Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто пагражаў Юліі Ліскоўскай?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Пагрозы на свой адрас пачула жыхарка Менску Юлія Ліскоўская, калі яе выклікалі да начальства на сустрэчу з “супрацоўнікамі КДБ”.

Юлія Ліскоўская працуе доктарам у адной зь менскіх паліклінік. Паводле сваіх палітычных поглядаў яна належыць да дэмакратычнай апазыцыі й мае шмат знаёмых сярод актывістаў незарэгістраванага руху “Зубр”.

5 сьнежня сярод працоўнага дня маладую жанчыну выклікалі ў кабінэт да начальніка, сказалі, што зь ёй “хочуць пагаварыць з КДБ”. Калі Юлія ўвайшла ў кабінэт, начальнік адтуль выйшаў, а ягоныя госьці пачалі размову. Пачутае было нечаканасьцю для спадарыні Ліскоўскай:

(Ліскоўская: ) “Яны адмовіліся назвацца, сказаўшы толькі: “Хіба вы самі не разумееце, адкуль мы”. Свае пасьведчаньні яны перадаць мне адмовіліся, толькі паказалі адно пасьведчаньне здалёк. Але я заявіла, што зь невядомымі людзьмі з вуліцы размаўляць ня буду. Тады пачаліся пагрозы, што я згублю працу і нават мне на галаву “можа зваліцца цагліна”. І што я мушу думаць, з кім я ў жыцьці кантактую ды каму якія даю парады”.

Паводле Юліі Ліскоўскай, калі яна паднялася, каб пайсьці, пачула на свой адрас яшчэ шмат абразаў.

У КДБ Беларусі адмовіліся камэнтаваць гэты факт. Кіраўнік аддзелу ў сувязях з грамадзкасьцю Валер Надтачаеў нагадаў пра права любога грамадзяніна краіны зьвяртацца ў пракуратуру ў выпадку пагрозаў на свой адрас.

Дарэчы, Юлія Ліскоўская сапраўды зьбіраецца зьвярнуцца з заявай у пракуратуру Менску. Таксама яна лічыць рэальнай пагрозу страты працы пасьля размовы з супрацоўнікамі сілавой структуры.

У моладзевым руху “Зубр” адзначылі, што гэта ня першы выпадак, калі на сяброў ці сваякоў актывістаў арганізацыі аказваюць ціск супрацоўнікі спэцслужбаў Беларусі. “Раней яны неаднаразова спрабавалі завэрбаваць нашых актывістаў і прыхільнікаў, а цяпер спрабуюць узьдзейнічаць на іх праз сваякоў”, — пракамэнтаваў выпадак зь Юліяй Ліскоўскай прэсавы сакратар незарэгістраванай арганізацыі “Зубр” Алесь Атрошчанкаў.
XS
SM
MD
LG