Лінкі ўнівэрсальнага доступу

698 беларусаў выйгралі ”green card”


Іна Студзінская, Менск З сьнежня завяршылася падача заявак на ўдзел у лятарэі ”green card” (віду на жыхарства ў ЗША). Штогод Дзярждэпартамэнт ЗША прадстаўляе 50 тысяч “green cards” жадаючым жыць і працаваць у гэтай краіне. “Green card” дае магчымасьць легальна жыць і працаваць у ЗША, заставацца грамадзянінам сваёй краіны, узяць з сабою сям’ю. Што прыцягвае беларусаў шукаць лепшага жыцьця за акіянам, высьвятляла Іна Студзінская.

Тыя, каму будуць выдадзеныя “green card”, абіраюцца на падставе выпадковага альгарытму, шляхам правядзеньня лятарэі. Узрост, прафэсія, сацыяльнае паходжаньне, нацыянальнасьць, веданьне мовы значэньня ня маюць. Гэта шанец, толькі ўдача. Сёлета са сьпісу краінаў, якія ўдзельнічаюць ў лятарэі, выключаныя Расея і Польшча. Беларусь ў сьпісе ёсьць.

У 2005 годзе 698 чалавек зь Беларусі атрымалі паведамленьні, што ім пашанцавала, і яны атрымаюць “green card”. Летась – 925, у 2003 годзе “green card” выйгралі 925 беларусаў. Ну а ўдзельнічалі ў лятарэі некалькі сотняў тысяч суайчыньнікаў. Што вабіць маладых беларусаў у лятарэі? Мая першая суразмоўца – супрацоўніца рэклямнай агэнцыі Вольга.

(Вольга: ) “Для кожнага чалавека гэта даволі натуральна шукаць лепшай долі, імкнуцца да большага. Але ў нашай краіне ўсё цяжэй дамагчыся нейкіх посьпехаў. Там нашы разумовыя магчымасьці больш каштуюць, і значна больш запатрабаваныя. Людзі, якія зьяжджаюць туды на ўмовах “green card”, маюць магчымасьць адаптавацца да таго грамадзтва, мець тыя самыя правы.

Дызайнэр Людміла запоўніла анкету ў перадапошні дзень, 2 сьнежня. Яна сказала, што падштурхнула яе прыняцьце дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў паправак у Крымінальны кодэкс.

(Людміла: ) “Ад нашай дзяржавы, ад нашай краіны ўжо ня ведаеш, што чакаць. Калі ты рэгіструесься на гэтым сайце – “green card”, гэта азначае, што праз год толькі будуць вядомыя вынікі. Я сама нават зарэгістравалася, таму што ня ведаю, што праз год мяне тут будзе трымаць у Беларусі. Гледзячы на тое, што зараз адбываецца, мне нават жахліва становіцца. А моладзі ў Амэрыцы можна вельмі добра прабіцца. Калі ты любіш працаваць, там такая схема працуе, што можна прабіцца: ад якога-небудзь прыбіральшчыка стаць ўладальнікам сеткі рэстарацыяў ці казыно. Гэта ж Амэрыка, амэрыканская мара, якая працуе. А ў нас, ня ведаю, што працуе. У нас усё наадварот”.

ЗША – краіна эмігрантаў. Зараз там жыве каля 4-х мільёнаў выхадцаў з краінаў былога СССР. Многія вельмі добра ўладкаваліся, працуюць па спэцыяльнасьці. Дарэчы, некалькі гадоў таму green card выйграла ўнучка легендарнага Пятра Машэрава. Яна з сям’ёй жыве цяпер у Чыкага.

Ну а хтосьці не прыжываецца ў чужой краіне, вяртаецца. Распавядае фотамастак Ганна.

(Ганна: ) “Амэрыка – гэта не мая краіна. Я чалавек творчы, і гэта ўсё ня тое. Людзі вельмі сквапныя, эгаістычныя, матар’яльна “зацыкленыя”. І потым, працуючы ў рэстаране, я ня была задаволеная тым, што я раблю. Таму вярнулася. Мне тут значна цікавей. Вярнулася, і не скарджуся. Мне тут больш падабаецца”.

Ну што ж, кожны выбірае для сябе… Чарговы розыгрыш лятарэі – вясной 2006 году. Па прагнозах, каля тысячы беларусаў зноў можа пашанцаваць.
XS
SM
MD
LG