агляд пра помнік і асобу Юзэфа Панятоўскага.

(Глушакоў:) “Калі я дамаўляўся пра гэтую сустрэчу з сябрамі штабу паважанага спадара Мілінкевіча, я пажартаваў: “Я ўсё гэта зраблю, калі мяне не накіруюць у камандзіроўку ў горад Тураў”. Відаць, гэты мой жарт спадабаўся нейкаму афіцыйнаму чыну. І вось учора напрыканцы працоўнага дня мне даслалі накіраваньне ехаць у гарадзкое паселішча Тураў. Я напісаў заяву на звальненьне, бо гэта ня першая перашкода, якая ўчыняецца адміністрацыяй”, - распавёў дэпутат Глушакоў”.

Не сакрэт, што ўладныя структуры ня надта зацікаўлены бачыць Мілінкевіча на заводах, у дамах культуры, у навучальных установах. Пра тое, што робіць штаб апазыцыйнага кандыдата, каб сустрэцца з як мага большай колькасьцю людзей, распавядае сам Аляксандр Мілінкевіч

(Мілінкевіч:) “Гэтая паездка будзе адрозьніваецца тым, што мы ўпершыню пойдзем на такія сур`ёзныя відовішчы, якія тут адбудуцца. Гэта - хакейны матч мясцовай каманды. І таксама пойдзем у тэатар”.

На сёньня таксама заплянаваны сустрэчы з рабочымі, прадпрымальнікамі, духоўнымі асобамі, настаўнікамі. Я пацікавіўся ў лідэра аб`яднанай апазыцыі, якім чынам ён зьбіраецца рэагаваць на просьбы гараджанаў. Звычайна падчас сустрэчаў іх выяўляецца шмат – што трэба ўдасканаліць, палепшыць, вырашыць:

(Мілінкевіч:) “Я спрабую гаварыць праўду. Думаю, што ня трэба спрабаваць перагуляць цяперашняга прэзыдэнта тымі мэтадамі, якімі ён працуе. Людзі сапраўды хочуць чуць праўду, нават калі яна балючая. Людзі хочуць жыць так, каб іхняя годнасьць не прыніжалася. І самае лёгкае, чым можна прывабіць чалавека, гэта казаць – ты хочаш жыць у страху? Нармальны чалавек кажа, што не. А ты хочаш жыць на каленях? Не! А ты хочаш, каб дзеці мелі будучыню?.. Усё ж такі тое, што мы робім, - гэта ёсьць выбар каштоўнасьцяў, а не лепшага кавалка хлеба ці масла зьверху”
XS
SM
MD
LG