Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы акт вандалізму ў Курапатах – на помніках зьявіліся свастыкі і надпісы “За Русь” (фотарэпартаж)


Ганна Соусь, Курапаты Ва ўрочышчы Курапаты ўчынены чарговы акт вандалізму. Невядомыя вандалы размалявалі чырвонай свастыкай абраз-капліцу “Маці Божай Курапацкай усіх нявінна расстраляных”, мэмарыяльны знак памяці загіблых габрэяў і мусульманаў і курапацкі камень на пагорку. Чырвонай фарбай абліты і мэмарыяльны знак “Народу Беларусі ад народу ЗША дзеля памяці”.

Першым пабачыў фашыстоўскія свастыкі ў Курапатах археоляг Мікола Крывальцэвіч, які сёньня прыйшоў ва ўрочышча, каб адрамантаваць крыжы, якія на гэтым тыдні паламалі невядомыя вандалы. Найперш ён заўважыў, што свастыкай размаляваныя сьцены падземнага пераходу, які вядзе ва ўрочышча. Разам са спадаром Міколам бачым на сьцяне пераходу таксама і сатанінскія знакі і надпісы.

(Крывальцэвіч: ) “Зайшоў у тунэль і адразу бачу, што размаляваны ўвесь тунэль фашыстоўскімі знакамі. Знакі суправаджаюцца надпісамі “За Русь”, “Славянскі Саюз”. І далей абраз. Які стаіць ля вялікага Курапацкага крыжа, на ім таксама намаляваны чырвонай фарбай фашыстоўскі знак”.

Разам зь Міколам Крывальцэвічам мы падыходзім да абраза-капліцы, якую вырабіў мастак Аляксей Марачкін, і заўважаем, што апроч самога абраза свастыка нанесеная на саму капліцу, там намаляваныя таксама лічбы 14 і 88. Далей мы рухаемся да мэмарыяльнага знаку “Народу Беларусі ад народу ЗША дзеля памяці” – гэтак званай лавы Клінтана, якую 15 студзеня 1994 году ўсталёўваў у Курапатах прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан падчас візыту ў Беларусь. Мэмарыяльны знак абліты чырвонай фарбай. На пачатку гэтага тыдня невядомыя вандалы павалілі лаву Клінтана, аднак у чацьвер нехта паставіў пліту на ранейшае месца.

Вышэй на курапацкім пагорку яшчэ сьляды вандалаў – вялікая свастыка на курапацкім камені, зь якога раней скралі памятную шыльду. З адваротнага боку каменя надпіс па-ангельску “White power” – “белая ўлада”. За дзесяць мэтраў ад каменя памятны знак, усталяваны летась у памяць расстраляных у Курапатах габрэяў і мусульманаў, выраблены з граніту з пастамэнта ад помніка Сталіну на Кастрычніцкай плошчы. На ім - вялікая чырвоная свастыка і надпісы “Славянскі саюз” і “За Русь”.

Мой суразмоўца археоляг Мікола Крывальцэвіч разам зь Зянонам Пазьняком браў удзел у раскопках у Курапатах, а таксама ў цырымоніі адкрыцьця амэрыканскага мэмарыяльнага знаку ў 1994 годзе.

(Крывальцэвіч : ) “Мне цяжка сказаць, хто гэта зрабіў, таму што я ня ведаю моладзевых арганізацый такога тыпу. Але, безумоўна, гэта тыя, хто супраць і ўсяго беларускага, і нацыянальнага адраджэньня, супраць таго, каб памяць пра Курапаты адраджалася. А калі гаварыць пра тое, што Курапаты – безабаронныя, дык пра гэта шмат казалася. Курапаты абараніць можа толькі сама грамадзкасьць, самі людзі, арганізаваўшы ахову і вартаваньне мэмарыялу”.

У аддзеле ўнутраных справаў Бараўлянскага раёну ня ведалі пра чарговы акт вандалізму ў Курапатах, але сказалі, што сёньня абавязкова дашлюць апэратыўную брыгаду ва ўрочышча. Аднак пазьней карэспандэнту Радыё Свабода патэлефанаваў супрацоўнік Бараўлянскага аддзелу міліцыі, які прадставіўся Анатолем Станіслававічам. Ён выказаў незадаволенасьць тым, што супрацоўнікі міліцыі гэтага аддзелу даведаліся пра вандалізм у Курапатах ад Радыё Свабода.

(Міліцыянт: ) “Павінны паведамляць людзі, якія адказваюць за гэта, а не карэспандэнты Радыё Свабода. Для гэтага ёсьць нейкая ўлада, ёсьць узаконены мэмарыял, ёсьць райвыканкам. Яны мусяць глядзець за гэтым мэмарыялам і паведамляць у міліцыю. Мы будзем разьбірацца, хто там чым займаецца на гэтых Курапатах. Вам усё роўна ніхто не распавядзе, якія мы прымем рашэньні, мы паведамім гэта каму неабходна”.

Сваё прозьвішча і пасаду супрацоўнік Бараўлянскага райаддзелу міліцыі назваць адмовіўся.

На гэтым тыдні ў Курапатах ужо былі акты вандалізму. Былі паламаныя каля 10 крыжоў, паваленая на зямлю лава Клінтана, скрадзеная памятная шыльда з курапацкага каменя і нанесеная свастыка на абраз-капліцу “Маці Божай Курапацкай усіх нявінна расстраляных”. Вінаватыя ў вандалізме ў Курапатах ніколі не былі знойдзеныя і пакараныя.







Фота Міколы Крывальцэвіча
XS
SM
MD
LG