Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы ў Варшаве пратэставалі разам з азэрбайджанцамі


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Беларусы, якія жывуць у Варшаве, узялі ўдзел у дэманстрацыі прадстаўнікоў азэрбайджанскай апазыцыі каля пасольства гэтай краіны ў польскай сталіцы. Паводле беларусаў-удзельнікаў акцыі, яны спадзяюцца таксама і на падтрымку азэрбайджанцаў у часе прэзыдэнцкіх выбараў, што адбудуцца ў наступным годзе ў Беларусі.

Прадстаўнікі азэрбайджанскай дыяспары ў Польшчы патрабавалі правядзеньня паўторных парлямэнцкіх выбараў, бо тыя, што адбыліся месяц таму, паводле іхнага меркаваньня, прайшлі са шматлікімі парушэньнямі выбарчага заканадаўства, таму цяперашні парлямэнт краіны – нелегітымны. Гаворыць Хіджран Аліева з азэрбайджанскага інфармацыйнага цэнтру ў Польшчы.



(Аліева: ) “Нашыя сябры зь Беларусі, украінцы, а таксама палякі – прадстаўнікі, у тым ліку і прафсаюзу “Салідарнасьць”, мы ўсе разам патрабуем правядзеньня паўторных выбараў у Азэрбайджане. Тое, што тут ёсьць беларусы – вельмі важна. У нас ёсьць шмат агульных праблемаў - мы разам мусім змагацца за свабоду слова”.

Каля амбасады Азэрбайджану выразна былі відаць бел-чырвона-белыя сьцягі. Гаворыць адзін зь беларусаў-удзельнікаў акцыі Антось Цялежнікаў са Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі.

(Цялежнікаў: ) “Перадусім мы хочам паказаць, што мы салідарныя з азэрбайджанскім народам, зь ягонымі памкненьнямі жыць у вольнай і дэмакратычнай краіне”.

Спадар Цялежнікаў кажа, што ў наступным годзе хутчэй за ўсё ў Польшчы і іншых эўрапейскіх кранах трэба будзе ладзіць масавыя акцыі пратэсту, калі афіцыйныя вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ня будуць адпавядаць міжнародным стандартам. І тут беларусы разьлічваюць на падтрымку тых, каго сёньня падтрымліваюць яны.



(Цялежнікаў: ) “Ужо цяпер на нашыя акцыі прыходзяць і азэрбайджанцы і ўкраінцы, і таму мы таксама іх падтрымліваем – ня можам не прыйсьці”.
XS
SM
MD
LG