Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэс-сакратарка Юшчанкі назвала Мілінкевіча “будучым прэзыдэнтам”


Юры Сьвірко, Кіеў Зацьверджаньне паправак да Крымінальнага кодэксу Беларусі супала з правядзеньнем у Кіеве саміту Супольнасьці дэмакратычнага выбару, якую стварылі прэзыдэнты Ўкраіны й Грузіі Віктар Юшчанка й Міхаіл Саакашвілі.

На саміт супольнасьці прыехалі прэзыдэнты Літвы й Латвіі, іншых краін Усходняй Эўропы. Паводле прапановы прадстаўніка Чэхіі заля воплескамі вітала прысутнага на форуме Аляксандра Мілінкевіча, адзінага кандыдата ад аб’яднанай беларускай апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах наступнага году.

Спадар Мілінкевіч даў прэсавую канфэрэнцыю на тым жа месцы, дзе за некалькі хвілінаў да яго на пытаньні журналістаў адказваў прэзыдэнт Віктар Юшчанка.

Аляксандар Мілінкевіч заявіў, што цяпер яго могуць пасадзіць за тое, што ён казаў у сваіх прамовах у Кіеве.

На кіеўскі форум Супольнасьці дэмакратычнага выбару, якую тут ужо называюць новай СНД, прыехалі прэзыдэнты Грузіі, Эстоніі, Латвіі, Літвы, Малдовы, Румыніі, Македоніі й Славеніі, а таксама прадстаўнікі іншых краін Усходняй Эўропы.

Форум ухваліў дэклярацыю, дзе ёсьць заклік “паважаць усе правы чалавека” ды “шчыльна супрацоўнічаць у напрамку дасягненьня супольнай мэты сьцьвярджэньня моцнага міру, дэмакратыі й працьвітаньня на ўсім эўрапейскім кантынэнце”. Дакумэнт абяцае “надаваць падтрымку прасоўваньню чалавечых каштоўнасьцю ды стандартаў для спрыяньня дэмакратычным працэсам і стварэньня дэмакратычных інстытуцыяў”. Але ў тэксьце ні разу ня згадваецца Беларусь.

Пра Беларусь сёньня ўвесь дзень згадвалі журналісты, бо яны чакалі рэакцыі на новыя папраўкі да Крымінальнага кодэксу Беларусі. Шмат украінскіх тэлеканалаў накіравалі свае здымачныя групы ва “Украінскі дом”, дзе праходзіў саміт, не дзеля самого саміту, які трансьляваўся ў жывым эфіры, а на прэсавую канфэрэнцыю Аляксандра Мілінкевіча, прызначаную на 12:30.

У яе анонсе гаварылася пра тое, што пасьля паправак у Беларусі “людзей можна будзе на некалькі гадоў кідаць у турмы за крытыку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі”. Але саміт нашмат зацягнуўся, і калі спадар Мілінкевіч у прызначаны час падышоў да журналістаў, якія чакалі заканчэньня мерапрыемства й прапанавалі яму адказаць на пытаньні, гэтаму перашкодзіла прэсавая сакратарка ўкраінскага прэзыдэнта Ірына Герашчанка.

Яна сказала Аляксандру Мілінкевічу: “У мяне тут ужо прэзыдэнцкі пул выстраіўся. Будзе выступаць Юшчанка, а потым вы. Вы як будучы прэзыдэнт павінны ведаць пратакол”.

Адказаўшы на адно пытаньне пра стасункі з Расеяй, Віктар Юшчанка сышоў. Журналісты не змаглі яму задаць іншыя пытаньні, у тым ліку й пра Беларусь, таму цікавасьць да спадара Мілінкевіча яшчэ больш павялічылася.

Украінскія журналісты былі зьдзіўленыя, што лідэра беларускай апазыцыі не прыняў і не прывітаў Віктар Юшчанка.

Аляксандар Мілінкевіч распавёў кіеўскім журналістам пра сутнасьць паправак да Крымінальнага кодэксу, мэтай якіх беларуская ўлада афіцыйна называе недапушчэньне паўтору Майдану ў Менску.

Сваё вітаньне форуму ў Кіеве даслаў прэзыдэнт ЗША Джордж Буш, які напісаў: “Каб дэмакратыя працавала, патрэбна ствараць і падтрымліваць існаваньне інстытуцыяў, на якія абапіраецца свабода”. Амэрыканскі лідэр заявіў эўрапейскім калегам: “Разам мы дашлем сыгнал надзеі, што свабода будзе будучыняй для ўсіх краін і народаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG