Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

”Спадар Сухарэнка, калі такія лягеры ёсьць пад Крупкамі і Лесінам, то грош цана вашаму Камітэту...”


Радыё Свабода Водгукі слухачоў. Званок на Свабоду. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку. Рэдакцыя Радыё Свабода не нясе адказнасьці за выказваньні слухачоў.

2 сьнежня 2005 г.

(Спадар:) “Хачу ад вас даведацца, калі вы ведаеце, адказ на пытаньне, якое мяне цікавіць

Зараз ва ўсіх перадачах вы паведамляеце пра розныя замежныя паездкі, паездкі па рэспубліцы кандыдата ад апазыцыі спадара Мілінкевіча. Адсюль можна зрабіць вынік, што займаючыся вельмі актыўна палітычнай дзейнасьцю, ён нідзе не працуе.

Далей. У адным сваім выступленьні спадар Мілінкевіч сказаў, што створыць фонд матэрыяльнай дапамогі асобам, якія перасьледуюцца рэжымам за палітычную дзейнасьць. Адсюль узьнікае пытаньне: за якія грошы жыве сам Мілінкевіч і трымае сям’ю, нідзе не працуючы? За якія грошы ён будзе ствараць фонд?

Калі гэта ўсё будзе стварацца з асабістых зьберажэньняў Мілінкевіча, то, канечне, гэта вельмі пахвальна. Але, калі гэта робіцца за замежныя грошы, то ўзьнікае другое пытаньне: які ж гэта будзе народны прэзыдэнт? Гэта будзе проста стаўленьнік замежных дзяржаваў, які, калі прыйдзе да ўлады, будзе выконваць волю замежных дзяржаваў і адпрацоўваць іхныя грошы і на беларускі народ яму будзе глыбока напляваць”.

(Спадар:) “Хачу выказацца наконт інтэрвію з намесьнікам старшыні суду Цэнтральнага раёну г. Менску Леанідам Ясяновічам. Вось што ён піша:

“Я цудоўна разумею пэнсіянэраў, у якіх на самой справе пэнсіі не дазваляюць аплаціць камунальныя паслугі. І калі яны прыходзяць і кажуць, што згодныя заплаціць, але тады ім ня будзе за што жыць, ня будзе за што купіць прадукты і мэдыкамэнты. Так, я згодны зь імі. Трэба шукаць нейкае выйсьце з сытуацыі, калі мы ня можам палепшыць сацыяльнае становішча нашых грамадзян. Трэба прадумаць сыстэму выкананьня рашэньняў судоў”.

Гэта ж разумнікі нашы прынялі рашэньне, што калі заплаціць ня можаш, то цябе трэба высяляць у іншую кватэру, меншую. Але ж за гэтую меншую кватэру таксама трэба плаціць. А гэта прыкладна тое самае!”

1 сьнежня 2005 г.

(Спадар:) “Просьба. Патлумачце, калі ласка, чаму член-карэспандэнт, вучоны Шушкевіч атрымлівае пэнсію 3 200. Раскажыце, калі ласка, у чым справа, бо выклікае гэта непаразуменьне і гучыць як хлусьня.

Па-другое, хачу выказацца наконт выступленьня Буша. Няўжо кіраўнік такой вялікай краіны не разумее, што народ перамагчы немагчыма? І выбухі і напады адбываюцца толькі на амэрыканцаў і на тых, хто ім прыслугоўвае. Не перамогуць народ! Я ведаю гэтых людзей, восем год зь імі пражыў. Гэтых людзей перамагчы немагчыма, як і іншы народ. Яны будуць жыць сваімі звычкамі, дрэнныя яны ці добрыя, якія згодныя з каранам. А вось тое, што з-за амэрыканцаў гінуць людзі, дзеці, жанчыны, старыкі – гэта злачынства перад чалавецтвам!”

(Спадар:) “Выкажу сваё меркаваньне на тое, што кіраўніцтва КГБ некалькі разоў заяўляла пра тое, што апазыцыя ў нейкіх лягерах рыхтуе баевікоў-рэвалюцыянэраў.

Спадар Сухарэнка, калі такія лягеры ёсьць пад Крупкамі і Лесінам, то грош цана вашаму Камітэту. А калі б гэта было сапраўды праўдай, то прэзыдэнт Лукашэнка палове камітэту адарваў бы галовы, а частку адправіў бы загараць на нары хлябаць там турэмную зацірку. Ня трэба пужаць народ! А якая палітыка, эканоміка, сацыяльнае і ваеннае становішча ў Беларусі, то Захад і Амэрыка даўно пра гэта ведаюць.

Пра які клопат пра народ кажуць у дзяржаўных СМІ, калі працаўнікі мотавелазаводу абвясьцілі страйк? Заробкаў своечасова не даюць. Права на працу ў нас ёсьць, а вось права атрымліваць своечасова заробкі няма.

Пачакаем, калі КГБ запросіць журналістаў з апазыцыі у так званыя лягеры баявікоў браць інтэрвію”.

(Спадар:) “Я сёньня гляджу тэлевізар і бачу, што Лукашэнка заехаў да сьвятароў і просіць, каб яму дапамагалі на выбарах.

Яшчэ хачу сказаць, што гэта лукашэнкаўская прапаганда і КГБ прыдумалі, што ў Крупскіх лясах водзяцца партызаны. Гэта ўсё плёткі! Вось можа там ёсьць бамжы ці наркаманы, людзі, якіх Лукашэнка давёў да беспрацоўя, дык гэта можа быць. Калі Лукашэнка яшчэ пабудзе кіраўніком, то там могуць завесьціся і кракадзілы.

Я галасаваць за Лукашэнку ня буду, толькі за Мілінкевіча! Гэта мой прэзыдэнт! Жыве Беларусь! Жыве Мілінкевіч!”

(Спадар:) “Слухаў па “Свабодзе” інтэрвію з Казуліным, і мне не спадабалася тое, што гэты дзеяч, па-першае, невядома адкуль зьявіўся і адразу чамусьці стаў лідэрам. Каб стаць лідэрам, трэба сябе праявіць! Быў рэктарам БДУ. А калі яго зьнялі з гэтай пасады, ён не зразумела як стаў галоўным сацыял-дэмакратам. Беларускай мовай не валодае.

Па-другое, дэмакратычнае грамадзтва абрала Мілінкевіча адзіным кандыдатам на пасаду прэзыдэнта. А наш прафэсар з БДУ Казулін супраць! Супраць чаго? Супраць адзінства дэмакратычнай грамадзкасьці! Зноў на нашую галаву зьявілася новая трасца, новы клопат! Ці не заслалі яго як “траянскага каня”, каб праводзіў дзейнасьць па расколе.

Хай мяне прабачаць, але правілы гульні тычацца ўсіх, нават прафэсараў!”

(Спадарыня:) “Я не магу зразумець, як можна абвінавачваць, што апазыцыя рыхтуе нейкіх спэц-байцоў! Гэта ж ганьба нашым уладам, што яны дапусьцілі да такой ступені! Яны самі вінаватыя ў гэтым, а цяпер на кагосьці нешта трэба валіць”.

(Спадар:) “Я лічу тое, што Амэрыка быццам бы рыхтуе баевікоў – гэта ўсё выдумкі!”

(Спадарыня:) “Прывітаньне, шаноўная Свабода! Сёньня першы дзень зімы. Я хачу павіншаваць вас усіх! Каб зіма была нам лёгкая і бясьсьмертная!”

(Пэнсіянэр, Менск:) “У Беларусі ўсе сродкі масавай інфармацыі падуладныя. “Народная Воля” і незалежныя выданьні рэпрэсаваныя і закрытыя. Раю, каб кніжку Паўла Шарамета, Сьвятланы Калінкінай “Выпадковы прэзыдэнт”, Васіля Лявонава “Праца над пытаньнямі” выдаць у краінах Эўразьвязу, каб мог прачытаць кожны грамадзянін і ведаць усю праўду пра Беларусь.

Што тычыцца падрыхтоўкі баевікоў для нейкай рэвалюцыі – выдумка і хлусьня кагэбістаў-лукашыстаў”.

30 сьнежня 2005 г.

(Волюсь, Гомель:) “Утварэньне ўладай Саюзу пісьменьнікаў Беларусі, папраўкі ў Крымінальным кодэксе, абмежаваньне для незалежнай прэсы – гэта ўсё закручваньне гаек перад прэзыдэнцкімі выбарамі. Таму адзін выхад: выступаць з заявай супраць гэтых уціскаў. І ў першую чаргу тут павінен гучаць голас Рады дэмакратычных сілаў і другіх арганізацый. Застаецца адно: ігнараваць лукашэнкаўскія ініцыятывы. Няхай запаляцца тысячы новых сьвечак у падтрымку дэмакратыі! Скажам “Не!” Лукашэнкаўскаму бальшавізму!”

(Спадар:) “Днямі, выступаючы перад расейскімі журналістамі, Аляксандар Рыгоравіч хваліўся, якіх выдатных посьпехаў дасягнула Беларусь пад яго разумным кіраўніцтвам. Беларусь была ў заняпадзе, стала краінаю эльдарада. Па словах Лукашэнкі ўсё робіцца так і ня так як у Расеі, а кіраваньне накіравана ўсё на народ. Нацыяналісты ад БНФ рвуцца да ўлады. “Народ мяне просіць папрацаваць яшчэ. І буду працаваць так, як усе апошнія 10 год”.

Выпадковы прэзыдэнт. Ён дадзены нам Госпадам за нашыя грахі”.
XS
SM
MD
LG