Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Віцебску пратэстуюць супраць зьнікненьня газэты з шапікаў


Браніслава Станкевіч, Віцебск Віцебская філія "Саюздруку" адмовілася распаўсюджваць недзяржаўную газэту "Віцебскі кур"ер". Жыхары горада распачалі акцыю пратэсту супраць уціску незалежнага выданьня.

Прычыны, паводле якіх “Віцебскаму кур"еру" адмовілі, адміністрацыя "Віцебскаблсаюздруку" патлумачыць не схацела, зазначыўшы, што пра гэта было паведамлена рэдактару газэты і што больш нікога скасаваньне іхняе дамовы ня тычыцца. Аднак рэдактар газэты Уладзімер Базан атрымаў пісьмовае паведамленьне без аніякіх тлумачэньняў.

Паводле спадара Базана, цягам мінулага месяца яму некалькі разоў даводзілася весьці перамовы з мясцовым прадстаўніцтвам “Белсаюздруку”, і пэўнасьці ў пазыцыі дзяржаўных распаўсюднікаў не было: то яны пагаджаліся распаўсюджваць “Віцебскі кур”ер”, то адмаўляліся. У рэшце рэшт на адрас рэдакцыі прыйшоў ліст, дзе было засьведчана, што “Віцебскаблсаюздрук” касуе дамову з газэтай у аднабаковым парадку, і з 1-га студзеня 2006-га году яна ня будзе прадавацца ў шапіках Віцебску і Віцебскай вобласьці.

Газэта мае наклад 6 тысяч паасобнікаў, і, паводле словаў рэдактара Уладзімера Базана, палова накладу ідзе падпісчыкам, а другая – паступае ў шапікі. Газэта выходзіць 2 разы на тыдзень, і кошт падпіскі на адзін месяц – 7 тысяч рублёў. Абласныя дзяржаўныя газэты таньнейшыя: яны выходзяць 3 разы на тыдзень, і падпіска на месяц каштуе 4 тысячы 600 рублёў.

Так што падпісацца на “Віцебскі кур”ер” для кагосьці, можа, і задорага. Прынамсі, апытаныя мною мінакі пераважна набываюць гэтую газэту. І зьвесткі пра тое, што з новага году рабіць гэта яны больш ня змогуць, сталіся шмат для каго зь іх непрыемнымі навінамі.

(Карэспандэнтка:) “Ці чытаеце вы газэту “Віцебскі кур”ер”?”

(Спадар:) “Так, чытаю”.

(Карэспандэнтка:) “Вы яе выпісваеце ці купляеце?”

(Спадар:) “Купляю”.

(Карэспандэнтка:) “А ці ведаеце, што з новага году яе ўжо нельга будзе набыць у шапіках?”

(Спадар:) “Не, ня ведаю. Будзе шкада, бо там шмат карыснай інфармацыі: і навіны, і пра моладзевае жыцьцё”.

(Дзяўчына:) “Там праўду, мусіць, болей за іншыя газэты, друкуюць!”

(Карэспандэнтка:) “А вы ведаеце, што яе неўзабаве перастануць прадаваць ц шапіках “Белсаюздруку?”

(Дзяўчына:) “Не, ня ведаю. Гэта ня слушна, я лічу, бо мусіць быць раўнапраўе. І самі людзі мусяць выбіраць, мусяць арыентавацца ў жыцьці. Яны ня могуць глядзець вакол толькі цераз ружовыя акуляры, як усё ідэальна. Бо так не бывае ні ў адной дзяржаве!”

(Спадарыня:) “Думаю, гэта няправільна: доступ да інфармацыі ў людзей мусіць быць, і нягледзячы на тое, што гэта недзяржаўная газэта, яна ўсё адно мусіць паступаць у продаж!”

(Дзяўчына:) “У нас атрымліваецца так, што нам навязваюць пэўныя меркаваньні, і мы мусім ва ўсё гэта верыць”.

(Карэспандэнтка:) “І вы верыце?”

(Дзяўчына:) “Я – не! У гэтай газэце пішуць праўду, а праўды ніхто ня любіць”.

(Карэспандэнтка:)” І з гэтае прычыны “Віцебскі кур”ер” не пускаюць у продаж?”

(Дзяўчына:) “Я думаю, што так".

У апошнім нумары “Віцебскага кур”еру” зьмешчаны адкрыты ліст чытачоў, якія не задаволеныя тым, што недзяржаўную газэту ўціскаюць . Яны расцэньваюць гэта як парушэньне ўласных грамадзянскіх правоў на атрыманьне незаангажаванай інфармацыі прапануюць іншым жыхарам горада таксама пісаць лісты пратэсту ва ўсе адпаведныя інстанцыі. Пад гэтым зваротам падпісаўся таксама вядомы на Беларусі праваабаронца Валеры Шчукін.

(Шчукін:) “Я мяркую, што кожны горад і кожны раён мусяць мець як мінімум адну газэту з альтэрнатыўнай думкай. У Віцебску была адзіная такая недзяржаўная газэта – гэта “Віцебскі кур”ер”, я чытаю гэтую газэту, імкнуся не прапусьціць ніводнага нумару. Таму і паставіў свой подпіс у абарону гэтае газэты.

Яшчэ адна вядомая ў Віцебску асоба, распаўсюднік незалежнага друку Барыс Хамайда таксама гатовы дапамагчы “Віцебскаму кур”еру” дайсьці да чытачоў.

(Хамайда:) “Я лічу, што гэта паказьнік слабасьці рэжыму – калі ён змагаецца з газэтамі. Можа, не столькі, колькі мог распаўсюдзіць “Белсаюздрук”, але я таксама магу распаўсюджваць гэтую газэту. Я заўжды гатовы “падставіць плячо”!”

Спадар Хамайда кажа, што ён гатовы часткова выконваць функцыі “Віцебскаблсаюздруку” – распаўсюджваць і “Народную Волю”, і “Нашу ніву”, і “Віцебскі кур”ер”, ад якіх гэтае прадпрыемства адмовілася. Хаця за гэтую дзейнасьць яго неаднаразова затрымлівалі і нават штрафавалі.
XS
SM
MD
LG