Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск пакуль што застаецца бяз помніка бульбе


Іна Студзінская, Менск Сёньня ў Менску на праспэкце Пераможцаў (былым праспэкце Машэрава), каля рэстарану “Тракцір на Паркавай” меўся адкрыцца помнік бульбе. Камэрцыйная фірма “БелТур”, рэстаран “Тракцір” і фірма вытворчасьці чыпсаў “Патэла” выдаткавалі сродкі, маладыя скульптары зрабілі праект, помнік ўжо адлілі з бронзы. На 14-ю гадзіну 3 сьнежня каля “Тракціру” была прызначаная імпрэза, запрошаныя журналісты, грамадзкасьць. Але сёньня менчукі на меркаваным месцы ўбачылі аб’яву са словамі прабачэньня – “адкрыцьцё помніка пераносіцца на няпэўны тэрмін”.

Зь ідэяй усталяваць помнік бульбе ўжо другі год выступае ўрадавая газэта “Рэспубліка”. Было некалькі публікацыяў, зваротаў да народу. Народ быццам бы ідэю ўхваліў – прынамсі так сьцьвярджаюць журналісты. Увесну ў інтэрвію Радыё Свабода карэспандэнт “Рэспублікі” Мікалай Васькоў сказаў, што будзе абвешчаны збор сродкаў на помнік – каб ён стаў народным, конкурс на лепшы праект. І што ў жніўні-верасьні, да заканчэньня збору ўраджаю, помнік бульбе будзе ўсталяваны… Але ідэя журналістаў “Рэспублікі” так і засталася ідэяй.

Два тыдні таму камэрсанты абвясьцілі, што помнік бульбе гатовы і ў першую суботу сьнежня на праспэкце Пераможцаў будзе ўсталяваны. Даведаўшыся пра гэта, журналісты “Рэспублікі” абурыліся і напісалі ліст-пратэст старшыні Менгарвыканкаму: маўляў, іх ідэю скралі, і камэрсанты наагул ня маюць права ўсталёўваць помнікі ў горадзе.

Распавядае намесьнік галоўнага рэдактара газэты “Рэспубліка” Сяргей Міховіч.

(Міховіч: ) “Гэта ж не на кухні, каля кухара яны ўсталёўваюць, а на тэрыторыі гораду. Атрымліваецца, што ні Менгарвыканкам, ніхто пра гэта ня ведаў, а яны ўжо праанансавалі. Калі пра гэта даведаліся мы, канешне ж, мы нагадалі, што ёсьць ідэя, ёсьць адпаведныя праекты, ёсьць ідэалягічная падстава. І высьветлілася, што ў іх няма ніякіх дазволаў, па-другое, яны нахабна скралі ідэю і чыста ў кулінарных мэтах вырашылі яе ўвасобіць на праспэкце Пераможцаў”.

Наконт аўтарства ідэі можна, канешне, спрачацца. Якіх толькі помнікаў няма ў сьвеце: і салёнаму гурку, і селядцу, і плаўленаму сырку. Дый помнікаў бульбе ў адной толькі Расеі ўжо некалькі… А вось што спадар Міховіч меў на ўвазе пад ідэалягічнай падставай помніка бульбе, можна толькі здагадвацца… Але акрамя размоваў, ніякіх рэальных захадаў па ўвекавечаньні “другога хлеба” беларусаў “Рэспубліка” так і не рабіла. Сёньня раніцай Менгарвыканкам у катэгарычнай форме забараніў адкрыць помнік бульбе. Адзін з арганізатараў праекту Аляксей Міхайлін, безумоўна, расчараваны, але не губляе аптымізму.

(Міхайлін: ) “Помнікі павінны перш за ўсё ўпрыгожваць горад і распаўсюджваць станоўчую энэргію. Пры поглядзе на помнік настрой у чалавека павінен абавязкова ўздымацца. Наш помнік вельмі сымбалічны: ён сымбалізуе сувязь з гісторыяй. Ня проста гэта помнік бульбе, а ён зьвязаны з гісторыяй, і мы павінны быць бульбе ўдзячныя. Але я перакананы, што калі-небудзь ён будзе абавязкова ўсталяваны”.

Энтузіясты хацелі ўпрыгожыць скульптурай-бульбінай шматлюднае месца на праспэкце Пераможцаў. Скульптура ўяўляе сабой бронзавы клубень прыкладна паўтара мэтра на мэтар, абраны ад сярэдзіны па сьпіралі. Побач – іншыя малыя архітэктурныя і скульптурныя кампазыцыі. І наўрад ці той помнік бульбе камусьці б перашкаджаў. А газэта “Рэспубліка” са сваім грандыёзным праектам няхай бы ўсталёўвала так званы народны помнік

Тым больш, што ў кожнага скульптара сваё ўяўленьне пра помнік бульбе. Уладзімер Жбанаў, чые скульптуры ўпрыгожваюйць Міхайлаўскі сквэр, Камароўку, лічыць, што помнікаў можа быць некалькі.

(Жбанаў: ) “Я зрабіў бы вялізную глыбу вышынёй мэтраў 8, шырынёй мэтраў 20, гузаватую, як мэтэарыт. А зь яе б тырчэлі вялізныя – мэтраў па 5 – сьцёблы, і на іх такія “разгорнутыя” кветкі. А яшчэ гэта можна было б зрабіць з чыгуну, ён бы заржавеў і надаў бы яшчэ больш натуральны такі колер бульбе...”

Рок-музыка Лявон Вольскі да ідэі ўвекавечыць бульбу ставіцца з гумарам, хоць з выбарам нацыянальнага сымбалю ня згодны:

(Вольскі: ) “Я ня ведаю, можа, бульба – больш украінскі сымбаль: Тарас Бульба хаця б, сымбаль такога сумнеўнага змаганьня зь нейкімі палякамі. Я ў прынцыпе стаўлюся някепска да такога крышачку абстрактнага ўшаноўваньня. Мне такія ідэі ў прынцыпе падабаюцца. У Эўропе часта сустракаюцца дзіўнаватыя такія помнікі для ўшанаваньня расьлін, жывёлін, пэрсанажаў кніжных. Але, баюся, у нас цяпер модна ўсё такое гігантычнае: самая вялікая тэлевежа, самая вялікая бібліятэка. Цяпер будзе самы вялікі помнік самай вялікай бульбе”.
XS
SM
MD
LG