Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Лукашэнка ідзе тым самым шляхам, што і Слобадан Мілошавіч”


Тацяна Поклад, Вільня У Літве палітыкі працягваюць камэнтаваць прынятыя ў пятніцу ў Беларусі папраўкі да Крымінальнага кодэксу. Літоўскі парлямэнтар Эмануэліс Зінгерыс заявіў, што Лукашэнка ідзе шляхам, які можа скончыцца міжнародным Гаагскім трыбуналам.

Эмануэліс Зінгерыс, сыгнатар Акту аб незалежнасьці Літвы, цяпер у Сойме ачольвае падкамітэт палітыкі суседзтва, і зьяўляецца сябрам соймавай дэлегацыі у Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы. У Сойме ён належыць да апазыцыйнай фракцыі “Саюзу айчыны” (кансэрватары, хрысьціянскія дэмакраты і партыя былых палітвязьняў), таксама працуе у парлямэнцкай групе “За дэмакратычную Беларусь”. Э.Зінгерыс заявіў сёньня, што “для трох балтыйскіх краінаў пазыцыя адносна дыктатуры Лукашэнкі і падтрымка беларускіх дэмакратаў зьяўляецца меркаю нашай уласнай свабоды і дэмакратыі”.

Літоўскі парлямэнтар сказаў нашаму радыё:

(Зінгерыс:) “Думаю, гэта лягічны крок для Лукашэнкі, у працяг парушэньняў усіх канвэнцыяў адносна правоў чалавека і дэмакратычных свабодаў. Шкада, што ў гэтым удзельнічае і афіцыйная Масква. Расейская Дума амаль у той самы час прыняла закон, накіраваны супраць грамадзкіх арганізацыяў, хай сабе і не настолькі у стылю Мусаліні, як у Беларусі.

Але ўсё разам гэта сынхранізаваны адказ на разьвіцьцё дэмакратыі ў рэгіёне, гэта супольны рух у адваротны бок ад усяго дэмакратычнага сьвету. Мы жывем у пэрыяд постсавецкага рэваншу. Усе СМІ ў Беларусі, якія кантралююцца рэжымам, робяцца бастыёнам супраціву дэмакратыі і правам чалавека.

Лукашэнка думае, што будзе доўга кіраваць, але ён ідзе тым самым шляхам, што і Слобадан Мілошавіч, які цяпер стаіць перад трыбуналам у Гаазе.

Беларуская ўлада сама арганізуе правакацыі, каб абвінаваціць дэмакратычны рух. На кангрэсе дэмсілаў я бачыў сотні інтэлектуалаў, гэта людзі, адказныя за свае дзеяньні, не радыкалы і не правакатары. Тая атмасфэра мне нагадала сваім ўздымам часы Саюдзісу. Гэтыя людзі ў такіх цяжкіх умовах здолелі абраць адзінага кандыдата, Аляксандр Мілінкевіч прыяжджаў у Літву і меў тут сустрэчы з нашым прэзыдэнтам, у парлямэнце, і мы ўсе бачылі, які гэта разумны, інтэлігентны чалавек.

Мы не прызнаем беларускі парлямэнт і кіраўніка дзяржавы і падтрымліваем усе санкцыі Эўразьвязу супраць уладаў, якія тэрарызуюць сваю краіну. Хутка гэтыя санкцыі будуць такія, што Лукашэнка перастане насьміхацца зь іх. І мы абвесьцім як мага шырэй прозьвішчы ідэолягаў – мікра-гебэльсаў, -- як людзей, якія ўчынілі ідэалягічнае злачынства, якое цяпер пераходзіць на ўзровень крымінальнага. Беларускі рэжым ідзе да таго, каб быць перакваліфікаваным у крымінальны”.
XS
SM
MD
LG