Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе будзе друкавацца “Газета Слонімская” ў 2006?


Сяргей Астраўцоў, Горадня “Газету Слонімскую” адмаўляюцца друкаваць пасьля Новага году. Галоўны рэдактар грамадзка-палітычнай “Газеты Слонімскай” Віктар Валадашчук атрымаў сёньня адмоўны адказ наконт магчымасьці друкаваць газэту ў Горадні і Слоніме.

На цяперашні момант яна друкуецца ў гарадзенскай друкарні, дырэктар якой Пятро Мітрафанаваў сказаў рэдактару, што газэтную паперу на наступны год завозіць ня трэба. Спадар Мітрафанаў спаслаўся на тое, што яму трэба будзе друкаваць “галоўную газэту краіны” – “Советскую Белоруссию”. Віктар Валадашчук лічыць, што магутнасьць друкарскага варштата дазваляе друкаваць і “Газету Слонімскую”.

Адмоўны адказ даў і дырэктар слонімскай друкарні Анатоль Лагуцік, хаця напярэдадні ён быў ня супраць друкаваць мясцовы штотыднёвік.

Са слонімскага аддзяленьня “Белсаюздруку” рэдакцыі сёньня паведамілі: імі атрыманы сьпіс газэт, якія яны ў наступным годзе ня будуць распаўсюджваць. У гэтым сьпісе і “Газета Слонімская”.

Напярэдадні была спынена падпіска на выданьне ў паштовых аддзяленьнях.

Рэдактар гаворыць, што давядзецца праводзіць падпіску чытачоў у самой рэдакцыі. Праўда, у гэтым разе Віктар Валадашчук прагназуе зьмяншэньне накладу як мінімум на адну траціну.\

Сёньня газэта мае 10-тысячны наклад.
XS
SM
MD
LG