Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гаўя


Віталь Сямашка, Гаўя, Іўеўскі раён (эфір 1 сьнежня) Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

(Спадар: ) “Ну канечне, прыўкраснае месца ў нас — побач станцыя і аўтобус. І Ленінград, і Масква, і Варшава — едзь куды хочаш, а ў цэнтры Гаўя!”



На пэрон Гаўі, што на баранавіцкім адрэзку чыгункі, я сышоў акурат на 101-я ўгодкі ўтварэньня станцыі. Чыгуначны вакзал у сонечных праменях, сьвежапафарбаваны ды сьвежапабелены — нібы на сьвяточнай паштоўцы. Зь сярэдзіны 16 стагодзьдзя, калі зьявіліся першыя згадкі пра маёнтак Гаўя (назва паходзіць ад рачулкі, што цячэ побач), адміністрацыйна да яго стала адносіліся ад чатырох да сямі навакольных вёсак. У 21 стагодзьдзі яны фактычна зьліліся ў адну мясцовасьць на Івейшчыне, як называюць тутэйшыя землі Іўеўскага раёну. Што прызнае і маладжавая, гожая выканаўца абавязкаў мясцовага мэра Вікторыя Кавальчук.



(Кавальчук: ) “Большасьць супрацоўнікаў Гаўеўскай чыгункі пражываюць у Гаўі, Судрогах, Лубянятах”.

(Карэспандэнт: ) “Гэты трыюмвірат і ёсьць…”

(Кавальчук: ) “…Можна сказаць, Гаўеўшчына! Безумоўна, бяз нашай станцыі ім не было б як жыць”.

За дзень праз Гаўю праходзіць больш як паўдзясятка грузавых ды дзесяць пасажырскіх цягнікоў, самы значны зь якіх “Горадня—Масква” прыпыняецца на дзьве хвіліны. На станцыі выгружаецца жом, як называюць перапрацаваныя буракі, а таксама тэхнічныя солі ды калійныя ўгнаеньні. Ідзе загрузка лесу на Польшчу ды Калінінград. Сярэдні заробак тых, хто працуе на станцыі (а іх каля паўсотні) дасягае 250 даляраў. Плюс прысядзібная гаспадарка. На тых, хто яе ня мае, тут паглядаюць коса. Пэнсіянэрку Тарэсу Францаўну Барадын я сустрэў на падворку ў часе кармленьня гурту чысьценькіх пярэстых парсючкоў.



(Карэспандэнт: ) “Дык колькі ў вас парсючкоў?”

(Кавальчук: ) “Восем і адна сьвінка! У нас пэнсіянэрам няблага, пэнсія своечасова. І Лукашэнка памагае — раней не атрымлівалі па тры месяцы. І заробак калгасьнікам своечасовы. У Гаўі таму цяжка жыць, хто прапівае — няшмат такіх, але е. А хто цьвярозы, можна ўладкавацца ў любым месцы. А чыгунка давязе…”

Сама Тарэса адпрацавала трыццаць гадоў кантрольным майстрам на льнапункце — у гэтым годзе, як зазвычай, тут засьціртавалі 700 тон ільнотрасты. Зрэшты, для сямі соцень гаўеўцаў ва ўмовах сёньняшняй Беларусі магчымасьці знайсьці працу, як кажуць, на месцы, бадай, неабмежаваныя, кажа сакратарка сельсавету Марыя Бібліс.

(Бібліс: ) “У нас тут ёсьць дзе працаваць — лён нарыхтоўваюць, база раённая “Сельгастэхнікі”, “Заготзерно”, хімцэнтар, асфальтавы завод. Беспрацоўных у нас на Гаўі няма, нават сваіх працаваць не хапае — проста Амэрыка, а ня Гаўя!.. Мама, апрані спадніцу і зойдзеш — людзі сядзяць!”

Гэта зазірнула, як тут кажуць, пацікаваць на гасьцёў гаўеўская даўгавечніца — 78-гадовая цётка Стася, якая хутка зьявілася ў поўным сьвяточным убраньні, што засталося ад вірлівай маладосьці.



(Цётка Стася: ) “Некалі я вясельлі рабіла, у гаспадыні хадзіла — старалася добра. І казалі: Стася, давай пасьпяваем песьню!

Дзяўчынанька, шуміць гай — А хто верна любіць, не забывай! Дзяўчынанька, адчыні — Хоць жа маё сэрцанька павясялі… Я й ня буду начаваць, Пасяджу мінутаньку — пайду спаць. Прасядзелі да зары, Пакуль стала сьветленька на двары…”

(Бібліс: ) “Баба старая, скажы, як раней працавалі людзі — ад зары да зары ў калгасе, ані выхадных, ані прахадных. Не было часу піць…”

(Цётка Стася: ) “Хачу да Лукашэнкі зьезьдзіць”.

(Карэспандэнт: ) “Чаго да Лукашэнкі?”

(Цётка Стася: ) “Пэнсія малая. Ведаеце, як мы кармілі болей за дваццаць гадоў цялятаў — ані нядзелі, ані сьвята, ні на сход, нікуды! А мой муж інвалід быў, паранены…”

(Бібліс: ) “Ён быў паранены, і матка рабіла за яго і за сябе, вось і пэнсію асобна малую атрымала. У гады вайны ахвяравалі, але і цяпер ахвяруюць, калі хочаце ведаць. Я так жыву сярэдне, але мы працуем, як валы. І дзьве каровы, дзьве сьвіньні маю, чацьвёра дзяцей — во так хапае!”

У часе нашай размовы прысутнічаў і старшыня Лідзкай аб’ яднанай філіі БНФ Уладзімер Круцікаў, які ў пярэдадзень Дзядоў, калі адбывалася вандроўка, прыехаў дагледзець магілкі сваякоў. Калісьці ён працаваў інжынэрам-тэхнолягам “Райсельгасхіміі”, што таксама месьцілася ў Гаўі. Безумоўна, не абышлося без размоваў на палітычныя тэмы.

(Карэспандэнт: ) “Эўрапейцы, расейскія дэмакраты, наша апазыцыя кажуць, што жывем ва ўмовах дыктатуры. Як на вас гэта адбіваецца, якога б ціску ад улады не хацелі мець?”

(Круцікаў: ) “Адкажу даволі проста. Падаткі, напрыклад — калі ня змогуць іх вытрымліваць ільнапункт, асфальтавы завод, сельгастэхніка, людзі застануцца бяз працы. Ад улады залежаць падаткі на дадатковы кошт, аб’ёмы працы і тое, што адбіваецца ў мясцовы бюджэт. Вы заўважце, што ўсе гэтыя падаткі мясцовыя прадпрыемствы плацяць так, як у Лідзе, Іўі, але пры гэтым, заўважце, колькі тут людзей, якія аб’ёмы вытворчасьці! Калі мы хочам захаваць Беларусь, я перакананы ад душы, тыя інвэстыцыйныя фірмы, прадпрымальнікаў трэба ўвогуле вызваляць ад падаткаў. Каб засвойвалі гэтую мясцовасьць, заставаліся тут. Таму што калі ўсё насельніцтва сьцягнем у мэгаполісы, аграгарадкі…”

(Бібліс: ) “Калі аграгарадкі, дык вёскі нашы адамруць! Уся моладзь пойдзе ў аграгарадок, хто ў нашай вёсцы жыць будзе?! Школы будуць пустыя, жыцьцё замрэ — усё!”

Сярод іншага, спытаўся я ў сакратаркі сельсавету Марыі Бібліс:

(Карэспандэнт: ) “Марыя Станіславаўна, магчымасьці для росту людзкога, вытворчага патэнцыялу ў Гаўі ёсьць, ці гэта мяжа?”

(Бібліс: ) “Ужо хіба мяжа. У нас, па большасьці, узрост сярэдні, на нашых людзей тут і так зашмат”.

Пацьверджаньне сказанаму знайшоў літаральна побач. Восем гадоў таму, на Каляды, Баранавіцкая чыгунка здала ў Гаўі для чыгуначнікаў чатыры дамкі, у якіх пасяліліся сем’і начальніка, майстра, інжынэра-мэханіка ды электрамэханіка станцыі. Я ў гасьцях у электрамэханіка — Аляксандра Бальцэвіча, патомнага чыгуначніка.



(Бальцэвіч: ) “Гэта сэрца станцыі. Цяпер пераходны працэс, са старых мала хто працуе, засталася адна моладзь, 25—30—35 гадоў максымум. І з Гаўі не зьяжджаюць. Дамкі здаваліся пад ключ — водаправод, тэлефон, ванна, прыбіральня. Стаў мэблю і жыві толькі”.

У хаце завіхалася жонка, Галіна Бальцэвіч, якая паміж хатнімі справамі адрэкамэндавалася:

(Галіна: ) “У нас беларуская базавая школа, працую намесьнікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, даглядаю мужа зь дзіцём. У школе 38 дзяцей, выкладаю беларускую мову і літаратуру”.

(Карэспандэнт: ) “А што гаворыце наконт таго, што бел-чырвона-белы сьцяг і Пагоня зьніклі?”

(Галіна: ) “Нічога не гаворым. А цяпер час такі, ёсьць кіраўнік краіны, ідэалягічная работа вядзецца па поўнай праграме. Піце чай!”

(Карэспандэнт: ) “Галіна Іосіфаўна, як вы думаеце, беларушчына выжыве пасьля ўсяго?”

(Галіна: ) “Бе-зу-моў-на! Куды ж яна дзенецца?! Мусіць жыць Беларусь, да гэтага імкнёмся. Было горш — выжывалі. У гарадах мо ня так, а вёска мову яшчэ як трымае! Дзецям вельмі цяжка на расейскай мове. Іхная радзіма тут, першыя словы пачуюць — і толькі беларускія. Дзеці больш любяць мову беларускую, чым расейскую — на самай справе”.

Пераходжу кладаўе праз рачулку Гаўю і апынаюся перад хатай 55-гадовага рамонтніка Адольфа Станіслававіча Сьмільгіна. Ён толькі выйшаў на пэнсію і, кажа, патрапіў зь пекла ў пекла. Ягоная хата знаходзіцца ў нізіне, куды праз трубу, закладзеную ў дарожны грунт аж ад савецкага часу, сьцякае бруд з усіх хатаў, што на вышыні. Тлумачыць Адольф Станіслававіч:

(Сьмільгін: ) “Там, дзе тры домікі, дрыгва была. Пабудавалі, дык паглядзі, на маім участку цяпер стаіць. Не магу нічога зрабіць — поўнасьцю з усёй Гаўі вада цячэ сюды. Рамантавалі дарогу, кажу, хлопцы, зрабіце — а, трэба ўручную рабіць… А самому дзе ты выцягнеш трубу, трэба тры-чатыры чалавекі, бо шэсьць мэтраў даўжыня…”

Гаворка лягічна перацякае ў абмеркаваньне ўлады.

(Сьмільгін: ) “Ну што, пэнсію даў, а потым зноў цэны падняліся. Сапраўды, каб стабільныя цэны былі, а так… Не, ну ў вярхах прыціснуў, міністры сядзяць па струнцы”.

(Карэспандэнт: ) “Думаеце, яны пасьля гэтага пра народ падумаюць?”

(Сьмільгін: ) “Ён сваё выжымае, каб яшчэ прэзыдэнтам сядзець. Мне ўжо, пэнсіянэру, як ёсьць дык ёсьць — во моладзі іншая справа, прыціснута ўсё…”

Чакаем цягніка разам зь сябрам Партыі БНФ Уладзімерам Круцікавым. Яшчэ адно прыемнае ўражаньне ад Гаўі — абвесткі пра расклад руху пастаянна гучаць толькі па-беларуску, іншай мовы ніхто тут не патрабуе. Дзелімся ўражаньнямі ад вандроўкі:

(Карэспандэнт: ) “Звычайна, калі невялікі пернік кінулі, дык людзі трымаюцца за яго з апошніх сіл, але ў Гаўі гэтага, нібыта, не адчуваецца”.

(Круцікаў: ) “Не-а, ніякім разам! Людзі тут найбольш вольныя. І заўваж: з намі тут гаварылі на беларускай мове. І не саромеліся — гаварылі тое, што думалі. І на выбарах тут у 1994-м перамог Пазьняк, 64 адсоткі”.

(Карэспандэнт: ) “Як думаеш, Мілінкевіч можа паўтарыць гэты посьпех на Гаўеўшчыне?”

(Круцікаў: ) “Вельмі проста. Яны прагаласуюць, але іх могуць падтасаваць. Яны ня маюць цяжару саветызму, які ляжыць на калгасьніках — усё-ткі чыгунка ёсьць чыгункай. Ляноты, дураты няма, працуюць, недзе падрабляюць. Гэта свайго роду местачковая шляхта. Яны навучыліся жыць”.
XS
SM
MD
LG