Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскія кіроўцы аўтобусаў пратэстуюць супраць нізкіх заробкаў


Казімер Яноўскі, Гомель Сёньня ў Гомелі а 15 гадзіне некалькі дзясяткаў кіроўцаў аўтобуснага парку №1, пераважна прыгарадных маршрутаў, выйшлі на цэнтральны пляц Леніна.

Кіроўцы аўтобусаў сьцьвярджаюць, што на пляц іх прывяло гаротнае становішча, у якім яны апынуліся нават маючы працу. Гаворыць Андрэй Баранаў:

(Баранаў: ) “Народ сабраўся, каб скласьці ліст, подпісы сабраць і перадаць ліст у Камітэт дзяржаўнага кантролю і прадстаўніку прэзыдэнта ў рэгіёне. Кіроўцы аўтобусаў вельмі не задаволеныя заробкамі, умовамі працы, стаўленьнем да сябе. Даюць нам такія заданьні збору выручкі, што іх нельга выканаць. Ад грашовай выручкі залежыць заробак. Калі ёсьць плянавая выручка, плацяць ад яе ў якасьці заробку 17%. Калі плян ня выкананы, толькі 3%”.

Ягоны калега Сяргей Ісайчыкаў зьвяртае ўвагу на такія акалічнасьці:

(Ісайчыкаў: ) “Лічыльнікі ў нас працуюць, яны паказваюць адно, а пляны — у два разы большыя”.

(Карэспандэнт: ) “Чаму так паступае адміністрацыя аўтобуснага парку?”

(Ісайчыкаў: ) “Яна, відавочна, працуе сама дзеля сябе, каб мець сабе заробак, а мы каб нічога ня мелі. Нас ніхто за людзей не прымае. Атрымліваецца, што мы, кіроўцы, як быдла”.

Не задаволеныя ў аўтапарку і кантрактнай сыстэмай.

(Дзідзенка: ) “Са мною быў спынены кантракт, а я нават ня ведаю чаму. Спагнаньняў няма. З прычыны пляну? Дык пляну ў нас ніхто не выконвае. Усе пляны завышаныя. Як вынік, 250—300 тысяч рублёў атрымліваем. Хіба можна пражыць на такія заробкі?” — ставіць рытарычнае пытаньне нядаўняя кандуктарка аўтапарку Алена Дзідзенка.

Некаторых кіроўцаў адміністрацыя аўтапарку знарок затрымлівала на працы, каб яны спазьніліся на пляц Леніна. Дарэчы, прадстаўнікі дырэкцыі таксама прыехалі на цэнтральны пляц — праўдападобна, сачыць за паводзінамі кіроўцаў.

Намесьнік дырэктара Ўладзімер Каваленка, якога я засьпеў на пляцы, адмовіўся пракамэнтаваць, наколькі абгрунтаваныя патрабаваньні кіроўцаў:

(Каваленка: ) “Я іхных патрабаваньняў ня ведаю”.

На пляц праз колькі часу прыехаў і дырэктар аўтапарку Ўладзімер Хадакоўскі. Ён выслухоўваў патрабаваньні кіроўцаў — і наконт заробкаў, і наконт таго, што кіроўцы на свае грошы вымушаныя купляць некаторыя запчасткі да старых аўтобусаў.

Праз паўтары гадзіны кіроўцы з пляцу Леніна скіраваліся ў рэгіянальны Камітэт дзяржаўнага кантролю, дзе пакінулі ліст з прэтэнзіямі да парадкаў у аўтапарку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG