Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Любляне пачне працу штогадовы саміт кіраўнікоў МЗС АБСЭ


Алена Струвэ, Менск На сустрэчы будзе абмяркоўвацца самае шырокае кола пытаньняў, уключна з рэфармаваньнем гэтае структуры. Замежныя аглядальнікі прагназуюць вострыя дыскусіі паміж заходнімі краінамі, з аднаго боку, і Расеяй, Беларусьсю, з другога, па пытаньні правядзеньня вольных выбараў. Саміт працягнецца два дні, Беларусь на ім прадстаўляе намесьнік міністра замежных справаў Аляксандар Міхневіч.

Венская газэта Der Standard прыводзіць меркаваньні амэрыканскіх і эўрапейскіх дыпляматаў, выказаныя напярэдадні адкрыцьця саміту: Расея канчаткова “дыскрэдытуе сябе, калі ў Любляне разам з такімі “аўтарытарнымі сябрамі як Беларусь, Узбэкістан, Туркменістан складзе меншасьць ў пытаньні значэньня вольных выбараў”.

Паводле шэрагу эўрапейскіх інфармацыйных агенцыяў і выданьняў, у пятніцу АБСЭ выказала сваю заклапочанасьць у зьвязку той сытуацыяй, якая назіраецца ў Беларусі напярэдадні маючых адбыцца прэзыдэнцкіх выбараў. Арганізацыя бясьпекі і супрацоўніцтва крытыкуе адпаведныя зьмены ў беларускім крымінальным кодэксе, якія ў выніку “могуць прывесьці да грубых парушэньняў шэрагу прынцыпаў і абавязацельстваў АБСЭ, прынятых Беларусьсю”. Як піша аўстрыйскае выданьне Kurier, “рэжым Лукашэнкі пасьлядоўна парушае правы чалавека, робіць ціск на дысыдэнтаў і незалежныя выданьні, імкнецца фальсыфікаваць чарговыя выбары”.

Як падае Der Standard, у Любляне ЗША і большасьць эўрапейскіх краінаў будуць зарыентаваныя на жорсткі дыялёг. Заходнія дыпляматы маюць намер выказаць свае прэтэнзіі, ў тым ліку, і расейскаму боку што да пазыцыі ў назіраньні за выбарамі ў былых постсавецкіх краінах.

Тым часам, пішуць аглядальнікі, Масква і Менск абвінавачваюць АБСЭ за тое, што арганізацыя "сканцэнтраваная на падзеях, якія адбываюцца на ўсходзе ад Вены - месца яе штаб-кватэры” і раяць АБСЭ назіраць таксама і за выбарамі ў Заходняй Эўропе. Аўстрыйскія мэдыі спасылаюцца на апошняе інтэрвію міністра Сяргея Лаўрова "Российской газете": “Неабходна “перагледзець саму філязёфію БДІПЧ, перш за ўсё, ў галіне назіраньня за выбарамі", сказаў напярэдадні Люблянскага саміту кіраўнік расейскага МЗС.

Як падаюць аўстрыйскія аглядальнікі, Расея ня хоча адмаўляцца ад свайго ўплыву ў былых постсавецкіх краінах. Некалькі дзён таму Der Standard са спасылкай на расейскага палітоляга пісаў, што Масква ўсяляк “паспрабуе пашкодзіць працы назіральнікаў АБСЭ за выбарамі ва Ўкраіне і Беларусі”.
XS
SM
MD
LG