Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці паболее ў беларускай эканоміцы кітайскага калярыту?


Ігар Карней, Менск У часе візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай плянуецца падпісаньне шэрагу эканамічных пагадненьняў. Аднак эканамісты падкрэсьліваюць, што Кітай і Беларусь зьяўляюцца ня толькі партнэрамі, а і канкурэнтамі: да абедзьвюх краінаў неаднаразова ўжываліся эканамічныя санкцыі за спробы дэмпінгаваць на міжнародным рынку. Ад жорсткай канкурэнцыі з кітайскімі вытворцамі церпяць на ўласным рынку многія беларускія прадпрыемствы.

Ці не найбольшы страх перад “кітайскай экспансіяй” у прадстаўнікоў беларускай лёгкай прамысловасьці. Супрацоўніца фабрыкі вопраткі “Элема” Галіна Пятрова згадвае, што пасьля леташняга візыту ў Кітай расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна кітайскія тэкстыльныя фірмы практычна легалізаваліся ў Расеі, распачаўшы бескантрольны наступ на Беларусь.

(Пятрова: ) “Калі Пуцін наведаў Кітай, вы чулі, пра якія аб’ёмы імпарту ішла гаворка? Я была ў камандзіроўцы ў Навасібірску і як пачула гэта, то стала вельмі сумна. Калі Кітай будзе ў Расеі, то чаўночным спосабам ён будзе і ў нас. Я працую з Расеяй і ведаю: там адкрываюцца цэлыя кітайскія раёны, цэлыя кітайскія рынкі. Гэта, у сваю чаргу, падсякае і нашых вытворцаў, бо асноўныя пастаўкі ў Беларусь кітайскіх тавараў ідуць менавіта праз Расею. Мы баімся гэтага, аднак захады на абмежаваньне такога прасоўваньня вырашаюцца не на нашым узроўні”.

Менская кампанія “Мальвіна”, якая спэцыялізуецца на вырабе мяккіх цацак, гэтаксама не ў захапленьні ад кітайскіх канкурэнтаў. Кажуць, што беларускі спажывец па-ранейшаму аддае перавагу не высокай якасьці, а нізкаму кошту.

(Прадстаўніца “Мальвіны”: ) “Прысутнічае, натуральна, кітайскі вытворца на нашым рынку. Яны хоць і ў іншай цэнавай катэгорыі, але, па вялікім рахунку, пакупнікоў на сябе адцягваюць істотна. Бо калі паўстае дылема “кошт ці якасьць”, то некаторыя дагэтуль выбіраюць меншы кошт. Але, трэба заўважыць, такая цацка больш прадстаўленая на кірмашах, тады як у цывілізаваным гандлі пераважаюць вытворцы пазнавальных марак”.

Візыт у Кітай Аляксандар Лукашэнка пачаў з наведваньня Касьмічнай карпарацыі навукі і тэхнікі. Кіраўніцтва Беларусі таксама зьбіраецца стаць паўнавартасным сябрам касьмічнага клюбу і менавіта на 5 сьнежня быў заплянаваны вывад на арбіту першага беларускага спадарожніка. З-за тэхнічных праблемаў старт адтэрмінавалі, а спэцыялісты лічаць, што купляць аэраздымкі ў тых жа кітайцаў было б нашмат таньней, чым запускаць і абслугоўваць уласны спадарожнік.

Экспэрт Сяргей Балыкін лічыць: візыт Лукашэнкі ў Паднябесную ў многім тлумачыцца тым, што беларускаму лідэру трэба заявіць пра “мільярд новых сяброў”, а кітайскаму кіраўніцтву важна заняць стратэгічныя рынкі.

(Балыкін: ) “Кітайская і беларуская эканамічная мадэлі падобныя: і ў Кітаі, і ў Беларусі вельмі значная роля дзяржавы ў эканоміцы. Але, адрозна ад Беларусі, Кітай больш разумна і дасканала гэтую мадэль рэалізуе”.

(Карэспандэнт: ) “На якім узроўні з улікам такой спэцыфікі могуць разьвівацца стасункі?”

(Балыкін: ) “Цяжка сказаць, што можа зацікавіць кітайцаў, бо яны імкнуцца рабіць усё самі. Сабекошт іхнай прадукцыі будзе заўсёды ніжэйшы: кітайцаў шмат, а заробкі вельмі невялікія нават па мерках Беларусі. Таму тут можа нават больш палітычны крок, чым эканамічны. Той жа Кітай не заўсёды можа прадаваць тавары на цывілізаваных рынках, бо існуюць палітычныя абмежаваньні, зьвязаныя з парушэньнямі правоў чалавека ў Кітаі. А Беларусь да гэтага ставіцца абыякава. Нашым спажыўцам усё роўна — зробленая нейкая рэч свабодным чалавекам альбо вязьнем калёніі”.

Чым рэальна можа скарыстацца ў Кітаі Аляксандар Лукашэнка — дык гэта досьведам у будаўніцтве эксклюзіўных аб’ектаў. Падчас нядаўняй нарады наконт мэтазгоднасьці будаўніцтва ў Менску тэлевежы Лукашэнка некалькі разоў спасылаўся на Кітай: маўляў, калі б гэта было не патрэбна, навошта тады столькі тэлевежаў узводзяць кітайцы?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG