Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Суд пакараў “Альфа Радыё” за розыгрыш у эфіры


Ганна Соусь, Менск Суд пакараў “Альфа Радыё” і яго праграмнага дырэктара Дзьмітрыя Шуніна за розыгрыш у эфіры. У адпаведнасьці з рашэньнем суду Першамайскага раёну Менску яны павінны выплаціць жыхару Менску за абразу гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі кампэнсацыю 700 і 900 тысяч рублёў адпаведна.

Праграмны дырэктар “Альфа Радыё” Дзьмітры Шунін ня будзе абскарджваць рашэньне суду, паколькі, як ён патлумачыў Радыё Свабода, судовыя разьбіральніцтвы, што цягнуліся больш за месяц, перашкаджаюць ягонай працы.

(Шунін: ) “Мне так брыдка, што я проста забыў бы і ня згадваў пра гэта”.

Нагадаю, у кастрычніку два жыхары Менску падалі ў суд на “Альфа Радыё” і яго праграмнага дырэктара Дзьмітрыя Шуніна і выставілі пазоў з патрабаваньнем 35 мільёнаў рублёў кампэнсацыі за абразу гонару і годнасьці.

Розыгрыш, які стаў прадметам судовага разьбіральніцтва, прагучаў у ранішняй праграме “Альфа Радыё” “Кукурузьнік-шоў” два гады таму.

Дзьмітры Шунін патэлефанаваў жыхару Менску, прадставіўся начальнікам аддзелу барацьбы з арганізаванай прастытуцыяй міністэрства ўнутраных справаў і папрасіў унесьці заклад 700 тысячаў рублёў за сябра, якога нібыта затрымалі ў публічным доме.

Пазьней запіс розыгрышу, як найбольш удалага, пакінулі ў архіве радыё, і сёлета ізноў выкарысталі ў эфіры, што і выклікала, як лічыць Дзьмітры Шунін, такую неадпаведную рэакцыю.

Пазьней, да судовага разьбіральніцтва быў прыцягнуты інтэрнэт-партал Tut.by за разьмяшчэньне спасылкі на запіс радыёперадачы. Агулам пазоўнікі патрабавалі ўжо 40 мільёнаў рублёў. Але суд Першамайскага раёну Менску адхіліў пазоў да Tut.by. Гаворыць дырэктар парталу Юры Зісер:

(Зісер: ) “Увогуле, гэта непаразуменьне, паколькі пазоўнікі вырашылі, што гэта мы разьмясьцілі фанаграму. А мы разьмясьцілі толькі спасылку на яе. І калі гэта высьветлілася, то пазоў страціў сэнс”.

Як паведаміў Радыё Свабода генэральны прадусар "Альфа Радыё" Сяргей Ражкоў, суд адхіліў пазоў жыхара Менску, якога разыгралі, а таму спадару, якога Шунін згадаў у розыгрышы, выплацяць кампэнсацыю.

(Ражкоў: ) “Тое, што мы не пацярпелі паразу, гэта дакладна, хаця “Альфа Радыё” і прысудзілі выплаціць 700 тысячаў рублёў, а Дзьмітрыю Шуніну 900 тысячаў. У прынцыпе нас такі варыянт задавальняе”.

Кіраўнік цэнтру юрыдычнай дапамогі журналістам Беларускай Асацыяцыі журналістаў Міхаіл Пастухоў мяркуе, што ў дадзеным выпадку суд прызначыў празьмерную кампэнсацыю.

(Пастухоў: ) “Сума ўсё ж вялікая, нават калі і не вылічваецца мільёнамі. І калі дадаць, што гэта ўсё ж быў жарт, то яна ўвогуле астранамічная. Наколькі я ведаю, гэта першы выпадак у судовай практыцы апошніх гадоў, калі СМІ матэрыяльна караюць за жарт”.

Як паведаміў Радыё Свабода праграмны дырэктар “Альфа Радыё” Дзьмітры Шунін, ён зрабіў высновы з гэтай гісторыі, і цяпер у розыгрышах ў эфіры ён ня будзе ўжываць прозьвішчы людзей і назвы фірмаў, дзе яны працуюць.
XS
SM
MD
LG