Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Як спыніць вандалізм у Курапатах?


Галіна Абакунчык, Менск Цягам мінулага тыдня ў Курапатах было зафіксавана некалькі фактаў вандалізму. Чарговы раз разьбітая лава Клінтана, папсаваныя крыжы, на помніках зьявіліся выявы свастыкі і абразьлівыя надпісы. Ці магчыма гэта спыніць і якім чынам — у людзей на вуліцах Менску цікавілася наша карэспандэнтка.

(Карэспандэнтка: ) “Як можна спыніць вандалізм у Купапатах? Як вы лічыце?”

(Спадар: ) “Ня думаю, што самі людзі будуць хадзіць, патруляваць і лавіць тых, хто гэта робіць. Павінна быць адпаведнае заканадаўства, пэўныя патрэбныя меры мусяць прымаць мясцовыя ўлады”.

(Спадарыня: ) “Культура такая ў людзей, а таму культуру выхоўваць трэба. Павінна быць павага да такіх помнікаў, а калі няма, то гэтак і адбываецца”.

(Спадар: ) “Я чуў, чуў пра гэта, чытаў пра вандалізм. Пэўна, трэба ўзмацніць нарады міліцыі і, магчыма, дружыньнікаў туды паставіць. Трэба нейкае патруляваньне наладзіць”.

(Спадар: ) “На паток гэта, мне падаецца не пастаўлена. Гэта не звычайнае, але ўсё ж такі хуліганства. Гэта недагляд уладаў, гэта без пытаньня, што не дагледзелі, ведаючы, што гэта так званая гарачая кропка. Міліцыя павінная прымаць меры і думаць, а ня мы”.

(Спадарыня: ) “Можа правесьці акцыю, сабраць людзей, правесьці мітынг. Трэба абавязкова перапыніць гэтае злачынства, бо гэта самае сапраўднае злачынства. Гэта зьдзек з нашых продкаў і іх памяцьцю”.

(Спадар: ) “Я нават ня ведаю. Магчыма, варта ўзяць пад ахову гэты аб’ект. А паколькі нашыя ўлады ўзводзілі гэты аб’ект не са сваёй волі, то і ня ведаю, як гэта ўзяць пад ахову”.

(Юнак: ) “Трэба, каб тыя людзі, каго народ выбіраў на ўладу, каб паважалі гэты народ і рабілі ўсё для народу, а не для сваіх кішэняў. І каб улада адпаведна ствілася да людзкіх патрэбаў і памяці”.

(Спадарыня: ) “Гэта вандалізм, калі такое адбываецца. І ня толькі ў Курапатах — усе двары, дамы расьпісаныя свастыкай. Хто гэта робіць? Гэта ўрад, міліцыя павінныя гэта выкараняць. А што мы можам зрабіць?”

(Карэспандэнка: ) “Што трэба зрабіць, каб спыніць вандалізм у Курапатах?

(Спадар: ) “Памяняць уладу”.
XS
SM
MD
LG