Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня КДБ С.Сухарэнка: “Гэта ня будзе паўтарэньнем 1937 году”


Валер Каліноўскі, Менск Свае камэнтары да ўхваленага Палатай прадстаўнікоў законапраекту аб папраўках у Крымінальны кодэкс сёньня выказаў журналістам старшыня КДБ Беларусі Сьцяпан Сухарэнка, кіраўнік ведамства, якое было непасрэдным ініцыятарам гэтых паправак.

Папраўкі ў Крымінальны кодэкс, якія ўводзяць адказнасьць за дыскрэдытацыю дзяржавы і органаў улады ды за дэстабілізацыю абстаноўкі ў краіне, былі ўнесеныя ў парлямэнт Аляксандрам Лукашэнкам, але непасрэдная ініцыятыва зыходзіла з КДБ, прызнаў кіраўнік гэтага ведамства Сьцяпан Сухарэнка.

Ён выказаў “прафэсійнае задавальненьне ад таго, што беларускія заканадаўцы разумеюць занепакоенасьць той сытуацыяй, якая складваецца”.

Спадар Сухарэнка прызнаў, што да ініцыяваньня такога закону беларускі КДБ падштурхнулі падзеі ў Грузіі, Украіне, Кіргізстане.

Пры гэтым кіраўнік КДБ спаслаўся і на замежную практыку: сказаў, што ў іншых краінах таксама караюць за дыскрэдытацыю дзяржавы. Як прыклад ён назваў Данію, Швайцарыю, ЗША, грамадзянаў якіх, паводле Сухарэнкі, асудзяць, калі тыя будуць заклікаць да агрэсіі супраць сваёй краіны.

Пры гэтым ён не выключае, што беларускія журналісты і апанэнты ўлады могуць мець альтэрнатыўныя пункты гледжаньня:

(Сухарэнка: ) “Але выказваць іх яны павінны ў тых межах, якія не наносяць стратаў дзяржаве, дзяржаўным інтарэсам”.

Сьцяпан Сухарэнка зазначыў, што пакараньне паводле новых артыкулаў будзе залежаць ад памеру стратаў Беларусі, якія будуць зроблены дыскрэдытацыяй:

(Сухарэнка: ) “Гэта ня будзе 1937 год, калі прыехаў “варанок”, кагосьці забраў толькі за тое, што дзесьці ў лазьні ці на вуліцы сказаў, ці журналіст штосьці напісаў. Гэта будзе вызначаць ужо суд, судзьдзя, сьледчы на базе тых дакумэнтальных матэрыялаў, якія могуць быць пакладзеныя ў аснову прыняцьця рашэньняў”.

Спадар Сухарэнка перакананы, што папраўкі прынятыя не пад канкрэтных асобаў з апазыцыі, яны носяць прэвэнтыўны характар, каб не дапусьціць дэстабілізацыі ў краіне ў бліжэйшай будучыні.

(Сухарэнка: ) “Мы не гаворым аб тым, што ўжо цяпер праз хвіліну хтосьці выйдзе на вуліцу, дзесьці там ужо ў засадзе сядзіць. Але аб тых элемэнтах, якія сапраўды фармуюцца, і ў пэўны момант тыя людзі, якія рыхтуюцца, гатовыя будуць выйсьці. Таму як прэвэнтыўныя захады мы і робім адпаведныя крокі”.

Доказы падрыхтоўкі да такіх акцыяў, паводле Сьцяпана Сухарэнкі, ёсьць. Нават адбываецца навучаньне групаў баевікоў, і КДБ сочыць за гэтымі працэсамі:

(Сухарэнка: ) “На гэты момант сьцьвярджаць, што іх дзьве тысячы ці тры тысячы — я не бяруся канкрэтнай колькасьці агучваць, але хачу вам сказаць, што сапраўды вельмі шмат людзей патрапілі ў гэтыя сеткі, і я баюся, як бы ім не сапсавалі жыцьцё”.

Спадар Сухарэнка ня лічыць недэмакратычным прыняты Палатай прадстаўнікоў закон, які ўжо выклікаў занепакоенасьць беларускай і міжнароднай грамадзкасьці.

(Сухарэнка: ) “Усё тое, што прымаецца ў нас у краіне для абароны нашых нацыянальных інтарэсаў, тое, што недаспадобы камусьці, хто спрабуе нас вучыць жыць, усё выдаецца як антыдэмакратычнае”.

Беларускім журналістам, якія працуюць на замежныя СМІ, спадар Сухарэнка даў наступную параду:

(Сухарэнка: ) “Хай яны чытаюць закон і думаюць… Замежныя сродкі масавай інфармацыі будуць проста пазбаўляцца акрэдытацыі і дэпартавацца з краіны”.

Гл. таксама: • Папраўкі прэзыдэнта ў Крымінальны кодэкс прынятыя Палатай прадстаўнікоў без ніякіх зьменаў • За "дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь" можна будзе атрымаць 2 гады • За "дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь" можна будзе атрымаць 2 гады • Праваабаронцы патрабуюць ад А.Лукашэнкі адклікаць папраўкі • Валянцін Стэфановіч: калі б дэпутаты не хацелі прымаць гэтыя папраўкі, яны б за іх не галасавалі • Богдан Кліх: “Такое права нельга паважаць” • Вацлаў Станкевіч: Беларускія улады надалей самаізалююцца • Акадэмік Вайтовіч: “Дыктатар хоча быць дыктатарам да канца жыцьця” • Амэрыканскі Камітэт па абароне журналістаў выступае супраць паправак Лукашэнкі • Вітаўт Кіпель: Мова паправак нагадвае мне 1940-ы сталінскі год • Мін’юст: суды гатовыя да выкананьня паправак у Крымінальны кодэкс
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG