Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Амаль сто школьнікаў вёскі Сірод ня могуць вярнуцца ў сваю школу


Казімер Яноўскі, Калінкавіцкі раён Чацьверты месяц дзевяноста два школьнікі вёскі Сірод Калінкавіцкага раёну вымушаныя езьдзіць на вучобу за восем кілямэтраў у Малыя Аўцюкі. Свая школа ў Сіродзе знаходзіцца на рамонце, яе абяцалі аднавіць да 1 сьнежня. Але гэтага не адбылося.

І настаўнікі, і дзеці спадзяваліся вярнуцца ў сваю школу, прынамсі, 1 сьнежня. Пра тое казаў мне напачатку навучальнага году і дырэктар Сіродзкай базавай школы Міхаіл Дулуб:

(Дулуб: ) “У нас будзе аграгададок. Робіцца рэканструкцыя нашай школы, вялікія абнаўленьні. Спартовую залю прыбудоўваюць да школы, таму да 1 сьнежня ў нас будуць такія нязручнасьці”.

Аднак і сёньня школьнікі вымушаны езьдзіць на вучобу за восем кілямэтраў у Малыя Аўцюкі. Гаворыць сакратарка Сіродзкага сельскага савету Тацяна Карніявец:

(Карніявец: ) “Даводзіўся плян рэканструкцыі да 1 сьнежня, аднак крыху ня ўклаліся ў пляны”.

Мікалай Мельнікаў, начальнік вытворча-тэхнічнага аддзелу фірмы “Мазырбуд”, якая вядзе рэканструкцыю сіродзкай школы, зьдзіўляецца такому тэрміну:

(Мельнікаў: ) “Я ня ведаю, адкуль узялі такі тэрмін. Тым больш, што рэканструкцыю па-сапраўднаму распачалі ў кастрычніку. Будынак увесь разабралі. З прычыны вялікага аб’ёму фактычна гэта зрабіць немагчыма”.

Намесьнік дырэктара “Мазырбуду” Віктар Міткевіч наагул кажа пра недастатковае фінансаваньне рэканструкцыі школы з боку заказчыка — управы капітальнага будаўніцтва Калінкавіцкага райвыканкаму.

(Ачапоўскі: ) “А пры чым тут управа капітальнага будаўніцтва? Бюджэт фінансуе — рэспубліканскі і абласны, а ня наша ўправа”, — сьцьвярджае галоўны інжынэр управы капітальнага будаўніцтва з Калінкавічаў Анатоль Ачапоўскі.

Абвінавачаньням галоўны інжынэр не зьдзіўляецца. Управа сапраўды зьяўляецца заказчыкам, аднак грошай у яе няма. Грошы на рэканструкцыю школы выдаткоўваюцца зь дзьвюх крыніцаў — абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў.

Рэканструкцыя каштуе больш як 1 мільярд рублёў. Школу мяркуюць зрабіць узорнай з гледзішча мадэрнізацыі. Будоўлю трымае на кантролі асабіста старшыня Гомельскага аблвыканкаму Аляксандар Якабсон. Але дзеля завяршэньня рэканструкцыі патрэбна яшчэ 300 мільёнаў рублёў.

Загадчыца аддзелу адукацыі Калінкавіцкага райвыканкаму Алена Клічкоўская пераканана, што, за выключэньнем спартовай залі, аднавіць школу ў Сіродзе ўдасца да канца сьнежня:

(Клічкоўская: ) “Да Новага году будзе ім калядны падарунак. Ёлку мы плянуем ладзіць ужо ў новай школе”.

Чакаюць завяршэньня рэканструкцыі і бацькі школьнікаў.

(Буднік: ) “У каго малыя дзеці ды яшчэ праца, таму, канечне, вельмі нязручна. Увесь час даводзіцца хвалявацца за сваё дзіця — як яно там паехала ў школу?” — кажа Ірына Буднік зь вёскі Сірод.
XS
SM
MD
LG