Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праз адну дурную галаву – дзесяць здаровых баліць


Леанід Дранько-Майсюк, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

Мы гаворым гэтак часьцей за ўсё тады, калі выказваем незадавальненьне, напрыклад, сваім не зусім разумным кіраўніком, які загадвае нам выконваць нешта недарэчнае, нешта такое, што супярэчыць лёгіцы.

Здараецца ж гэтак гаварыць і ў сям’і, і ў сябрыне, калі зноў жа не зусім разумны ўчынак блізкага чалавека схіляе нас да празьмерна эмацыйнай ацэнкі ягоных паводзін. Дарэчы, празьмерная эмацыйнасьць – рыса ня вельмі добрая, яна сьведчыць перш за ўсё пра нашу разгубленасьць, а разгубленасьць – гэта слабасьць інтэлекту... Зьвярну ўвагу на псыхалягічную “арытмэтычнасьць” выслоўя. Нават самую маленькую сваю непрыязнасьць да чалавека, ад якога залежым сацыяльна або сямейна, мы інтуітыўна павялічваем ня ў два, ня ў тры і нават ня ў пяць разоў, а сама мала ў дзесяць... 10 – лічба дамінантная ў нашым фальклёры і літаратуры. Не прамінуў яе і Віктар Вальтар у сваім рамане “Роджаныя пад Сатурнам”. Вось як у гэтым, надрукаваным у часопісе “Дзеяслоў”, творы праскія студэнты-беларусы абгаворваюць нечаканы ўчынак студэнта Тугоўскага, які быў “...звольнены са стыпэндыі па ўласным жаданьні”: – І хоць бы, дурань, парадзіўся з “Грамадой”, – сказаў Малевіч, – хоць бы даў магчымасьць замяніць яго кім-небудзь зь іншых, але так, каб для нас засталася яшчэ стыпэндыя... Цяпер жа мы аўтаматычна ўсё згубілі. – Сапраўды, як па прыказцы, – сказаў Тамашэвіч, – адзін дурань у ваду камень кіне, а дзесяць разумных выцягнуць ня могуць... Цяпер нельга зусім нічога зрабіць у гэтай справе... Я запярэчу спадару Тамашэвічу: калі захоўваць спакой, то можна зрабіць шмат чаго разумнага ў любой, нават самай нявыкрутнай справе. І ў прыватным, і ў агульнанацыянальным маштабе нам трэба навучыцца спакою, то бок розуму, і тады, адчуўшы сваю інтэлектуальную самастойнасьць, ня будзем штодня нэрвова ўсклікаць: “Праз адну дурную галаву – дзесяць здаровых баліць!”

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал) Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал) Магія мовы: архіў 2005 (3-і квартал)
XS
SM
MD
LG