Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады не ліквідуюць сьлядоў вандалізму ў Курапатах (фота)


Альгерд Невяроўскі, Менск Улады пакуль не зрабілі нічога, каб ліквідаваць сьляды акту вандалізму ў Курапатах. Міліцыя адмаўляецца паведамляць, ці вядзецца ў гэтай справе нейкае расьсьледаваньне. Актывісты грамадзянскай ініцыятывы “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты” зьбіраюцца арганізаваць патруляваньне ўрочышча ўласнымі сіламі.

Сёньня раніцай я пабываў на тэрыторыі мэмарыялу. У падземным пераходзе каля Курапатаў па-ранейшаму намаляваная фашыстоўская свастыка з надпісам “Славянскі саюз”; абраз Маці Божай Курапацкай апаганены нацысцкім сымбалем.

Падобныя сымбалі намаляваныя чырвонай фарбай і на іншых курапацкіх помніках. Ніхто нават і не спрабаваў прыбраць гэтых сьлядоў вандалаў. У Курапатах я сустрэў прэсавага сакратара Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Валера Буйвала. Вось як ён адрэагаваў на гэты акт вандалізму:

(Буйвал: ) “Усё гэта ёсьць вынікам антыбеларускай палітыкі, антыбеларускай ідэалёгіі, якая правіць баль на нашай зямлі. Тое, што вандалы імкнуцца зьнішчыць народны помнік, створаны ў Курапатах лес крыжоў, хочуць зьнішчыць нашую памяць — гэта якраз сьведчаньне барацьбы прамаскоўскай акупанцкай улады супраць беларускага народу”.

Валер Буйвал таксама сказаў, што ягоныя аднапартыйцы прыбяруць гэтыя сьляды вандалаў, але спыніць апаганьваньне мэмарыялу, як ён лічыць, можна будзе толькі пры іншай уладзе.

Я спрабаваў высьветліць, ці вядзецца паводле факту вандалізму нейкае афіцыйнае расьсьледаваньне, але ў Бараўлянскім аддзеле міліцыі адмовіліся даваць у гэтай справе інфармацыю. Міліцэйскіх патрулёў у Курапатах я сёньня ня бачыў. Начальнік Бараўлянскага аддзелу жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Валер Вярэнік таксама нічога ня ведаў пра акт вандалізму ў Курапатах:

(Вярэнік: ) “Так, бяспрэчна, калі там зьявіліся такія надпісы, то мы абавязаныя гэтыя надпісы прыбраць. Бо памяць — гэта сьвятое, з памяці нельга зьдзекавацца”.

Але аддзелу жыльлёва-камунальнай гаспадаркі пакуль ніхто не даваў указаньняў прыбраць у Курапатах сьляды вандалаў.

Археоляг Мікола Крывальцэвіч, які першы заўважыў сьляды вандалаў, не чакае, што ўладамі будзе арганізаваная належная ахова мэмарыялу. Ён спадзяецца, што Курапаты абароніць толькі грамадзкасьць:

(Крывальцэвіч: ) “Я думаю, што тут адназначна трэба вырашаць праблему праз стварэньне нейкіх грамадзкіх арганізацыяў, праз стварэньне народнай дружыны. Трэба наладзіць грамадзкае патруляваньне, каб ахоўваць гэтае месца. Я даўно гэта прапаноўваў, але не было сілы зрабіць. Можа, знойдуцца людзі, якія самі пачнуць гэта арганізоўваць”.

Сябры грамадзянскай ініцыятывы “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты” ў гэтую сераду зьбіраюцца прыняць рашэньне, якім чынам можна арганізаваць патруляваньне тэрыторыі ўрочышча.

Фотарэпартаж

















***

Як стала вядома Радыё Свабода. па выніках папярэдняй праверкі, якую праводзіў апэратыўны ўпаўнаважаны Бараўлянскага аддзелу ўнутраных справаў па факце вандалізму ў дачыненьні да мэмарыяльнага знаку “Ад народу ЗША народу Беларусі дзеля памяці”, прынятае рашэньне завесьці крымінальную справу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG