Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ведаюць беларусы лідэраў апазыцыі?


Іна Студзінская, Менск Ці ведае народ лідэраў беларускай апазыцыі? Калі ведае, то каму давярае? Як сытуацыю ацэньваюць сацыёлягі?

(Галасы: ) “Ня ведаю”, “таксама ня ведаю”, “не”.

(Карэспандэнтка: ) “Але што-небудзь наагул чулі? Ці ёсьць яна?”

(Галасы: ) “Так. Ёсьць”. “У кожнай дзяржаве ёсьць апазыцыя”. “Ёсьць, але мяне проста гэта не цікавіць. Мне неяк абыякава, хто ў нас ва ўрадзе, хто ў апазыцыі”.

(Спадар: ) “Няма. Прозьвішчы некаторыя ведаю: там Лябедзька, Шушкевіч, Статкевіч”.

(Карэспандэнтка: ) “А сымпатыі хтосьці зь іх у вас выклікае?”

(Спадар: ) “Калісьці выклікаў Шушкевіч, калі ня быў такім мяккім. А цяпер ніхто не выклікае асаблівых сымпатый. Бо толку няма з іх ніякага. Палітык павінен выйграваць увесь час. Калі ён не выйграе, ён не палітык. Што выдатна робіць спадар Лукашэнка. Але я ўсё роўна буду галасаваць супраць яго”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці ведаеце вы прозьвішчы лідэраў беларускай апазыцыі?”

(Хлопец: ) “Дакладна ня памятаю…”

(Карэспандэнтка: ) “А хтосьці зь іх выклікае ў вас сымпатыю ці давер?”

(Хлопец: ) “Амаль усе”.

(Карэспандэнтка: ) “А за каго вы будзеце галасаваць?”

(Хлопец: ) “За апазыцыю”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці ведаеце вы прозьвішчы беларускіх апазыцыянэраў?” (Спадар: ) “Не. Тых, каго можна паважаць – не. На самой справе. Цяпер. Ведаю Лябедзьку, натуральна, Мілінкевіча, лідэра ад апазыцыі. Яшчэ пару чалавек ёсьць, трэба напрагчыся, каб узгадаць”.

(Карэспандэнтка:) “Але асаблівага даверу яны ў вас не выклікаюць?”

(Спадар: ) “Зараз не. Ну, яшчэ Мілінкевіч крышачку імпануе. Астатнія – не”.

(Карэспандэнтка: ) “А адкуль вы нейкія зьвесткі пра Мілінкевіча, пра яго дзеяньні атрымліваеце?”

(Спадар: ) “Ёсьць Інтэрнет, замежны друк”.

(Хлопец: ) “Цяпер, шчыра кажучы, і ня ведаю, хто ў апазыцыі. Раней Пазьняк быў, Багданкевіч. А цяпер наагул нікога ня чуў”.

(Спадар: ) “Я скажу так: “бацьку” не падтрымліваю, але і апазыцыянэраў амаль ня ведаю. Мала рэклямуюць іх. Што яны робяць? Зрэдку па тэлевізары кажуць: засядаюць недзе. Дзе засядаюць, што робяць?.. Заціснуў іх таварыш Лукашэнка”.

(Карэспандэнт: ) “А адкуль вы інфармацыю атрымліваеце?”

(Спадар: ) "Інтэрнет. І крыху тэлебачаньне. Праўда, Беларускае тэлебачаньне стараюся не глядзець”.

(Карэспандэнтка: ) “Ведаеце вы прозьвішчы лідэраў беларускай апазыцыі?”

(Хлопец: ) “Ведаць – ведаю: Мілінкевіч, Лябедзька, Вячорка”.

(Карэспандэнтка: ) “А хтосьці зь іх у вас выклікае сымпатыю?”

(Хлопец: ) “Па праўдзе кажучы, не”.

(Спадар: ) “Што можа выклікаць сымпатыю, калі чалавек – ніхто?”

(Карэспандэнтка: ) “А чаму – ніхто? Проста вы можа ня ведаеце, не валодаеце інфармацыяй?” (Спадар: ) “Я зараз іду купляць “Нашу Ніву”, і ўжо, напэўна не куплю. Прыйдзецца шукаць па гародзе. Вось вам адказ на пытаньне пра “валоданьне інфармацыяй”.

Чаму народ амаль ня ведае лідэраў апазыцыі? Па камэнтар я зьвярнулася да кіраўніка незалежнай сацыялягічнай лябараторыі “Новак” Андрэя Вардамацкага.

(Вардамацкі: ) “Адсутнасьць інфармацыі. Гэта адназначна”.

(Карэспандэнтка: ) “Але моладзь кажа, што доступ да Інтэрнету і замежны друк ёсьць”.

(Вардамацкі: ) у, замежны друк мала хто чытае. Імя Мілінкевіча не ўзгадваецца ў прынцыпе.

(Карэспандэнтка: ) А астатнія дыскрэдытавалі сябе?

(Вардамацкі: ) “Дыскрэдытацыя і веданьне – гэта розныя рэчы. Я ня ведаю, як вы задавалі пытаньне”.

(Карэспандэнтка: ) “Каго зь лідэраў апазыцыі ведае народ. Два чалавекі з дванаццаці назвалі імя Мілінкевіча.

(Вардамацкі: ) “Гэта нармальна. Гэта абсалютна нармальная велічыня ў цяперашняй мэдыйнай сытуацыі. Далей будзе адбывацца рост”.
XS
SM
MD
LG