Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка можа асабіста вызваляць людзей ад крымінальнай адказнасьці


Уладзімер Глод, Менск "Зловяць – вярну, не зловяць – не вярну". Менавіта так сфармуляваў прынцып дзеяньняў зьменаў у крымінальнае заканадаўства, якія прадугледжваюць вызваленьне ад адказнасьці прэзыдэнтам Беларусі людзей, якія пакаяліся і кампэнсавалі дзяржаве грошы з улікам страчанай выгады, дэпутат Юры Кулакоўскі. Нягледзячы на гэта дэпутаты зацьвердзілі гэтыя папраўкі.

Намесьніца кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальля Пяткевіч адразу нагадала Палаце прадстаўнікоў, што адпаведны прэзыдэнцкі ўказ, хаця ўжо і падпісаны, але да гэтага часу ня можа ўступіць у дзеяньне, паколькі патрэбна прымаць адпаведны закон.

Яна зазначыла, што новы закон будзе ахопліваць толькі злачынствы ў эканамічнай сфэры і выключна і толькі для злачынстваў супраць дзяржаўнай уласнасьці. Гэтая норма стане магчымым, але не абавязковым інстытутам.

Канчатковае рашэньне аб вызваленьні ад адказнасьці будзе прымаць прэзыдэнт краіны.

Спадарыня Пяткевіч таксама казала пра гуманізацыю крымінальнага заканадаўства, пра неабходнасьць больш уважліва ставіцца да лёсу людзей:

(Пяткевіч:) "Пагадзіцеся, што сёньня побач з пакараньнем за ўчыненае ўсё большую ролю адыгрывае хутчэйшае ўзнаўленьне парушаных эканамічных інтарэсаў дзяржавы, а таксама магчымасьць выхаваньня асобы, якая ўчыніла злачынства, праз яго ўдзел у жыцьці грамадзтва, а не ізаляцыі ад яго".

Аднак некаторыя дэпутаты занепакоіліся – прынамсі Анатоль Паўловіч:

(Паўловіч:) "Мне здаецца, што з прыняцьцем гэтага закону мы парушаем прынцып – "перад законам усе роўныя". Мне падаецца, мы не ўлічваем маральны аспэкт. У гэтым пляне будзе заўжды перамагаць тоўсты кашалёк. Таму што тыя людзі, якія маюць магчымасьці кампэнсаваць страты, будуць карыстацца гэтым правам у поўнай меры".

Вядомы юрыст Гары Паганяйла лічыць, што законапраект незаконна пашырае паўнамоцтвы прэзыдэнта Беларусі:

(Паганяйла:) "Тут прынцыпова важна не "злавіў – вярнуў" альбо " не злавіў – не вярнуў", а тое, што прэзыдэнт перавышае свае паўнамоцтвы паводле Канстытуцыі і закону аб прэзыдэнце. Ён умешваецца ў галіну, якой не павінна займацца выканаўчая ўлада наагул.

Прэрагатыва прызнаньня вінаватым ці не належыць выключна суду. Таму, калі нехта зрабіў крымінальнае злачынства, дык органы, якія вядуць дасьледаваньне павінны сабраць доказы вінаватасьці і перадаць справу ў суд. А суд павінен вырашыць усе праблемы, у тым ліку суд можа і вызваліць ад крымінальнай адказнасьці.

Закон павінны дзейнічаць адносна ўсіх і аднолькава".
XS
SM
MD
LG