Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“А.Саньнікаў: цемрашальства, якое адбываецца ў Беларусі, ўжо становіцца небясьпечным для грамадзтва”


Алесь Дашчынскі, Менск Прадстаўнікі беларускай апазыцыі заклікаюць міжнародную супольнасьць належным чынам адрэагаваць на прыняцьце Палатай прадстаўнікоў палітычных паправак у Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь.

Міжнародны каардынатар “Хартыі 97”, былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Саньнікаў назваў гэтыя папраўкі, у тэрміновым парадку прапанаваныя кіраўніком Беларусі і ўхваленыя Палатай прадстаўнікоў, крымінальнымі.

(Саньнікаў: ) “І адпаведную адказнасьць за тое, што спрабуюць унесьці ў Крымінальны кодэкс Беларусі, павінны несьці ўсе. І я лічу, што ёсьць магчымасьць, напрыклад, у міжнароднай супольнасьці належным чынам адрэагаваць на гэта. Мы ведаем, хто стаіць за гэтымі папраўкамі, і можна, напрыклад, прыняць рашэньне аб міжнародным ордэры на арышт грамадзяніна Лукашэнкі і адпаведнай адказнасьці ўсіх тых, хто распрацоўваў і прымаў гэтыя папраўкі”.

Андрэй Саньнікаў лічыць занадта слабымі прапановы з боку некаторых апазыцыянэраў пра ўвядзеньне візавых санкцый у дачыненьні да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.

(Саньнікаў: ) “Дапамогуць больш жорсткія меры, таму што тое, што робяць улады - тое цемрашальства, якое адбываецца ў Беларусі, ужо становіцца небясьпечным для грамадзтва ў Беларусі. Таму, так званыя кропкавыя санкцыі не дапамогуць вырашыць сытуацыю. Больш сур’ёзныя павінны быць санкцыі міжнароднага характару”.

Сустаршыня беларуска-расейскай грамадзкай праваабарончай камісіі Рады ў правах чалавека пры прэзыдэнце Расеі, генэрал Валеры Паўлаў лічыць, што прыняцьце паправак неўзабаве стане тэмай абмеркаваньня на камісіі ў Маскве. Паводле спадара Паўлава, цяперашнія падзеі ў Беларусі адсунуць на значны час прыняцьце так званага саюзнага канстытуцыйнага акту.

(Паўлаў: ) “Хоць там Сухарэнка кажа, што нельга параўноўваць з 1937 годам, я лічу, што сытуацыя яшчэ значна горшая. Сёньня забаронена фактычна ўсё. Трэба прымаць меры, каб на нейкім міжнародным узроўні вось гэтаму ўсяму абсурду была дадзеная капітальная ацэнка і ня проста ўжо на словах”.

Генэрал Паўлаў лічыць ухваленыя папраўкі відавочным абмежаваньнем канстытуцыйных правоў і зьдзіўляецца маўчаньню старшыні Канстытуцыйнага суду Беларусі.

(Паўлаў: ) “Людзі баяцца згубіць уладу і ідуць на ўсё. Я ня ведаю, што яшчэ засталося такое, каб дыхала. Сёньня атрымоўваецца, што нельга праўду сказаць”.

Сябра палітрады дэмсілаў Аляксандар Бухвостаў лічыць, што міжнародная супольнасьць мусіць адрэагаваць санкцыямі, каб паставіць афіцыйны Менск у пэўныя рамкі.

(Бухвостаў: ) “Павінны быць самыя жорсткія міжнародныя санкцыі, я лічу, асабліва да тых, хто прыняў гэтыя папраўкі ў Крымінальны кодэкс. Таму што пытаньне заключаецца ў тым, што ў адной з краінаў поўнасьцю ліквідуюцца ўсе магчымасьці рэалізацыі істотных правоў чалавека”.

Тое, што Палата прадстаўнікоў ухваліла палітычны законапраект, ужо нікога не зьдзіўляе, лічыць былы міністар працы Аляксандар Сасноў. (Сасноў: ) “Таму што Палата – гэта канцылярыя пры адміністрацыі прэзыдэнта. І туды падбіралі такіх людзей, якія толькі такое і могуць прыняць. Тым больш, што гэта ўнёс іхні бацька. Тое, што рэжым прымае такія праекты сьведчыць пра тое, што рэжым вельмі перапалоханы той сытуацыяй, якая склалася ў краіне. Яму трэба ўседзець ва ўладзе, але грамадзтва, відаць, не падтрымлівае гэтыя намаганьні ў той меры, каб быць спакойнымі”.

Паводле спадара Саснова, ухваленыя папраўкі прывядуць да ўзмацненьня напружанасьці ў грамадзтве.
XS
SM
MD
LG