Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што зрабіла аб’яднаная апазыцыя за два месяцы па абраньні адзінага кандыдата?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 1 cьнежня) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: палітоляг Уладзімер Мацкевіч і супрацоўнік штабу адзінага кандыдата Юры Варонежцаў.

(Валер Карбалевіч: ) “Прайшло два месяцы з таго часу, калі на Кангрэсе дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч быў выбраны адзіным кандыдатам у прэзыдэнты. Лідэры апазыцыі тлумачылі неабходнасьць такога выбраньня задоўга да прэзыдэнцкіх выбараў тым, што ў беларускіх умовах патрэбна шмат часу для правядзеньня эфэктыўнай кампаніі. Два месяцы — час не вялікі, але і не малы. Як можна ацаніць зробленае за гэты час аб’яднанай апазыцыяй, штабам адзінага кандыдата?”

(Уладзімер Мацкевіч: ) “На сёньняшні дзень усё робіцца ня дзеля перамогі на выбарах 2006 году, а дзеля таго, каб знайсьці нейкія падставы, якія б апраўдалі паразу.

(Карбалевіч: ) “Вы гэта можаце аргумэнтаваць?”

(Мацкевіч: ) “Адзінае, што зроблена камандай Мілінкевіча — гэта стварэньне нейкіх структураў кшталту штабоў, штаты якіх вельмі раздутыя. Кадравая палітыка пры прызначэньні людзей у гэтыя штабы такая, што вельмі сумнеўныя людзі займаюць там кіроўныя пасады. Тыя людзі, на якіх вісяць яшчэ ня высьветленыя хібы і памылкі кампаніі 2001 году. Супярэчнасьці сярод людзей, якія працуюць на каманду Мілінкевіча, выяўленыя у рэгіёнах і ў Менску, паказваюць, што адзіны кандыдат ня толькі не кіруе гэтым працэсам, а ўвогуле адхіліўся. Адзінае, што ён робіць — езьдзіць па рэгіёнах”.

(Юры Варонежцаў: ) “Гэта мая, мусіць, дваццатая кампанія, ці дзевятнаццатая. І я ня памятаю выпадку, каб дзейнасьць штабоў не крытыкавалі такім чынам, асабліва напачатку. У тых умовах, у якіх нам даводзіцца дзейнічаць, магчыма, можна было штосьці зрабіць і лепш. Але я думаю, што мы працуем нармальна. І любая маштабная палітычная кампанія патрабуе сур’ёзнай падрыхтоўкі, чым штаб і займаўся на працягу месяца. Калі б штаб ня быў кааліцыйным, а аднапартыйным, альбо калі б кандыдат меў вялікія рэсурсы, усё было б прасьцей. Але паколькі гэта кааліцыя, то трэба ўлічваць інтарэсы кожнай партыі. Што тычыцца разьдзьмутасьці штату, то гэта ня так. Наадварот, у нас не хапае людзей. У штабе цяпер працуе толькі некалькі чалавек.

Нарэшце, пра нашу працу можна судзіць па тым, якая зьявілася рэакцыя ўладаў. Яна даволі рэзкая. Тыя ініцыятывы, скіраваныя на абмежаваньне палітычнай дзейнасьці, якраз тэрмінова ўзьніклі у адказ у тым ліку і на нашы дзеяньні. Што тычыцца крытыкі дзейнасьці штабу, то я б мог значна больш знайсьці хібаў, таму знутры іх больш відаць. Гэтыя недахопы тыповыя, стандартныя для пачатку любой працы”.

(Мацкевіч: ) “Усе выбарчыя кампаніі апошніх гадоў у Беларусі былі апазыцыяй прайграныя. І прайграваліся яны таксама з той прычыны, што лідэраў апазыцыі крытыкавалі, паказвалі, што яны робяць няправільна, раілі, як трэба рабіць правільна. Але ні разу ніхто з гэтых кіраўнікоў не прыслухаўся. З 1995 году гэтыя кампаніі прайграваліся такім чынам. Можа, урэшце, трэба напачатку кампаніі прыслухоўвацца да крытыкі, а ня потым апраўдвацца, калі будзе параза”.

(Варонежцаў: ) “Што тычыцца крытыкі, я паўтаруся, я таксама магу крытыкаваць усё што заўгодна. Але заўсёды хацелася б пачуць: вось гэта зроблена дрэнна, і што трэба зрабіць наўзамен таго, гэтага”.

