Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці трывалы нямецкі бізнэс у Беларусі?


Вячаслаў Кулік, Менск Агляд некаторых публікацыяў у недзяржаўным друку

“Народная воля” сёньня друкуе нататкі журналіста Івана Макаловіча з нагоды менскага форуму “Эўрапейскае суседзтва Германіі і Беларусі”. Аўтар даводзіць, што далейшая прысутнасьць нямецкага бізнэсу ў Беларусі залежыць ад таго, наколькі прэзыдэнцкія выбары ў краіне будуць чэснымi і справядлівымі.

“БДГ. Деловая газета” нагадвае сёньня пра будаўніцтва службовых кватэраў і элітных катэджаў у Драздах. Паводле выданьня, урадавыя мужы, якія зь посьпехам вырашылі свае жыльлёвыя праблемы, нарэшце зьвярнулі ўвагу, што ў Менску вялікі дэфіцыт жыльля. На другасным рынку кошты на кватэры ў сталіцы Беларусі перавышаюць узровень Прагі і Варшавы.

У «Камсамолку» тэлефануюць ахвяры менскіх тралейбусаў. Карэспандэнт газэты сустрэлася зь маці чатырох дзяцей Алай Сінюк. У жніўні яна атрымала апёкі пры ўваходзе у маршрутны тралейбус і патрапіла ў рэанімацыю. Урачы сказалі, што выжыла цудам. Пацярпелая даводзіць, што тады міліцыя адмовілася заводзіць крымінальную справу. Між тым, у жанчыны высокі ціск, баліць сэрца. Яна мае намер судзіцца зь прадпрыемствам “Менсктранс”.

“Віцебскі кур''ер” зьвяртаецца па дапамогу да сваіх чытачоў. У адкрытым лісьце рэдакцыі паведамляецца, што культурна-дзелавы цэнтар адмовіў рэдакцыі ў арэндзе памяшканьня. У гэты ж самы час “Віцебскаблсаюздрук” папярэдзіў пра скасаваньне ранейшай дамовы на распаўсюджваньне газэты. Рэдакцыя зьбірае калектыўную раду сваіх прыхільнікаў.

У сёньняшнім нумары Слуцкай рэгіянальнай газэты “ІнфаКур''ер” апублікаваныя малавядомыя факты пра Васіля Русака –аднаго зь кіраўнікоў збройнага чыну ўвосень 1920 году. Расказвае аўтар Сяргей Іваноў.

(Іваноў: ) “Ён ураджэнец вёскі Ячава Слуцкага павету. Прыняў актыўны ўдзел у паўстаньні, вёў зьезд Случчыны і быў сябрам гэтае Рады. Пазьней, пасьля ўдушэньня паўстаньня, жыў два гады ў Заходняй Беларусі, а пасьля эмігрыраваў у Чэхаславакію. У 1945 годзе быў арыштаваны савецкімі ваеннымі ўладамі і яму быў вынесены прысуд: 10 гадоў пазбаўленьня волі. Памёр у турме. А калі і дзе – невядома”.

Паводле Сяргея Іванова, зараз адноўленыя амаль 50 партрэтаў удзельнікаў Слуцкага збройнага чыну. Пошук зьвестак ня перапыняецца, паведаміў дасьледчык.
XS
SM
MD
LG