Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Белпошта” спыняе распаўсюд незалежных выданьняў і на Берасьцейшчыне


Алег Супрунюк, Берасьце Заключаныя раней адпаведныя дамовы будуць дзейнічаць толькі да канца 2005 году. Ніякіх тлумачэньняў у гэтай справе супрацоўнікі берасьцейскай філіі “Белпошты” не даюць. Як у рэдакцыях газэтаў рэагуюць на дзеяньні паштавікоў?

У рэдакцыі незалежнай рэгіянальнай газэты “Брестский курьер” атрымалі афіцыйны ліст з абласной філіі “Белпошты”, у якім паведамляецца пра спыненьне дзейнасьці дамовы на распаўсюд гэтага выданьня. Тэрмін папярэдняй дамовы заканчваецца 31 сьнежня, таму ў 2006 годзе “Белпошта” адмаўляецца мець справу зь недзяржаўнай газэтай. Раней “Брестский курьер”, таксама без тлумачэньняў, ня трапіў у падпісны каталёг на наступны год.

Намесьнік галоўнага рэдактара газэты “Брестский курьер” Валеры Малочнікаў кажа, што такія захады паштавікоў можна было прагназаваць:

(Малочнікаў: ) “З улікам таго самавольства, што цяпер чыніцца адносна незалежных сродкаў інфармацыі, для нас гэтае рашэньне не было нечаканым. Крыўдна за іншае: у сьнежні спаўняецца пятнаццаць гадоў, як выйшаў першы нумар “Брестского курьера”. І вось на дзень нараджэньня мы атрымалі ад “Белпошты” такі агідны падарунак”.

Акрамя “Брестского курьера” паштавікі адмаўляюцца распаўсюджваць у наступным годзе іншыя незалежныя выданьні Берасьцейшчыны — баранавіцкі “Intex-press”, івацэвіцкую “Газэту для Вас”, пінскі “Мясцовы час”.

Рэдактарка “Газэты для Вас” Лідзія Цалуйка згадала, што яшчэ сёлета ў верасьні з абласнай філіі ”Белпошты” прыйшоў ліст з прапановай паведаміць рэдакцыйныя зьвесткі і сплаціць выдаткі дзеля ўключэньня ў падпісны каталёг. Рэдакцыя гэта зрабіла, пасьля чаго, не чакаючы выхаду каталёгу, у мясцовых адзяленьнях сувязі пачалася падпіска.

(Цалуйка: ) “Там падпісаліся да тысячы чалавек. І што цяпер? Нас не было ў каталёгу, але яны падпісаліся. І гэта цяпер праблемы пошты, а мы быццам бы ня маем да гэтага дачыненьня. І нашы паштавікі таксама ў шоку”.

Лідзія Цалуйка таксама зазначыла, што праз падпіску цяпер распаўджваецца амаль палова накладу “Газэты для Вас”, і скасаваньне дамовы можа істотна паўплываць на далейшы лёс выданьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG