Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Юшчанка і ягоныя сябры стварылі новы СНД”


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Двухдзённы форум у разьвіцьці дэмакратыі й пашырэньні эканамічнага супрацоўніцтва завяршыўся сёньня ў Кіеве стварэньнем новай рэгіянальнай структуры “Супольнасьць дэмакратычнага выбару”. У яе ўвайшлі дзевяць дзяржаваў – Украіна, Грузія, Малдова, краіны Балтыі, Македонія, Румынія і Славенія.

Асноўныя прынцыпы новай ініцыятывы былі сфармуляваныя прэзыдэнтамі Ўкраіны і Грузіі Віктарам Юшчанкам і Міхаілам Саакашвілі ў іхнай сумеснай заяве ў жніўні, калі яны сустракаліся на ў грузінскім курорце Баржомі.

Гэтыя прынцыпы былі сёньня разьвітыя прэзыдэнтамі дзевяці краінаў з Балканаў, Балтыкі і Чарнаморскага рэгіёну, якія і падпісалі ў Кіеве канчатковую дэклярацыю.

У ёй яны абавязаліся шчыльна супрацоўнічаць дзеля “ўмацаваньня міру, дэмакратыі і паляпшэньня дабрабыту на эўрапейскім кантынэнце”.

Прэзыдэнт Расеі Уладзімер Пуцін не прыняў запрашэньня ўдзельнічаць у форуме, але прыслаў у Кіеў свайго прадстаўніка.

У расейскіх мэдыях ужо зьявіліся першыя водгукі на ўтварэньне новай супольнасьці. Так, інфармацыйны вэб-сайт “gazeta.ru” назваў новую супольнасьць “Недружественным содружеством”.

Асобныя ўкраінскія камэнтатары таксама лічаць, што форум аслабіць лідэрства Расеі ў рэгіёне. Электронная газэта “Ўкраінская праўда” адразу ж пасьля завяршэньня форуму напісала, што “Юшчанка і ягоныя сябры стварылі новы СНД”.

Аднак, украінскі прэзыдэнт Віктар Юшчанка падкрэсьліў, што нельга разглядаць Супольнасьць, як накіраваную супраць Масквы ці расейскага дамінаваньня ў Садружнасьці незалежных дзяржаў (СНД).

(Юшчанка: ) “Наша ініцыятыва не накіраваная супраць нейкіх трэціх краінаў ці інстытутаў. Наадварот, я бачу гэта як адкрыты дыялёг паміж сябрамі, прыхільнікамі ідэяў разьвіцьця дэмакратыі і перамогі закону.”

У форуме ўдзельнічалі высокапастаўленыя прадстаўнікі Польшчы, Азэрбайджану, кіраўнік АБСЭ і Рады Эўропы. Яны віталі новую дэмакратычную ініцыятыву дзевяці краінаў.

Гаворыць намесьнік дзяржаўнага сакратара ЗША Пола Дабранскі:

(Дабранскі: ) “Будаўніцтва дэмакратыі патрабуе стварэньня інстытутаў, якія падтрымліваюць свабоду. Дэмакратыі ў розных краінах могуць выглядаць па-рознаму, але кожнае дэмакратычнае грамадзтва павінна прытрымлівацца законаў, абмяжоўваць уладу дзяржавы і паважаць правы ўсіх грамадзянаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG