Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будзе дыпляматычны скандал паміж Беларусьсю і Латвіяй?


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ў Рызе міністар замежных справаў Латвіі Арціс Пабрыкс сустрэўся з амбасадаркай Латвіі ў Беларусі Майрай Мора. Нагодай для размовы сталі патрабаваньні беларускага боку зьняпраўдзіць нібыта тэндэнцыйныя выказваньні спадарыні Моры на адрас кіраўніцтва Беларусі. Міністар заявіў, што давярае сваёй амбасадарцы.

Амбасадарка Латвіі ў Беларусі Майра Мора была выклікана ў Рыгу для тлумачэньняў наконт сваіх выказваньняў, якія нібыта меліся на паседжаньні камісіі ў замежных справах сэйму Латвіі 23 лістапада.

Паводле адной з расейскамоўных газэтаў Латвіі, спадарыня Мора заявіла, што "Лукашэнка сядзіць на бомбе з палаючым запалам, бо ён ня даў прыватызаваць прадпрыемствы ніводнаму расейскаму алігарху. Беларусь крала расейскія нафту і газ, Расея наагул перакрыла кран, але чаму цяпер яна гэтага ня робіць? Таму што па пэрыфэрыі Расеі прайшлі сатрасеньні, і спадар Лукашэнка, як пудзіла ў садзе, якое адпужвае Захад".

Спадарыня Мора таксама сказала, што ехала ў Менск з думкай, што там будуць перамены. Але цяпер пераканалася, што “яны доўга не адбудуцца”.

Нагадаем, раней за свае выказваньні ўжо пазбавіўся пасады амбасадара Расеі ў Беларусі Дзьмітры Аяцкаў. Цяпер афіцыйны Менск зацікавіўся выказваньнямі амбасадаркі Латвіі.

Прадстаўнікі беларускага МЗС патрабавалі пацьвердзіць альбо зьняпраўдзіць гэтыя выказваньні. Спачатку спадарыня Мора дала тлумачэньні начальніку ўправы Эўропы беларускага МЗС Валеру Рамашку. А сёньня яна мела размову ў Рызе зь міністрам замежных справаў Латвіі Арцісам Пабрыксам.

У размове з карэспандэнтам “Свабоды”, спадар Пабрыкс сказаў, што Майра Мора ўдзельнічала ў згаданым паседжаньні ў сэйме. Але ён асабіста ў той час знаходзіўся ў Косаве.

(Пабрыкс: ) “Мне, канечне, было цікава даведацца пра яе думку, яе погляд, таму што ў расейскамоўнай прэсе прагучала, што там былі нейкія выказваньні, якія на думку дыпляматаў, маглі быць ня толькі аналітычныя, але і, магчыма, у нейкай меры зьневажальныя. Але пасьля маёй размовы са спадарыняй Морай, я магу пацьвердзіць, што ў мяне няма ніякіх сумневаў, каб я не давяраў нашай амбасадарцы. Я думаю, яна працуе добра і ведае, што можна казаць і чаго нельга, і я ўпэўнены, што яна можа працягваць працу ў нашай суседняй дзяржаве”.

Міністар замежных справаў Латвіі Арціс Пабрыкс мяркуе, што Майра Мора неўзабаве вернецца ў Менск і гэтак жа добра зможа працаваць далей. Паводле спадара Пабрыкса, непаразуменьні выкліканы інтэрпрэтацыяй выказваньняў спадарыні Моры у прэсе з боку некалькіх апазыцыйных дэпутатаў сэйму, якія адначасова зьяўляюцца журналістамі.

(Пабрыкс: ) “Мне няма ніякай патрэбы давяраць дэпутатам апазыцыі больш, чым я давяраю сваёй амбасадарцы”.
XS
SM
MD
LG