Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканская прысутнасьць у Іраку: каталізатар вайны ці міру?


Юрась Бушлякоў, Прага Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш заявіў днямі, што Злучаныя Штаты ня будуць вызначаць нават прыблізнага тэрміну вываду амэрыканскіх войскаў з Іраку да часу, пакуль ірацкія сілы ня змогуць самастойна забясьпечыць парадак у краіне. Тым часам усё часьцей гучаць галасы тых, хто лічыць, што прысутнасьць амэрыканскіх войскаў у Іраку правакуе паўстанцкія дзеяньні.

Мінулым тыднем Буш выступіў з грунтоўнай прамоваю на тэму вайны ў Іраку. Пасьля гэтага апанэнты амэрыканскага прэзыдэнта скрытыкавалі яго за адсутнасьць стратэгіі вываду войскаў ЗША з Іраку. У прыватнасьці, сэнатар Джон Керы, Бушаў супернік на леташніх прэзыдэнцкіх выбарах, прыводзіў зьвесткі апытаньня, згодна зь якім 80 працэнтаў іракцаў хочуць вываду амэрыканскіх войскаў. На думку Керы, такая лічба сьведчыць, што прысутнасьць амэрыканцаў у Іраку актывізуе паўстанцкія дзеяньні.

У асяродзьдзі амэрыканскай эліты няма згоды што да высноваў, якія трэба зрабіць з праведзеных у Іраку апытаньняў. Джэймз Філіпс, аналітык вашынгтонскага дасьледчага цэнтру “Heritage Foundation”, у інтэрвію нашаму радыё сказаў, што ня лічыць заўчасны вывад войскаў ЗША за вырашэньне ірацкай праблемы.

(Філіпс: ) “Прысутнасьць амэрыканскіх войскаў можа быць своеасаблівым маланкаадводам. Непадрыхтаваны вывад войскаў можа рэзка падарваць здольнасьць ірацкіх уладаў бараніць сваіх грамадзянаў ад нападаў тэрарыстаў. Таму важна, што сваёй прысутнасьцю Злучаныя Штаты падтрымліваюць ірацкія ўлады. Зь цягам часу амэрыканскія вайскоўцы вернуцца дадому, але здарыцца гэта толькі тады, калі іракцы будуць мець сілы, дастатковыя, каб абараніць сябе”.

Філіпс увязвае будучы вывад амэрыканскіх войскаў з посьпехам у Іраку працэсу нацыянальнага прымірэньня.

У сваю чаргу яшчэ адзін суразмоўца нашага радыё – генэрал у адстаўцы, колішні дырэктар Агенцтва нацыянальнай бясьпекі ЗША Ўільям Одам – скептычна ацэньвае магчымасьць паразуменьня паміж асноўнымі этнічнымі супольнасьцямі Іраку. Пры гэтым Одам мяркуе, што выхад амэрыканскіх войскаў пазбавіў бы “Аль-Каіду” падтрымкі ў Іраку, у тым ліку з боку сунітаў.

(Одам: ) “Калі амэрыканскія сілы выйдуць з Іраку, “Аль-Каіда” спыніць сваю дзейнасьць у Іраку. Цяпер “Аль-Каіда” запатрабаваная ў Іраку: суніты разглядаюць яе як саюзьніка, бо “Аль-Каіда” забівае амэрыканцаў і шыітаў. “Аль-Каіда” не пагражала Іраку, пакуль туды не ўварваліся амэрыканскія войскі. Вывад войскаў, я думаю, вельмі хутка пазбавіць “Аль-Каіду” грунту для дзеяньняў у Іраку”.

Одам, аднак, падкрэсьлівае, што спыненьне тэрарыстычнай дзейнасьці “Аль-Каіды” ў Іраку не азначае канца гвалту. На думку Одама, незалежна ад таго, пакінуць войскі ЗША Ірак цяпер або праз 10 гадоў, краіна, праўдападобна, загрузьне ў грамадзянскай вайне. Прычынаю – фактычна невырашальныя рознагалосьсі паміж курдамі, шыітамі й сунітамі – у першую чаргу паміж шыітамі й сунітамі. Хусэйн змог сілаю цэнтральнай улады стрымліваць гэтыя рознагалосьсі. Пасьля зьвяржэньня Хусэйна нутраны канфлікт праявіўся наноў. Паводле Ўільяма Одама, прэзыдэнту Бушу не застанецца нічога іншага, як толькі вінаваціць самога сябе, калі пасьля вываду амэрыканскіх войскаў у Іраку выбухне грамадзянская вайна.
XS
SM
MD
LG