(Карбалевіч: ) “Любая кампанія дае эфэкт, калі яна мае распрацаваную стратэгію, падзеленую на этапы, з улікам наяўных рэсурсаў, дзеяньняў апанэнтаў і іншых чыньнікаў. Ці ёсьць такая стратэгія? Ці відаць рэалізацыю гэтай стратэгіі, калі глядзець на хаду кампаніі звонку?”

(Мацкевіч: ) “Відавочна, што такой стратэгіі няма, праграмы таксама няма. Крокі, якія робяцца штабам, самім адзіным кандыдатам, сьведчаць не пра іхную зацікаўленасць у кансалідацыі ўсіх сілаў, рэсурсаў, якія могуць быць выкарыстаныя дзеля перамогі, а на замоўчваньне тых ініцыятываў, якія не зыходзяць непасрэдна ад кааліцыі. Таму штаб дзейнічае хаатычна, без рэсурсаў, без стратэгіі і бяз пляну”.

(Карбалевіч: ) “Спадар Мацкевіч, а можна больш канкрэтна сфармуляваць аргумэнты, пацьвярджаючыя вэрсію, што стратэгіі няма? Таму што пакуль гучаць агульныя, не падмацаваныя нічым абвінавачаньні”.

(Мацкевіч: ) “Найперш, гэта кадравае пытаньне. На ключавыя пазыцыі ў выбарчай кампаніі павінны прызначацца людзі, якія б мелі аўтарытэт, давер і валодалі б неабходнай кваліфікацыяй і кампэтэнцыяй для выкананьня сваіх задачаў. Цяпер, калі мы паглядзім на тыя кадры, якімі запоўненыя вакансіі ў штабе, то яны не адпавядаюць гэтым крытэрам”.

(Карбалевіч: ) “Спадар Мацкевіч, пра кадры вы ўжо казалі. З гэтага зразумела, што вам не падабаюцца людзі, якія стаяць на чале кампаніі. Цяпер пытаньне пра стратэгію. Вы сказалі, што ў штабе яе няма. Чым вы можаце пацьвердзіць гэтую тэзу?”

(Мацкевіч: ) “Я магу эмпірычна пра гэта меркаваць паводле тых захадаў і крокаў, якія робяцца. Напрыклад, у Магілёве адбываецца канфлікт паміж прызначаным штабам кіраўніком і іншымі людзьмі. Існуе праблема складаньня тых структурных ланцужкоў, якія маглі б даць плён, калі пачнецца афіцыйная кампанія. Нічога ня зроблена штабам, каб знайсьці крокі дзеля абыходу перашкодаў, якія ствараюць улады.

Усё, што мы чуем, гэта “хадзіць ад дзьвярэй да дзьвярэй”, сабраць там мільён подпісаў, як кажа спадар Карняенка. Але як гэта зрабіць, калі няма людзей і няма магчымасьці працаваць легальна?”

(Карбалевіч: ) “Спадар Варонежцаў, дык ці ёсьць стратэгія выбарчай кампаніі Мілінкевіча? І якія палажэньні яе вы маглі б абнародаваць з улікам таго, што такія дакумэнты зьяўляюцца канфідэнцыйнымі?”

(Варонежцаў: ) “Натуральна, у штабу ёсьць стратэгія. Яна зацьверджана палітрадай, у якую ўваходзяць кіраўнікі партыяў кааліцыі. Зразумела, я ня буду тут у эфіры ўсё выкладваць. Таму што, мабыць, прасьцей было б тады без пасярэднікаў аднесьці гэта ў КДБ. Калі ў двух словах, гэта стратэгія перамогі. Мы арганізуем шэраг лягічна зьвязаных адзін з другім крокаў, якія павінны схіліць нашых грамадзянаў, перадусім, прыйсьці на выбарчы ўчастак. Другое, прагаласаваць за нашага кандыдата, прычым, колькасьцю ня менш як 50% плюс адзін голас. І трэцяе, самае галоўнае, дамагчыся таго, каб гэтыя рэальныя вынікі былі ў канчатковым пасьлявыбарчым пратаколе.

Зразумела, пад гэтую стратэгію расьпісана тактыка правядзеньня кампаніі. Днямі мы закончылі расьпісваць літаральна кожны дробны крок. Дзьверы ў нас адкрытыя, прыходзіць Уладзімер Мацкевіч, іншы чалавек з ідэямі — мы ўсе ідэі прымаем”.

