Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

В.Абрамава пра папраўкі: “Ствараецца інстытут закладнікаў”


Валер Каліноўскі, Менск Супраць сёньняшніх паправак у Крымінальны кодэкс выказаліся ўсяго чатыры дэпутаты, 97 парлямэнтароў без ваганьняў падтрымалі зьмены ў заканадаўства, якія прызнаюць крымінальным злачынствам “дэстабілізацыю сытуацыі” і “дыскрэдытацыю” органаў улады Беларусі за мяжой. Якімі матывамі кіраваліся тыя, хто галасаваў за і супраць законапраекту?

Дэпутат ад Хойніцкай акругі Віталь Кулік кажа, што без ваганьняў падтрымаў прапанаваны А.Лукашэнкам законапраект, які ўводзіць адказнасьць за дыскрэдытацыю дзяржавы і органаў улады за мяжой ды за дэстабілізацыю сытуацыі ў краіне.

(Кулік: ) “Лічым, што ёсьць такая неабходнасьць, магчымая дэстабілізацыя абстаноўкі ў Беларусі, таму мы сьвядома падтрымліваем такую пазыцыю. Усялякія пытаньні павінны вырашацца ў рамках дзейнага закону, і сілавыя нейкія мэтады не павінны праходзіць”.

Дэпутат з Рагачова Міхаіл Паплаўскі прызнае, што папраўкі ў Крымінальны кодэкс прадугледжваюць сапраўды жорсткія пакараньні, але ён мяркуе, што гэта апраўдана:

(Паплаўскі: ) “Гэты закон будзе кепскі для тых, хто хоча зла нашай рэспубліцы. Ён ня будзе ўшчамляць інтарэсаў тых людзей, якія жадаюць дабра, законапаслухмяных грамадзянаў. Лічу, што нашая дзяржава мае права праводзіць прэвэнтыўныя захады, каб не дапусьціць таго, што адбылося ў іншых краінах, што мы бачылі і пра што шкадуем”.

Спадар Паплаўскі мае на ўвазе нядаўнія рэвалюцыйныя падзеі ў Грузіі, Украіне, Кіргізіі. Ягоная калега Вольга Абрамава галасавала супраць паправак у Крымінальны кодэкс. Яна ахарактарызавала закон як празьмерна жорсткі. Нягледзячы на тое, што да яе словаў у Палаце прадстаўнікоў мала хто прыслухаўся і законапраект быў ухвалены, яна мяркуе, што папраўкі ня будуць актыўна выкарыстоўвацца праваахоўнымі органамі і да масавых рэпрэсіяў справа ня дойдзе.

(Абрамава: ) “Гэта не 1937 год, гэта папярэджаньне, з майго пункту гледжаньня, закон-папярэджаньне. Магчыма, я ўтрырую, і гэта зьвязана з эмоцыямі сёньняшняга паседжаньня і маім асабістым успрыняцьцем гэтага закону, але гэта стварэньне чагосьці падобнага на інстытут закладнікаў, як пасьля рэвалюцыі. Калі будзе вельмі моцны ціск на краіну, то будуць зробленыя пэўныя дзеяньні ва ўнутраным пляне, у адносінах да тых людзей, якія выступаюць ініцыятарамі такога ціску на краіну”.

Вольга Абрамава кажа, што не разумее прычынаў прыняцьця такога жорсткага закону, бо мяркуе, што беларускім уладам няма чаго баяцца, паколькі падтрымка А.Лукашэнкі ў грамадзтве і так вялікая:

(Абрамава: ) “Пабойвацца тут чагосьці, што тут могуць быць нейкія контрапрадуктыўныя, рэвалюцыйныя дзеяньні, я проста ня бачу для гэтага падставаў пры такой падтрымцы, гэта не Ўкраіна”.
XS
SM
MD
LG