Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Белпошта” выключыла з каталёгу і газэту камуністаў “Товарищ”


Любоў Лунёва, Менск Газэту “Товарищ”, якую выдае Партыя камуністаў на чале зь Сяргеем Калякіным, выключылі з падпіснога каталёгу. Газэта папоўніла сьпіс недзяржаўных выданьняў, чытачам якіх улады адмовілі ў падпісцы. Лідэр камуністаў называе гэта “зачысткай” інфармацыйнай прасторы напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Ён лічыць, што трэба ствараць альтэрнатыўную сетку распаўсюду недзяржаўных газэтаў.

Газэта “Товарищ” распаўсюджваецца выключна празь дзяржаўнае прадпрыемства “Белпошта”. Сёньня выдаўцы даведаліся, што газэту выключылі з падпіснога каталёгу. Лідэр партыі Сяргей Калякін лічыць гэта мэтанакіраванай акцыяй уладаў.

(Калякін: ) “Ідзе працэс, калі недзяржаўныя выданьні выключаюцца са сьпісу для распаўсюду сярод насельніцтва. “Товарищ” ня стала выключэньнем. Ідзе “зачыстка” інфармацыйнага поля напярэдадні выбарчай кампаніі 2006 году, бо ўлада ня можа перамагчы адкрытым шляхам. Яна будзе выкарыстоўваць адміністрацыйны рэсурс, адным з мэтадаў якога ёсьць забарона на распаўсюд незалежнай інфармацыі, якую друкуюць недзяржаўныя газэты”.

Сяргей Калякін адным з выйсьцяў у гэтай сытуацыі лічыць стварэньне альтэрнатыўнай сеткі для распаўсюду недзяржаўных газэтаў.

(Калякін: ) “Мы займаемся гэтым, але гэта вельмі доўгі шлях. Ёсьць шэраг пытаньняў, якія трэба вырашыць. Мы будзем распаўсюджваць нашу газэту, нягледзячы на тыя перашкоды, якія нам стварае ўлада. Сёньня мы распаўсюджваем нашу газэту ня толькі па падпісцы, але й шляхам дастаўкі грамадзянам”.

Раней з падпіснога каталёгу на 2006 год зьніклі “Народная Воля”, “Салідарнасьць”, “Наша Ніва”, “Згода”, а таксама шэраг рэгіянальных недзяржаўных газэтаў — “Вольнае Глыбокае”, “IntexPress”, “Бресткий курьер”, “Газета Слонімская”, “Витебский курьер”, “Рэгіянальная газэта” ды іншыя. Дзяржаўнае прадпрыемства “Белсаюздрук” адмовіла спачатку “Народнай Волі” ў распаўсюдзе газэты. Сёньня рэдакцыя “Нашай Нівы” атрымала ліст аб тым, што газэту будуць распаўсюджваць толькі да 1 студзеня 2006 году. Кіраўніцтва “Белсаюздруку” спасылаецца на тое, што газэта нібыта не карыстаецца попытам. Гаворыць рэдактар “Нашай Нівы” Андрэй Дынько:

(Дынько: ) “Гэта поўная брахня. Паспрабуйце ў Менску ў чацьвер увечары набыць у шапіку газэту “Наша Ніва”. Вы дзесяць шапікаў абыдзеце і ня купіце. Незалежныя газэты раскупліваліся адразу, ня трэба дурыць людзям галаву. Мы разумеем, у чым прычына забароны. Цяпер самае галоўнае, каб людзі рознымі шляхамі атрымлівалі незалежныя газэты. Трэба, каб гэтыя газэты выходзілі, нягледзячы на ўсе незаконныя і неканстытуцыйныя забароны”.

Рэдактар “Нашай Нівы” настроены пэсымістычна. Ён лічыць, што стварыць альтэрнатыўную сетку распаўсюду недзяржаўнай прэсы ў сёньняшніх умовах вельмі складана, але гатовы зрабіць свой унёсак у гэтую справу.

(Дынько: ) “Мы б з задавальненьнем у гэтым удзельнічалі, але, на жаль, размовы аб стварэньні альтэрнатыўнай сеткі вядуцца даўно, але сутнасьць праблемы ў тым, што легальнай магчымасьці альтэрнатыўнага распаўсюду няма. Нелегальная сетка распаўсюду — гэта выклік. Калі лідэр беларускіх камуністаў гатовы паўтарыць подзьвіг камуністаў 1920—1930-х гадоў, якія распаўсюджвалі тысячы і дзясяткі тысяч беларускіх выданьняў у Заходняй Беларусі, то, я думаю, што ён зойме ў беларускай гісторыі такое ж ганаровае месца, якое занялі ў ёй Максім Танк, Браніслаў Тарашкевіч ды іншыя выдатныя нашы людзі”.

Старшыня “Белсаюздруку” Міхаіл Падгайны паведаміў Радыё Свабода, што з новага году ў прадпрыемстве адбудуцца зьмены. Паводле яго, ад 1 студзеня з усімі выданьнямі будуць заключацца новыя дамовы аб распаўсюдзе.

(Падгайны: ) “Прынята рашэньне пра тое, што “Белсаюздрук” і “Менсаюздрук” аб’ядноўваюцца ў адно прадпрыемства. Яно будзе працаваць з 1 студзеня і заключаць новыя пагадненьні. Я ня ведаю, хто прымае рашэньні распаўсюджваць, не распаўсюджваць… З 1 студзеня будуць іншыя дамоўленнасьці, а з кім — гэта ўжо іншая справа”.

З 1 студзеня дзясяткі тысяч чытачоў не атрымаюць недзяржаўных газэтаў поштай. Яны будуць пазбаўлены магчымасьці набыць іх у шапіках “Белсаюздруку”. Рэдактары лічаць бессэнсоўным зьвяртацца ў суды на “Белпошту” і “Белсаюздрук”, якія маюць манаполію на распаўсюд друкаваных выданьняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG