Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольга Абрамава: "Я буду галасаваць супраць паправак у Крымінальны кодэкс".


Вольга Караткевіч, Прага Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава адказвае на пытаньні Свабоды аб палітычнай сытуацыі ў Беларусі, аб пэрспэктывах выбарчай кампаніі ў наступным годзе. І гаворыць пра сябе.

(Карэспандэнт: ) "Вольга, традыцыйнае пытаньне ранішняга эфіру: як Вы пачынаеце раніцу?"

(Абрамава: ) "Як правіла, філіжанка кавы, душ. А пасьля - работа"

(Карэспандэнт: ) "Я днямі пыталася ў Аляксандра Казуліна, пытаюся і ў Вас: чаму Вы пайшлі ў палітыку і якія Вашыя далейшыя палітычныя амбіцыі?"

(Абрамава: ) "Праўду кажучы, амбіцыяў не было ад пачатку. Гэта рэдкі выпадак. А ўвогуле для жанчынаў, відаць, не такі і рэдкі, бо жанчыны дастаткова часта прыходзяць у палітыку не з палітычных прычынаў, а з прычыны праблемаў, якія іх глыбока хвалююць, зь якімі яны сутыкаюцца ў сацыяльным жыцьці. Такім чынам яны спрабуюць вырашыць гэтыя праблемы асобна, а не знаходзячы гэтага рашэньня, яны прыходзяць у палітыку. Для мяне гэта былі пытаньні адукацыі на пачатку 90-х гадоў. Вось такая была сытуацыя. Гэта клясычны жаночы шлях".

(Карэспандэнт: ) "Мы запісалі апытаньне: што людзі ведаюць аб працы Палаты прадстаўнікоў... Апытаньне правёў Міхал Стэльмак"

(Карэспандэнт: ) “Што вы ведаеце пра Палату прадстаўнікоў?”

(Спадарыня Валянціна: ) “Нічога ня ведаю. Таму што гэтая палата сама законы не прымае і не чытае іх”.

(Спадар Аркадзь: ) “Палата прадстаўнікоў– гэта наш Нацыянальны сход”.

(Карэспандэнт: ) “Ці ведаеце вы свайго дэпутата Палаты прадстаўнікоў?”

(Спадар Аркадзь: ) “Добры чалавек, але прозьвішча не памятаю”.

(Спадарыня Тацьцяна: ) “А Бог іх ведае”.

(Спадарыня Алена: ) “Не ведаю”.

(Спадарыня Ларыса: ) “Ведаю Дамашкевіча, Дражына, Лукашэнку, Кузняцова і ўсё. Ня ўсіх ведаю”.

(Спадар Антон: ) “Дэпутата ні разу не бачыў”.

(Спадарыня Вера: ) “Неяк аб’ява вісела. Але не прыходзіў, не знаёміўся”.

(Спадарыня Валянціна: ) “А што толку яго ведаць? Мне трэба было да яго зьвярнуцца, я зьвярнулася дык ён ніводнага закону не ведае. Я больш ведаю, чым ён”.

(Карэспандэнт: ) “Ці цікавіць вас дзейнасьць Палаты прадстаўнікоў?”.

(Спадарыня Людміла: ) “Вельмі цікавіць. Прачытала, што толькі адзін прагаласаваў супраць гэтага зьневажальнага ўказу”.

(Спадар Вячаслаў: ) “Гэта ўсе перабежчыкі. Яны маўчаць як вады ў рот набралі. Вось зараз дапаўненьні прымаюць Кодэкса і, як скажуць, так яны аднадушна і прагаласуюць”.

(Карэспандэнт: ) “Чым павінны займацца дэпутаты Палаты прадстаўнікоў?”

(Спадарыня Галіна: ) “Клапаціцца пра наша жыцьцё-быцьцё”.

(Спадарыня Натальля: ) “Дэпутаты павінны народ абараняць, даведвацца ад людзей пытаньні і адказваць на іх”.

(Спадар Вячаслаў: ) “Дамагацца свабоды слова”.

(Спадар Уладзімір: ) “Служыць народу. На сёньня яны служаць вярхоўнаму галоўнакамандуючаму”.

(Спадар Іван: ) “Трэба іх распусьціць і выбраць нармалёвых дэпутатаў. Так як калі быў Вярхоўны Савет, калі выбіраліся яны народам, а не па сьпісах райвыканкамаў альбо Адміністрацыі прэзыдэнта”.

(Караткевіч: ) "Спадарыня Вольга, пракамэнтуйце, калі ласка гэтыя выказваньні".

(Абрамава: ) "Ведаеце, сытуацыя абсалютна адэкватная. У бальшыні выпадкаў я ня буду абвяргаць тое, што сказалі людзі, бо такое ў іх уяўленьне аб парлямэнце. І ўвогуле гэта агульная праблема. Гэта бяда грамадзтва. Гэта зьвязана і з паўнамоцтвамі парлямэнту, і з клясычным стаўленьнем ва ўсіх краінах да парлямэнту, у адрозьненьне ад выканаўчай улады. Вось жанчына называла кіраўнікоў выканаўчай улады ў якасьці дэпутатаў. А дэпутатаў ведаюць у тым выпадку, калі вы трапляеце ў тыя акругі, дзе дэпутаты абраныя не па адным разе. І дастаткова доўга працуюць. Вось там ёсьць шанец дастаткова часта сутыкнуцца, калі дэпутатаў ведаюць. Калі, натуральна, дэпутат часта арганізоўвае прыёмы, калі ён працуе ў акрузе, калі ён праводзіць сустрэчы ня толькі ў пэрыяд выбарчай кампаніі. Ведаеце, гэта не такая кепская сытуацыя, калі дэпутатаў ня ведаюць у твар. Дэпутатаў ведаюць у твар у крызісных сытуацыях у грамадзтве. Тады да парлямэнту прыцягнутая ўвага грамадзтва. І гэта ня толькі ў нашай краіне, Гэта паўсюль так. Як толькі ўсё больш-менш супакойваецца, няма пераломных момантаў, няма палітычных крызісаў, пра дэпутатаў грамадзтва забывае і ўзгадвае толькі тады, калі трэба скарыстацца дапамогай дэпутатаў. Апрача гэтага, гэтаму не спрыяе інфармацыйная сытуацыя ў краіне. Увогуле, і дзяржаўныя СМІ па пэўных прычынах, і недзяржаўныя вельмі мала надаюць увагі дзейнасьці парлямэнту. За выключэньнем пэўных сытуацыяў, якія могуць мець нейкі сэнсацыйны характар. Гэта нармальна. Ненармальна толькі тое, што ў парлямэнту занадта мала паўнамоцтваў, але гэтая сытуацыя канстытуцыйная. І яе ў значнай меры стваралі ня людзі з заканадаўчай улады, яе стваралі сумесна выканаўчая ўлада і самі грамадзяне. Калі да мяне сёньня прыходзяць людзі і гавораць: патрабуйце гэтага, прымусьце іх зрабіць гэта, маючы на ўвазе выканаўчую ўладу, я кажу: не, дарагія мае, хачу вам нагадаць рэфэрэндум 1996 году. Вы як у бальшыні сваёй прагаласавалі? Узгадайце свой выбар. А яны: а я ня помню, як галасавалі. Я ў адказ: затое я вельмі добра помню. Я тады сваім выбарнікам шырока тлумачыла, што адзінае, што я адстойваю, не свой уласны лёс, а менавіта тыя паўнамоцтвы, якія ёсьць у парлямэнта, кантрольныя функцыі і права бараніць інтарэсы грамадзянаў перад выканаўчай уладай, права патрабаваць, а зараз, прабачце, я магу толькі прасіць. Што тычыцца законаў, магчымасьці тут ёсьць, але яны вельмі абмежаваныя ў параўнаньні з тымі часамі, калі мы былі дэпутатамі Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня".

(Карэспандэнт: ) "Вольга, прааналізуйце сытуацыю з папраўкамі ў Крымінальны кодэкс "Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь".

(Абрамава: ) "Сёньня будзе прымацца закон у другім чытаньні, бо ён быў абвешчаны тэрміновым. Я стаўлюся да гэтага закону адмоўна. На жаль, у першы дзень я ня ўдзельнічала ў абмеркаваньні, не была ў залі. Я была на "Менскім форуме", які традыцыйна праводзіцца ў гэты дзень з прадстаўнікамі нямецкага боку. Я была ў свой час заснавальніцай "Менскага форуму" і мне прыйшлося двойчы выступаць на гэтым форуме. Сёньня я буду выступаць, галасаваць я буду супраць. Я прапанавала папраўкі. Я заўсёды актыўна выступаю. І перадусім па палітычных законах. Усе сытуацыі, якія пагаршаюць становішча ў палітычнай сфэры, грамадзянскай сфэры, я ня проста пасіўна галасую супраць, я абгрунтоўваю сваю пазыцыю, чаму я супраць. Сутнасьць маіх паправак у наступным: усе палітычныя пагаршэньні я прапаную з закона прыбраць, за выключэньнем адной пазыцыі, якую я не кваліфікую такім чынам. Гэта там, дзе гаворка йдзе аб дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь. Гэта сапраўды мае месца. Я сама часта была сьведкай розных сытуацыяў, калі грамадзяне Беларусі, якія маюць той ці іншы палітычны статус, на мой погляд, сьвядома скажалі сытуацыю ў краіне. Дакладней, ацэнку сытуацыі ў краіне. Таму я прапаноўваю замяніць меру пакараньня, якая ў гэтым артыкуле вельмі жорсткая, на штрафныя санкцыі. У выглядзе грашовага штрафу. Астатняе, паўтараю, я прапаную з закона выключыць".

(Карэспандэнт:) "У наступным годзе ў Беларусі прэзыдэнцкія выбары. На Вашую думку, хто мае шанцы? За каго галасавлі б Вы?"

(Абрамава: ) "Калі б у выбарах ня ўдзельнічаў Аляксандар Лукашэнка, тады б можна было абмяркоўваць гэтую сытуацыю рэальна. Цяпер, паколькі мы рэальна ведаем, што ён удзельнічае ў выбарах, усе шанцы на ягоным баку. Ну а прагаласавала б я за кандыдата з сынтэтычнымі якасьцямі. Калі б такі быў у прыродзе. Калі б можна - ведаеце, як тая мэтафара: вусны ад аднаго, нос ад другога, - быў бы ідэальны варыянт. Я не сумняюся, што ўсе кандыдаты будуць дастойныя. У кожнага ёсьць свае вартасьці, але для мяне б ідэальна падышоў кандыдат з палітычнай воляй, інтуіцыяй, уплывам на настроі, з біяэнэргетыкай Аляксандра Лукашэнкі і з эканамічнымі поглядамі Станіслава Багданкевіча".

(Карэспандэнт: ) "Як Вы ацэньваеце выказваньні Лукашэнкі пра Вас як пра дэпутата канструктыўнай апазыцыі?"

(Абрамава: ) "Дзякуй, калі такое выказваньне ёсьць. Але я на сво1 адрас за 14 гадоў упалітыцы чула так шмат выказваньняў. з такіх розных бакоў, што можна ўжо і калекцыю складаць".

(Карэспандэнт: ) "Вы вельмі часта ўдзельнічаеце ў нашых перадачах у якасьці камэнтатара. Думаю, нашым слухачам цікава даведацца пра Вашыя непалітычныя захапленьні".

(Абрамава: ) "Усе захапленьні традыцыйныя. Я люблю чытаць. Відаць, гэта галоўнае. Прычым з раньняга дзяцінства. У мамы была такая фраза: калі мне даць кніжку пра пасадку бульбы квадратна-гнездавым спосабам, то я і яе прачытаю. Абавязкова. Я чытаю шмат. Не магу сказаць, што сыстэмна, бо адначасова гэта можа быць 4-5 выданьняў самага рознага віду. Таксама прагулянкі, плаваньне. Заняткі спортам ня носяць сыстэмнага характару. Я вельмі люблю бываць у лесе. І калі ў мяне ёсьць свабодная хвілінка, а ў адзіноце я праважу 3-4 гадзіны кожны дзень, я гуляю, бяру радыё, слухаю клясычную музыку ці навінныя і аналітычныя перадачы радыё. У тым ліку вашага".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG