Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Ніва": Рыгор Барадулін – вялікі чарадзей мовы


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Беластоку выйшаў чарговы нумар тыднёвіка беларусаў Польчшы “Ніва”.

На першай старонцы “Ніва” зьмяшчае матэрыял пра сустрэчу з народным пісьменьнікам Беларусі Рыгорам Барадуліным, што адбылася напярэдадні ў Беластоцкім унівэрсытэце. Аўтарка артыкулу паэтка Міра Лукша цытуе словы дасьледчыцы творчасьці Барадуліна Алы Сакалоўскай, якая сказала ў часе спатканьня, што “Рыгор Барадулін – вялікі чарадзей мовы. Яго мова - гэта цэлы сьвет, новы, непаўторны, яшчэ неспазнаны, ён стварае свае, новыя словы, якія арганічна ўпісваюцца ў мову...”

“Ніва” піша, што ў часе сустрэчы ў Беластоку народны паэт адзначыў, што любая ўвагу да беларускай літаратуры, а калі гэтая ўвага – гэта спроба вылучыць той ці іншы твор на Нобэлеўскую ўзнагароду, як было з кнігай Барадуліна “Ксты”, вельмі важаная ў часе, калі “так зьнішчаецца беларуская мова і культура”.

У артыкуле “Верым у лепшае” сталы аўтар “Нівы” Віктар Сазонаў піша пра тое, што апошнім часам на беларускім тэлебачаньні яшчэ часьцей прамаўляе кіраўнік беларускай дзяржавы, якога, паводле аўтара, трэба ўжо ўнесьці ў кнігу рэкордаў Гінэса “паводле колькасьці тэлеапаказаў”.

“Усе мінулыя выходныя на традыцыйных літаратурных чытаньнях “Бязьмежжа”, якія штогод ладзяцца на Беласточчыне, слухаючы прамовы аб тым, як усталёўвалася савецка-польская мяжа, які праблемы мелі беларусы ў паваенны пэрыяд, калі не маглі патрапіць да саёй стадолы, бо яна ўжо апынулася за мяжой, мяне не пакідала думка, што ў нашай беларускай рэчаіснасьці да гэтай пары нічога не зьмянілася – зусім нядаўна мяне з сябрамі міліцыянты затрымалі каля маёй роднай вёскі, бо я “ня маю права туды прыяжджаць без дазволу” – напісаў ў апошнім нумары “Нівы” Віктар Сазонаў.
XS
SM
MD
LG