(Мацкевіч: ) “Калі меркаваць па сёньняшніх дзеяньнях Мілінкевіча (паездка ў рэгіёны, сустрэчы з насельніцтвам), ён робіць так, каб даць падставу для ягонай нерэгістрацыі ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты. І потым будзе тлумачыць: я не вінаваты, мяне не зарэгістравалі. Потым у барацьбу ўступае дублёр Анатоль Лябедзька, пачынае зьбіраць подпісы. Але ў яго не хапае часу “раскруціцца”. Як вынік, атрымліваецца параза, але ніхто не вінаваты”.

(Карбалевіч: ) “Хацеў бы заўважыць, што самы лепшы шлях быць зарэгістраваным — схавацца ў бульбу і не высоўвацца. Дарэчы, гэта зусім не гарантуе, што ў такім выпадку кандыдата зарэгіструюць і не прычэпяцца. Зь іншага боку, незразумелы той прагноз, які вы зрабілі, калі Мілінкевіча не рэгіструюць і ўступае ў барацьбу Лябедзька. Справа ў тым, што калі Мілінкевіча не зарэгіструюць, то яго не зарэгіструюць на этапе збору подпісаў. І на гэтым этапе замяніць яго будзе ўжо немагчыма. Таму гэтыя абвінавачаньні проста не адпавядаюць графіку кампаніі.

Ідзем далей. Пачаліся паездкі Аляксандра Мілінкевіча па рэгіёнах, сустрэчы з насельніцтвам. Паводле асьвятленьня гэтых падзеяў у незалежных мэдыях, не стварылася цэльнага ўражаньня пра пасыл, які адрасуе адзіны кандыдат свайму электарату. Ці ёсьць ён? З чым едзе Мілінкевіч у рэгіён, зь якім пасланьнем?”

(Мацкевіч: ) “Арганізацыя паездак у рэгіёны — амаль адзіная практычная прапанова, якая на сёньняшні дзень існуе. Але гэтыя паездкі даюць магчымасьць сустрэцца зь вельмі нязначнай колькасьцю людзей. Яны хутчэй робяцца для “засьветкі”. Яны не даюць магчымасьці ўплываць на электарат ці на нейкія інстытуцыі мясцовай супольнасьці. Было б лепш, каб рабіліся нейкія масавыя мерапрыемствы з удзелам нейкіх іншых уплывовых людзей, а не самаго Мілінкевіча. Ня думаю, што паездкі па рэгіёнах — лепшы спосаб раскруткі. Затым, сапраўды, нейкага выразнага пасылу ад Мілінкевіча не зыходзіць падчас гэтых паездак, таксама, як і ў ягоных выступах у мэдыях”.

(Карбалевіч: ) “Спадар Варонежцаў, які пасыл адрасуе адзіны кандыдат свайму электарату? Што застанецца ў сьвядомасьці простага выбаршчыка пасьля сустрэчы Мілінкевіча з насельніцтвам? Ці можна сфармуляваць гэта адной фразай?”

(Варонежцаў: ) “Мы ведаем, што большасьць грамадзянаў Беларусі стаміліся ад змрочнай рэчаіснасьці і яны хочуць пераменаў. Таму асноўнае пасланьне — гэта перамены. Калі наш кандыдат кажа, што патрэбны перамены, і мы ведаем, як гэтыя перамены да лепшага зьдзейсьніць, то людзі ўспрымаюць гэта выдатна. І ўсе сустрэчы гэта пацьвердзілі”.

(Карбалевіч: ) “Спадар Мацкевіч, вы шмат апавядалі, што штаб адзінага кандыдата робіць усё ня так, няправільна, гэта не прывядзе да мэты і іншае. А ці маеце вы адказ на пытаньне, што трэба рабіць так, каб было правільна і каб дасягнуць мэты?”

(Мацкевіч: ) “Так, у мяне прапісаныя агульныя крокі, агульная структура і схема пераможнай стратэгіі на 2006 год. І дарэчы, Мілінкевіч зь ёй азнаёмлены”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, кампанія адзінага кандыдата выклікае як вялікую цікавасьць у асяродзьдзі палітызаванай публікі, так і шмат пытаньняў, у тым ліку крытычных. Гэтыя пытаньні будуць паўставаць на працягу ўсёй кампаніі, і да гэтага трэба быць гатовым”.
XS
SM
MD
LG