Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Плешчаніцы


Зьміцер Бартосік, Плешчаніцы, Лагойскі раён (эфір 28 лістапада) Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

(Карэспандэнт: ) “З чаго ў асноўным тут жыве народ?”

(Кабета: ) “Тут былі атэлье, хлебзавод. Цяпер адна сталовая толькі засталася, атэлье не працуе, “Кобальт” разваліўся, там чалавек пяцьдзясят калі зьбярэцца… ДОК наш зусім закрыўся. Моладзі ў нас няма дзе працаваць. Сядзець жа на пэнсіі ў бацькоў ня будзеш. У мяне таксама двое дзяцей, а дом стаіць пусты”.

(Карэспандэнт: ) “А пра палітыку думаюць? Лукашэнка харошы ці кепскі?”

(Кабета: ) “У асноўным усе за Лукашэнку. Засталіся адны пэнсіянэры. Маладыя, якім жыць трэба, я ня ведаю, пра што яны думаюць. Толькі і ўсяго, што горад у нас чысты, акуратны — гэта ўжо грэх сказаць”.

Паспрабуйце ўгадаць, у якім мястэчку запісаны гэты дыялёг зь першай сустрэтай кабетай на галоўнай вуліцы. Упэўнены, што не здагадаецеся. Бо сьмела можна называць любыя кропкі зь беларускай мапы, і амаль усе яны будуць стасавацца да гэтай невясёлай карціны. Закрытыя прадпрыемствы, беспрацоўе моладзі і радасьць адносна сытых пэнсіянэраў. З чым памылкі быць ня можа, дык гэта з краінай. Стабільная Беларусь эпохі эканамічнага ўздыму, як сьцьвярджаюць афіцыёзныя рупары.

Гэта мястэчка Плешчаніцы на Лагойшчыне. Некалі слаўнае тым, што тут працаваў прыгонны тэатар Тышкевічаў, дзе ў 19 стагодзьдзі зьбіраліся два кірмашы, былі дзьве карчмы і пяць крамаў. Хоць тэатру даўно не засталося, але крамы такія-сякія ёсьць. Не памылюся, калі скажу, што самы шыкоўны будынак у мястэчку — гэта крама “Ўсё для дому”. Паводле асартымэнту — гаспадарчы супэрмаркет, дзе ёсьць усё, ад дзіцячай калыскі да халадзільніка. І блукаючы па вялізнай гандлёвай залі, застаўленай мэбляю, цяжка ўявіць, што людзі тут ледзь канцы з канцамі сточваюць. З гонарам паведаміла мне прадавачка, што гэтая крама — дзяржаўная.



(Прадавачка: ) “Да нас стала больш людзей хадзіць. А то, калі была маленькая нягеглая крама, дык і людзей не было. А так, ведаеце, нават на экскурсію ідуць проста бяз грошай. А пасьля, як грошы зьяўляюцца, прыходзяць і купляюць”.

(Карэспандэнт: ) “Як часта робяцца буйныя пакупкі: лядоўня, сьценка?”

(Прадавачка: ) “Кожны дзень хто-небудзь што-небудзь купляе. Калі праўду казаць, вельмі цяжка тут людзям, асабліва моладзі. У нас забралі радзільню, дзіцячае аддзяленьне. Мы дзетак за трыццаць кілямэтраў возім з тэмпэратурай трыццаць-сорак градусаў. Я сама нядаўна вазіла ўнучку”.

Побач з гэтым гандлёвым палацыкам прысуседзілася значна больш цікавая крама, называецца “Рытуал”. Чакаючы ўбачыць жалобную атрыбутыку, я быў нямала зьдзіўлены той шырынёй асартымэнту, якой парадавала крама. Сярод вянкоў і надмагільных сьвечак красаваліся бутэлькі з гарэлкай ды цыгарэты. Напэўна, каб было чым памянуць нябожчыка.



(Карэспандэнт: ) “Што лепш ідзе: цыгарэты зь віном ці рытуальныя…?”

(Прадавачка: ) “Цыгарэты лепш ідуць”.

(Карэспандэнт: ) “Народ стаў паміраць часта?”

(Прадавачка: ) “Такая вось паласа была тыдні два — кожны дзень, а потым зноў ціха. Я чацьверты год працую. Вось к Новаму году яны пачынаюць, пасьля Новага году неяк... Потым перад пасяўной і пасьля пасяўной. Даволі цікава, так. Вось колькі працую — такая ідзе х…йня”.

(Карэспандэнт: ) “Падчас пасяўной — гэта няшчасныя выпадкі, так?”

(Прадавачка: ) “Такія бываюць выпадкі, але рэдка. Вось так вось неяк яны ідуць. Пажылыя людзі, а няшчасныя выпадкі бываюць, калі толькі пад “гэтай справай” пападаюць”.

Такім чынам, з гэтай зьмястоўнай размовы можна зрабіць выснову-параду. Устрымайцеся ад паездак у Плешчаніцы пад Новы год і пасьля пасяўной. Небясьпечна для жыцьця.

У плешчаніцкім Доме культуры сапраўдны ажыятаж. У залі носа ня ўбіць. Як высьветлілася, у госьці да вяскоўцаў прыехалі заморскія артысты. Самадзейныя калектывы падмаскоўнага Працьвіна, гораду-пабраціму раённага Лагойску. Мне ўдалося пагутарыць, як з расейскімі пявуньнямі, так і з нашымі. Думаю, вы здагадаецеся, хто ёсьць гаспадары, а хто госьці.



(Дзяўчына: ) “Чыстая, дагледжаная краіна, людзі добразычлівыя, кормяць нас на ўбой”.

(Дзяўчына: ) “Народ багаты, усе ходзяць усьміхаюцца, машыны па дарогах езьдзяць далёка ня так, як у нас у горадзе. Тут большасьць іншамарачак такіх. Чысьценькія машынкі такія, вельмі прыемна. І яшчэ — калі дарогу пераходзілі, сьвятлафоры выключаныя, дык машыны саступаюць пешаходам. Заграніца”.

(Карэспандэнт: ) “Вы члены БРСМ?”

(Дзяўчына: ) “Так. БРСМ”.

(Карэспандэнт: ) “Вы сьвядома туды прыйшлі ці проста ўсіх узялі — і мы за кампанію?”

(Дзяўчына: ) “Сьвядома”.

(Карэспандэнт: ) “А што там добрага?”

(Дзяўчына: ) “Вучні маюць права свайго голасу. Можна выказваць сваё меркаваньне, і за яго ніяк не асудзяць”.

(Другая дзяўчына: ) “Так, як мы зьяўляемся патрыётамі нашай краіны, БРСМ якраз тая арганізацыя, дзе людзі могуць нешта зрабіць добрае для сваёй краіны. Тыя ж самыя суботнікі, якія арганізоўвае БРСМ, ды іншыя справы”.

Пакуль прасунутая плешчаніцкая моладзь заводзіцца і балдзее на суботніках, старэйшае пакаленьне ўспамінае маладосьць. Галіна Коласачава, краязнаўка і пэнсіянэрка, колішняя актывістка БНФ, ня любіць згадваць блаславёных 1990-х, калі сьветлая будучыня Беларусі здавалася блізкай. Затое з задавальненьнем успамінае Сібір, дзе правяла 23 гады.



(Коласачава: ) “Дваццаць тры гады па камсамольскай пуцёўцы. Я патрапіла ў добры горад — Жалезнагорск-Ілімскі. Жалезная руда, здабыча адкрытым спосабам”.

(Карэспандэнт: ) “Вы не шкадуеце?”

(Коласачава: ) “Не. Там сэрца засталося. Там мы многа зрабілі. Рабілі не за нейкія там грошы. Энтузіязм! Я ўсё гэта бачыла. Я бачыла ўладу, якая жыла разам з намі. Разам з намі па талёнах жыла. Дзьвесьце грамаў масла на месяц”.

(Карэспандэнт: ) “Чым цікавыя Плешчаніцы?”

(Коласачава: ) “Тут была вялікая бітва ў 1812 годзе. Вялікія пахаваньні былі. А як будоўлю тут пачалі, дык усё зруйнавалі”.

(Карэспандэнт: ) “Скарбаў напалеонаўскіх ніхто не шукаў?”

(Коласачава: ) “Шукалі, і шмат знаходзілі: гарматы, шаблі розныя, абмундзіраваньне. Помню — цягалі дзеці, як гэта руйнавалі. Сэрца проста... Што не змаглі зьберагчы”.

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, калі ласка, колькі было сябраў БНФ у лепшы час?”

(Коласачава: ) “Чалавек дваццаць было. Самых такіх ярых. Многа маладых хлопцаў. Леніна былі тады так добра заляпалі, што начальства аддзірала дні два”.

(Карэспандэнт: ) “Плякатамі?”

(Коласачава: ) “Так”.

(Карэспандэнт: ) “Помнік Леніну?”

(Коласачава: ) “Так. Паэт быў адзін. Цяпер усё заціхла”.

Заціхла, але не да поўнага штылю. Бо пакуль да Плешчаніцаў даходзіць “Народная Воля” і дабіваюцца хвалі радыё “Свабода”. Таму імя адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў былым актывістам вядомае. І слабая надзея на перамены ў іх зьявілася — прынамсі, дастатковая, каб прозьвішча Мілінкевіч стала вядомае калегам і суседзям.

У кожнага правінцыйнага актывіста знойдзецца свая парада-рацэпт адносна перамогі дэмакратыі. Ёсьць такая парада для сталічных палітыкаў і ў спадарыні Коласачавай:

(Коласачава: ) “Калі хочуць перамагчы, трэба зьмяніць тактыку. Курс, што Расею хаяць — ня трэба, пакуль жыве гэта пакаленьне. Маё, яшчэ маладзейшае, якія нарадзіліся ў Савецкім Саюзе, радзіма ў нас — Савецкі Саюз. Нікуды ня дзенесься, гэта гісторыя. Я нават пашпарт захавала той, сярпаста-малаткасты. У мяне ён ёсьць”.



Мала, хто ведае, што Плешчаніцы — гэта яшчэ і навуковы цэнтар. Бо менавіта тут знаходзіцца Беларуская геафізычная абсэрваторыя. На ўскрайку мястэчка, за бэтонным плотам, сярод зьдзічэлага саду хаваецца ад вачэй сьціплы двухпавярховы дамок. Дзьве навуковыя супрацоўніцы, якіх я засьпеў, сустрэлі мяне без асаблівай радасьці. Няйначай, я перашкодзіў іхнай нялёгкай дзейнасьці.

(Карэспандэнт: ) “Я чуў, што ў вас тут нейкая ўнікальная абсэрваторыя. Чым вы займаецеся?”

(Супрацоўніца: ) “Землятрусы рэгіструем”.

(Карэспандэнт: ) “У нас чакаецца землятрус, ці не?”

(Супрацоўніца: ) “Мы ж не вызначаем землятрусаў. Не прадказваем. Сэйсьмічныя стаяць у падвале датчыкі. А ў нас увогуле былі землятрусы ў Беларусі? Толькі калі ў Румыніі было, у нас былі водгукі ў Менску. Па Беларусі ў нас землятрусаў проста няма мясцовых”.

(Карэспандэнт: ) “Беларусам баяцца няма чаго?”

(Супрацоўніца: ) “Няма чаго. Думаю, няма чаго”.

Карацей, спадары, наколькі я зразумеў шаноўных плешчаніцкіх навукоўцаў, магнітных бураў і землятрусаў прадказаць яны ня могуць — толькі зафіксаваць на сваім кампутары. Цікавая ў людзей праца. А галоўнае — карысная. На разьвітаньне кабеты мне паведамілі сваё адкрыцьцё: спаць мы можам спакойна. Прынамсі, да 2006 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG